З нагоды прафесійнага свята Сяргей Казак узнагароджаны Падзякай

Сяргей Казак працуе інспектарам Бярэзінскай раённай энергагазінспекцыі амаль 14 гадоў і за гэты час не расчараваўся ў сваёй прафесіі

Магчыма, нават прафесійнае свята – Дзень энергетыка інспектар Бярэзінскай раённай энергагазінспекцыі Барысаўскага міжраённага аддзялення Сяргей Казак будзе сустракаць на працы. У яго ненармаваны рабочы дзень. Але на такую загружанасць мужчына не скардзіцца, бо любіць сваю справу, як кажуць “гарыць” ёй.

— Ведаеце, мне падабаецца мая работа, — зазначае Сяргей Леанідавіч. – Лічу, што я на сваім месцы.
…Сяргей мясцовы – з Беразіно. Скончыў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці інжынер-энергетык. І прыехаў працаваць на Бярэзіншчыну: спачатку некалькі гадоў шчыраваў інжынерам-энергетыкам у Бярэзінскім райаграсэрвісе, а затым перайшоў у Бярэзінскую раённую інспекцыю “Энерганагляд”.
— Шчыра прызнаюся, было спачатку вельмі складана, — зазначае С. Казак. – Шмат работы – велізарная адказнасць. Тады начальнікам “Энерганагляду” быў прафесіянал сваёй справы Уладзімір Сушыцкі. Вялікі дзякуй яму за дапамогу, парады!
Сёння калектыў Бярэзінскай РЭГІ невялікі – усяго 5 чалавек. Начальнік – Генадзь Кузняцоў, інспектар Віктар Дземяшкевіч, цеплатэхнік Яўгеній Папруга і вадзіцель Уладзімір Суша. Усе вопытныя, адказныя, як кажуць, людзі на сваім месцы. Многія шчыруюць тут ужо шмат гадоў. Таму працуюць зладжана, дружна, як адна сям’я.
— Чым займаемся? Абследуем прадпрыемствы — тэхнічны стан, арганізацыю і эксплуатацыю цепла- і электраўстановак, допуск у эксплуатацыю новых і рэканструяваных аб’ектаў, — гаворыць Сяргей Леанідавіч. — І, вядома ж, абследуем домаўладанні. Усе мы – члены аглядавых камісій. І па некалькі разоў на тыдзень выязджаем у рэйды. Пад нашай пільнай увагай шматдзетныя сем’і, нядобранадзейныя, адзінокія, адзінока пражываючыя людзі, і, бясспрэчна,
тыя, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. У домаўладаннях правяраем тэхнічны стан электраправодак, электраабсталявання. Калі ёсць парушэнні – даём рэкамендацыі, прадпісанні. Праз пэўны час правяраем, ці адрэагавалі. Мы пастаянна працуем з людзьмі: гутарым з імі, расказваем правілы цепла- і электрабяспекі. Таму абавязкова неабходна быць камунікабельным, стрэсаўстойлівым і ветлівым. Без гэтых якасцей ніяк. Радуе, што большасць людзей сустракаюць з добрым настроем, разумеюць, што наша мэта — не пакараць, а растлумачыць, падказаць, якія парушэнні ёсць. Усё для таго, каб захаваць іх жа здароўе і жыццё.
Зразумела, што ў Сяргея Леанідавіча ды і ў яго калег ненармаваны рабочы дзень. Але супрацоўнікі энергагазінспекцыі прывыклі да такога графіка. Рэйды, выступленні ў калектывах, на бацькоўскіх сходах…іншы раз нават дня не хапае, каб усё паспець з запланаванага.
— Галоўная наша задача – дапамагчы людзям, — зазначае С. Казак. – Таму іншы раз прыходзіцца выязджаць у рэйды і ў суботу, і ў нядзелю, і па вечарах. Радуе, што сям’я гэта разумее і падтрымлівае мяне!
Зразумела, што зараз усё хутка развіваецца, з’яўляецца, да прыкладу, новае электраабсталяванне. Таму Сяргей Леанідавіч пастаянна павышае кваліфікацыю, займаецца і самаадукацыяй – чытае спецыялізаваную літаратуру.
— Ведаеце, я шчаслівы чалавек, бо правільна абраў прафесію. Работа прыносіць мне асалоду, — гаворыць Сяргей Леанідавіч. — Віншую калег з прафесійным святам, а ўсіх бярэзінцаў з надыходзячымі Новым годам і Ражством! Жадаю ўсім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, бадзёрасці і цудоўнага настрою!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *