Бярэзінскія вартавыя правапарадку адзначылі прафесійнае свята

29 кастрычніка супрацоўнікі Бярэзінскага Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь адзначылі прафесійнае свята. Вось ужо 67 гадоў вартавыя правапарадку нясуць адказнасць за маёмасную бяспеку нашых грамадзян і арганізацый, кожны дзень дапамагаюць міліцыі ў забеспячэнні спакою, затрыманні па гарачых слядах злачынцаў і выяўленні хуліганаў, выпівак, дробных злодзеяў і іншых парушальнікаў закона.

За час існавання Дэпартамент аховы зарэкамендаваў сябе як надзейная служба. Вось і сёлета, у Беразіно на падведамасных аб’ектах не адбылося ніводнага крадзяжу. І сапраўды, хто палезе на тэрыторыю, дзе ўсталявана сігналізацыя, ведаючы, што праз лічаныя хвіліны па трывозе прыедзе ўзброены патруль.
— Сёння маёмасць нам давяраюць болей за 300 грамадзян і арганізацый, — зазначае начальнік аддзялення, капітан міліцыі Сяргей Валер’евіч Вальчэўскі. — Апрача гэтага, нашы супрацоўнікі за 9 месяцаў дапамаглі выкрыць 6 крымінальных злачынстваў і 360 адміністрацыйных правапарушэнняў.
Сведчаннем запатрабаванасці прафесіі стала амаладжэнне калектыву. А прыклад новым кадрам паказваюць вопытныя супрацоўнікі. У іх ліку прапарчыкі міліцыі Аляксандр Ермачонак, Цімафей Сахончык, Ігар Шобахаў, міліцыянер-кінолаг Анатоль Жораў. А камандзір аддзялення групы затрымання Міхаіл Кардымон з’яўляецца ўзорам, як патрэбна трымаць сябе ў выдатнай спартыўнай форме.
Сярод грамадзянскага персаналу адзначаюць галоўнага бухгалтара Таццяну Шэх. Звяртае ўвагу на сябе малады спецыяліст, галоўны інжынер Нгуен Фу Хуанг, які прыйшоў на адпрацоўку пасля заканчэння БГУІР. Ён адказвае за ўсталяванне сістэм сігналізацыі, работу пульта, сочыць за тэхнічным абсталяваннем.
— У нас кожны супрацоўнік на сваім месцы і даражыць сваёй службай і мундзірам, — гаворыць Сяргей Валер’евіч. — Мы імкнёмся сумленна выконваць свой абавязак. І спакой людзей, і іх маёмасная бяспека для нас галоўны падарунак на прафесійнае свята.

Павел САЛАЎЁЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *