Культработнікі Бярэзіншчыны — уладальнікі прэстыжнага дыплому абласнога фестывалю “Напеў зямлі маёй»

26 кастрычніка Мар’іна Горка вітала ўдзельнікаў і гасцей ХVІ абласнога фестывалю народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”. Гэта мерапрыемства – адно з самых адметных культурных старонак Міншчыны. Фестываль аднолькава папулярны і цікавы ў прафесійным плане як для кіраўнікоў творчых калектываў, так і для артыстаў-аматараў. Асноўная ідэя гэтага культурнага фэсту – раскрыць багацце і разнастайнасць аматарскай творчасці ў самабытнай рэгіянальнай афарбоўцы.

Традыцыйна ў конкурснай праграме бралі ўдзел аматарскія калектывы з усіх рэгіёнаў Міншчыны. Кожны з іх атрымаў магчымасць прадэманстраваць талент і прафесіяналізм, атрымаць высокую адзнаку журы, якое ўзначальвае мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. Цітовіча, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускага саюза музычных дзеячаў, прафесар Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі. А пераможцы конкурсу вярталіся дамоў з каштоўнымі падарункамі – мікрааўтобусам, камплектамі гукавога абсталявання, партатыўнымі камп’ютарамі, вакальнымі радыё- і аўтаномнымі акустычнымі сістэмамі.

Патрабаванні да канкурсантаў сур’ёзныя, таму ўсе нумары былі разнастайнымі і цікавымі. А аб’ядноўвала іх галоўная тэма – “Мая зямля – маё каханне!”. Арганічна ёй адпавядалі нумары, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Нікога не пакінула ў зале абыякавым тэатральна-харэаграфічная пастаноўка “Чаму няма раю на зямлі?” у выкананні ўзорнага тэатра танца “Пестрый мир” пад кіраўніцтвам Алены Міхайлаўны Бабашавай і пастаноўцы рэжысёра народнага тэатра раённага цэнтра культуры Мікалая Мікалаевіча Пытляка. У выніку такога творчага тандэма калектыў атрымаў дыплом лаўрэата першай ступені і сертыфікат на камплект гукавога абсталявання.

Хочацца зазначыць, што прэстыжны дыплом — не адзіная ўзнагарода культработнікаў. Яны не раз называліся лепшымі сярод калег па цэху. А цяпер іх прафесіяналізм і крэатыўны падыход красамоўней любых слоў пацвердзіў і ”Напеў зямлі маёй”, што, безумоўна, натхніць Алену Міхайлаўну Бабашаву і Мікалая Мікалаевіча Пытляка на новыя творчыя адкрыцці. Віншуем!

Мілана ТРАПЯНОК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *