Работнікі перапрацоўчай галіны адзначаюць прафесійнае свята

“Для таго каб патрабаваць ад работнікаў высокіх паказчыкаў, неабходна стварыць ім дастойныя ўмовы працы” – такі працоўны дэвіз начальніка вытворчага цэха №6 РУП “Мінск Крышталь” Івана Іванавіча Гомана.

І гэта, сапраўды, не проста гучныя словы. На самой справе тут робіцца ўсё, каб стварыць людзям дастойныя ўмовы працы. Адрамантаваныя цудоўныя бытавыя памяшканні, у кожнага работніка ёсць свая шафа (асобная для спецадзення ўласнай вопраткі), у кожным падраздзяленні – душавыя кабіны і пакой для прыёму ежы з неабходным абсталяваннем.
— Зараз мы праводзім капітальны рамонт лазні, усё зробім пасучаснаму, прыгожа, утульна, – зазначае І.І. Гоман. — Бо ў пятніцу ў нас, можна сказаць, “банный день”.
Да абеду лазню маюць магчымасць наведаць ветэраны, а пасля заканчэння працоўнай змены – работнікі. Тут для іх — і басейн, і саўна, і сама лазня – усё бясплатна!
На прадпрыемстве працуе 96 чалавек, іх сярэдні ўзрост – 45 гадоў. Многія шчыруюць больш за 20 гадоў. Ды і ў Івана Іванавіча багаты працоўны вопыт. Тут ён кіруе 14 гадоў.


— Я ганаруся, што працую менавіта тут. Наша галоўнае багацце – людзі. Усе – працавітыя, ква-ліфікаваныя, кожны на сваім месцы. Да прафесійнага свята адзначаны Ганаровымі граматамі, падзякамі вадзіцель Анатолій Уладзіміравіч Мароз, слесар-рамонтнік Аляксандр Пятровіч Мельнічонак, аператар пульта ўпраўлення Аляксандр Іванавіч Кавалёнак, вадзіцель Аляксандр Генадзьевіч Грыбко. Усе яны працуюць на прадпрыемстве не адзін дзясятак гадоў. Радуе, што да нас прыхо-дзяць і маладыя кадры, якім свой вопыт, майстэрства перадаюць “старажылы”. З 1998 года шчыруе на заводзе электраманцёрам Аляксандр Іванавіч Шмэрко. Мужчыну ўжо 67 гадоў, але ніяк не скажаш, што ён пенсіянер — бадзёры, актыўны, з велізарным багажом і тэарэтычных, і
практычных ведаў, настаўнік для нашых маладых работнікаў. Больш за 20 гадоў працуе аператарам кацельнай Міхаіл Міхайлавіч Стасевіч. Як кажуць, тэатр пачынаецца з вешалкі, а любая работа… з аддзела кадраў. Ведае дакладна, чым “жыве” кожны работнік, старшы інспектар па кадрах Таццяна Эдуардаўна Кемпф.


Ганарацца і ніколі не забываюць на прадпрыемстве і пра ветэранаў працы — віншуюць з Днём пажылых людзей, юбілеямі, прафесійным святам. Дарэчы, да свята і работнікі, і ветэраны атрымалі матэрыяльныя заахвочванні.
— Дзякуючы старанням кожнага члена калектыву, наш цэх лепшы сярод падобных у вобласці, – дадае Іван Іванавіч. — Усе паказчыкі, усе заданні на гэты год мы амаль ужо выканалі! Да прыкладу, зерня назапасілі на паўтара года наперад. А ёсць сыравіна, значыць — ёсць з чым працаваць!
Сёння тут выпускаюць спіртсырэц, вытворчасць якога дасягае ў дзень больш за 2000 дэкалітраў. Таксама рэалізуюць харчовую вуглекіслату, пасяспіртавую шраціну і барду.
— Мы не стаім на месцы, пастаянна развіваемся, — гаворыць І.І. Гоман. — Да прыкладу, запусцілі біягазавы комплекс, які зараз выпрацоўвае 28 кубоў біягазу ў гадзіну. Гэта дазволіць знізіць выкарыстанне прыроднага газу на 30%, а значыць, і сабекошт прадукцыі.
Іван Іванавіч шмат можа расказваць пра роднае прадпрыемства, пра сваю другую сям’ю – калектыў. Бачна, што ён цэніць, паважае кожнага. А работнікі не ўяўляюць сваё прадпрыемства без такога адказнага, справядлівага, вопытнага кіраўніка.

*Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *