На Бярэзіншчыне ўшанавалі ветэранаў органаў унутраных спраў

У Беларусі 10 лістапада адзначаецца Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Яно стала добрай традыцыяй для Бярэзінскага аддзела ўнутраных спраў.

— Як вядома, раней 10 лістапада святкаваўся Дзень савецкай міліцыі, — удакладняе выконваючы абавязкі намесніка начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Сяргей Валер’евіч Шкуратаў, — але згодна з загадам міністра ўнутраных спраў нашай рэспублікі гэты дзень па-ранейшаму застаецца святочным для людзей у міліцэйскай форме. Ён — лепшая нагода ўзгадаць тых, хто стаяў ля вытокаў слаўных традыцый аховы спакою і правапарадку.
У ліку тых, хто дагэтуль лічыць лістападаўскі дзень сваім прафесійным святам, былы начальнік міліцыі, падпалкоўнік Леанід Мікалаевіч Шаўлякоў. Ён родам з Чэрвеньскага раёна, адтуль юнаком адправіўся на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Міліцэйскую службу пачынаў ахоўнікам мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, затым быў участковым інспектарам. Ужо тады малады вартавы правапарадку звярнуў на сябе ўвагу сваёй прынцыповасцю, настойлівасцю, уменнем трымаць слова і рэальна спраўляцца з сітуацыяй. Напэўна, за гэтыя якасці ўжо праз адзінаццаць гадоў службы яму аказваецца давер узначаліць раённы аддзел унутраных спраў у Беразіно.
Гады кіраўніцтва Леаніда Мікалаевіча былі няпростымі для краіны і калектыву раённых вартавых правапарадку. Актывізаваліся наркаманія, карупцыя, з’явіліся новыя віды злачынстваў. Аднак парадак і забеспячэнне спакою грамадзян былі пад надзейным кантролем, а прозвішчы бярэзінскіх работнікаў не раз называліся ў ліку лепшых па прафесіі.
Новыя задачы прымусілі Леаніда Мікалаевіча ўшчыльную заняцца кадрамі і зменамі ў рабоце аддзела. Так, з’яўляецца аддзяленне нораваў і незаконнага абароту наркотыкаў, у канцы 1992 года група аховы правапарадку пераўтвараецца ў аддзяленне грамадскай бяспекі і прафілактыкі, уводзяцца афіцэрская пасада інспектара групы кадраў, пашпартна-візавая служба і фінансавая часць. Усе гэтыя службы былі цалкам укамплектаваны работнікамі, большасць з якіх мела вышэйшую, у тым ліку і юрыдычную, адукацыю.
Сёння Леаніду Мікалаевічу 71 год. На яго святочным міліцэйскім мундзіры красуецца мноства ўзнагарод. Ён узнагаро-джаны медалямі “За бездакорную службу” ўсіх трох ступеняў і медалём “80 гадоў беларускай міліцыі”. Але не яны прымушаюць сэрца сапраўднага міліцыянера біцца хутчэй. Куды больш прыемна падпалкоўніку міліцыі бачыць, што закладзеныя традыцыі нясення службы, афіцэрскага абавязку і сёння жывуць у бярэзінскай міліцыі. Дастойным пераемнікам іх стаў палкоўнік міліцыі Сяргей Мікалаевіч Семяняка, які ўзначаліў раённы аддзел унутраных спраў у 2006 годзе. Сёння ён ужо ў адстаўцы, але з міліцыяй канчаткова не развітаўся: рэгулярна наведваецца да сваіх новых калег, кіруе ветэранскай арганізацыяй.
— Калі праслужыў у міліцыі шмат гадоў, — застаешся міліцыянерам назаўсёды, — гаворыць Сяргей Мікалаевіч. — Я і сёння душой хварэю за справу, гатовы актыўна навучаць і дапамагаць маладым.
З нагоды міліцэйскага свята цэлы атрад былых работнікаў атрымае Ганаровыя граматы раённага аддзела ўнутраных спраў. Сярод адзначаных — першы начальнік ізалятара часовага затрымання Васілій Фёдаравіч Чыжык, Іван Антонавіч Аглушэвіч, які аддаў міліцэйскай службе дваццаць чатыры гады жыцця, удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС, былы міліцыянер-вадзіцель Сяргей Віктаравіч Гліннік, на чыіх грудзях красуецца медаль “Воіну–інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”. Асобна хочацца назваць шматдзетную матулю Марыну Леанідаўну Лапіцкую. Яна шмат гадоў адпрацавала інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх і крымінальна-выпраўленчай інспекцыі. Усе гэтыя людзі даўно развіталіся з працай у аддзеле, але беражліва захоўваюць гонар міліцэйскага мундзіра.

Мілана ТРАПЯНОК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *