Міншчына спартыўная — на Бярэзіншчыне

У суботу на гарадскім стадыёне сабралася шмат веласіпедыстаў самых розных узростаў. Яны вырашылі прыняць удзел у апошнім у гэтым годзе велапрабегу, наладжаным падчас тыдня здароўя ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Вабіла добраахвотнікаў магчымасць не толькі такім чыным далучыцца да здаровага ладу жыцця, але і пракаціцца з ветрыкам у восеньскі дзень па вуліцах горада.

Так, каторы раз браў удзел кіраўнік пачатковай школы №1 Мікалай Дубовік. Ён лічыць правільным на ўласным прыкладзе далучаць дзяцей і калег да актыўнага і здаровага ладу жыцця. Не пазычаць энергіі і пазітыву і выкладчыцы англійскай мовы Алене Хахол. Ды не толькі работнікі адукацыі і школьнікі прагнулі ў гэты дзень новых спартыўных поспехаў і станоўчых эмоцый.
— У гэтым годзе я не першы раз прымаю ўдзел у велапрабегу, — зазначае прадстаўнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. – Вясной без цяжкасцей справілася з дыстанцыяй звыш 30 кіламетраў. Таму чарговы велапрабег для мяне — як прыемная прагулка па горадзе.


І вось старт. На трасе выстраілася калона веласіпедыстаў. І хоць тут не патрабавалася намаганняў змагацца за высокія вынікі, прысутнічаў дух спартыўнай барацьбы. Роўнае палатно гарадской асфальтаванай дарогі чаргавалася з пад’ёмамі і спускамі. Будынкі змяняліся прыгожым восеньскім лесам, прасторнымі палямі.


Усе ўдзельнікі, незалежна ад узросту і падрыхтоўкі, паспяхова фінішавалі, і фініш іх суправаджаўся пазітыўным настроем.
— Прагучала шмат пажаданняў дапоўніць і разнастаіць маршрут, – выказалася ад імя ўсіх арганізатараў велапрабегу начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Цітова. — І мы абяцаем улічыць іх у ходзе падрыхтоўкі да будучых мерапрыемстваў.
А пакуль кожны ўдзельнік заезда зарадзіўся запасам энергіі і бадзёрасці, каб справіцца з восеньскай хандрой і не страціць жаданне вясной ізноў сесці на веласіпед.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Паўла САЛАЎЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *