Дадзены старт выбарам на Бярэзіншчыне, або Першы тузін прагаласаваўшых на Гарэніцкім участку
Лік галасуючых на Гарэніцкім выбарчым участку №20 адкрыў рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў дзяржаўнай установы адукацыі “Гарэніцкі ВПК дзіцячы сад–сярэдняя школа” Уладзімір Міхайлавіч Дзямідчык, які першым укінуў у ўрну для датэрміновага галасавання свой выбарчы бюлетэнь раніцай 12 лістапада.
Ён быў не адзіным чалавекам, які ў гэты дзень вызначыўся са сваім волевыяўленнем. Апошнім, 12-м прагаласаваўшым у аўторак аказаўся начны вартаўнік комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы ААТ “Бярэзінскі” Генадзь Мікалаевіч Лаўцоў, які якраз па дарозе на працу амаль у 19 гадзін і заехаў на выбарчы ўчастак, каб аддаць свой голас.
Як адзначыла старшыня камісіі Ала Сяргееўна Петруковіч, у асноўны дзень выбараў — 17 лістапада, выбаршчыкаў чакаюць насычаная культурная праграма, магчымасць адпачыць за кубачкам гарбаты. А ўпершыню галасуючы Мікалай Абмётка і першы выбаршчык асноўнага дня галасавання будуць адзначаны сувенірамі.
Усяго на ўчастку налічваецца 204 выбаршчыкі з пяці вёсак.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены МУРАЧ.