Супрацьпажарныя агляды працягнуцца ў Бярэзінскім раёне па 31 снежня

На гэты раз яны пройдуць у рамках месячніка пажарнай бяспекі,
абвешчанага ў раёне з 4 па 31 снежня.

Апрача аглядаў дамоў і кватэр адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей і інвалідаў, шматдзетных сем’яў і сем’яў, дзе падлеткі знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, а таксама асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі і вядуць асацыяльны лад жыцця, выратавальнікі сумесна з прадстаўнікамі ведамасных структур узмоцняць растлумачальную работу з насельніцтвам. Таму чакаецца шырокая панарама сельскіх сходаў і выступленняў у працоўных калектывах раёна аб асновах бяспечнай жыццядзейнасці. Пад кантроль міліцыі будуць узяты асобы, якія стаяць на прафілактычным уліку і выпівакі, арганізавана работа па выяўленні пустуючых дамоў, дзе збіраюцца асацыяльныя асобы, прыняты дадатковыя меры па выяўленні фактаў распіцця спіртных напояў у грамадскіх месцах і на працы. Згодна з распараджэннем Бярэзінскага райвыканкама, дзейнасць месячніка будзе мець адрасны характар і абяцае жорсткае пакаранне парушальнікам пажарнай бяспекі.
Таму самы час домаўладальнікам усур’ёз паставіцца да патрабаванняў выратавальнікаў, каб не дапусціць пажараў, гібелі людзей і шчасліва сустрэць надыходзячы новы год.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *