Багдан Бабічаў: “Гадзіннік падару сыну, калі пойдзе служыць у армію!”

У дэмбельскім альбоме малодшага сяржанта Багдана Бабічава з Беразіно на апошняй старонцы размешчаны прыгожы фотаздымак з матуляй Святланай Валянцінаўнай. Зроблены ён у Цэнтральным Доме афіцэраў у час урачыстай цырымоніі ўшанавання лепшых ваеннаслужачых тэрміновай службы, якія дасягнулі лепшых вынікаў у баявой падрыхтоўцы на працягу года.

Тут 60 вайскоўцаў з розных воінскіх часцей Беларусі атрымалі з рук міністра абароны краіны, генерал–лейтэнанта Андрэя Раўкова падзякі і гадзіннікі з гравіроўкай. Слаўная традыцыя адзначаць лепшых ваеннаслужачых вядома даўно, але селёта ўпершыню запрашэнне на мерапрыемства атрымалі з салдатамі і іх матулі.
– Мне вельмі прыемна працягваць добрую традыцыю — ўшанавання лепшых ваеннаслужачых тэрміновай службы разам з іх матулямі, – падкрэсліў у сваім выступленні міністр абаро-ны краіны. – Дзякуючы вашаму прафесіяналізму і адказным адносінам да справы, ніхто не паспрабуе весці дыялог з Беларуссю з пазіцый сілы. За час службы вы сталі высакакласнымі спецыялістамі і надзейнымі абаронцамі Айчыны .
Андрэй Раўкоў выказаў падзяку жанчынам за выхаванне сапраўдных пат-рыётаў, якія дастойна выканалі свой грамадзянскі доўг, і ўручыў ім кветкі і падзячныя лісты.
Сёння ўжо большасць узнагароджаных вайскоўцаў звольнілася ў запас, а матулі і дагэтуль не хаваюць гонару за сваіх сыноў. Наколькі служба ў 31-м ордэна Чырвонай Зоркі навігацыйна-тапаграфічным цэнтры паўплывала на Багдана, расказвае Святлана Валянцінаўна:
— Усе мужчыны ў нашай сям’і служылі ў арміі, а дзядулі прайшлі праз нягоды Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта армейская служба з’яўляецца сапраўднай школай жыцця, фарміравання мужчынскага характару. Безумоўна, я моцна перажывала за сына, не змагла стрымаць слёз, калі ён чытаў тэкст прысягі перад строем, і ганарылася ім. Канчаткова супакоілася я толькі пасля сходу, на якім афіцэры дакладна расказалі аб службе і адказалі на ўсе нашы пытанні. Парадавала мяне, што тут у пашане добразычлівыя адносіны да падначаленых. Ад імя ўсіх матуль я хачу сказаць ім шчырае дзякуй за тое, што яны не шкадавалі для нашых сыноў ні сэрца, ні душы, выхавалі ў іх пачуццё адказнасці.
– Вайсковую службу Багдан пачаў тапагеадэзістам, – расказвае камандзір роты забеспячэння капітан Фёдар Куневіч, –
але потым за добрасумленную службу і лідарскія якасці быў прызначаны камандзірам аддзялення тэхнічнага абслугоўвання аўтамабільнай тэхнікі з прысваеннем воінскага звання малодшы сяржант .
Сам жа Багдан аб вайсковай службе ніколькі не шкадуе. Яна зрабіла яго самастойным, тут ён фізічна і маральна вырас, навучыўся цаніць час і пераадольваць цяжкасці.
— З дзяцінства з захапленнем глядзеў фільмы пра вайну, салдат, слухаў аповеды бацькі, які служыў у Мурманску, – расказвае ён. – Ён для мяне — прыклад ва ўсім. Пасля заканчэння школы скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, паспеў да арміі год адпрацаваць юрыстам на Мінскім аўтамабільным заводзе. За год тэрміновай службы набыў неабходныя для гэтай прафесіі ўпэўненасць, адказнасць і мэтанакіраванасць. Як юрыст і ваеннаслужачы, раю юнакам звярнуць увагу на льготы і сацыяльныя гарантыі, якія прадугледжаны пасля тэрміновай службы — залічэнне па-за конкурсам у ваенныя ВНУ, на дзяржслужбу і службу ў сілавых структурах, першачарговае права на атрыманне месца ў інтэрнаце.
У цывільнае жыццё Багдан уступае з дарагім падарункам – гадзіннікам з гравіроўкай «От министра обороны Республики Беларусь».
— Пакуль насіць буду сам, а затым падару гадзіннік свайму сыну, які пойдзе ў армію. Няхай і ён памножыць нашы слаўныя сямейныя вайсковыя традыцыі, ганарыцца дзедам і бацькам!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Кірыла ФРАНСКЕВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *