У нядзелю святкавалі сваё прафесійнае свята энергетыкі краіны

Бярэзінскі РЭС – структурнае падраздзяленне філіяла “Барысаўскія электрычныя сеткі”, уваходзіць у склад РУП «Мінскэнерга». Галоўная задача мясцовых энергетыкаў – бесперабойнае і якаснае забеспячэнне насельніцтва электраэнергіяй. «Няхай будзе святло!» — штодзень не раз гавораць работнікі названага прадпрыемства людзям.

Бярэзінскія раённыя электрычныя сеткі — сучаснае прадпрыемства з багатай матэрыяльна-тэхнічнай базай, а ў калектыве – высакакласныя спецыялісты, якія выконваюць тэхнічнае абслугоўванне і капітальны рамонт аб’ектаў – размеркавальных сетак 0,38-10 кВ, ТП, КТП. Электразабеспячэнне спажыўцоў ідзе па лініях электраперадачы ад шасці падстанцый 35 кВ і чатырох падстанцый 110 кВ. На балансе РЭС знаходзяцца звыш 924 кіламетраў ЛЭП-10 кВ, 787 км ЛЭП-0,4 кВ. Прадпрыемства сочыць за работай 469 трансфарматарных падстанцый 10/0,4 кВ.


— Капітальны рамонт электрасетак дазваляе нават у час высокіх нагрузак працаваць бесперабойна, — расказвае галоўны інжынер Бярэзінскага РЭС Уладзімір Несцяровіч. – Каторы год запар мы паспяхова выконваем усе даведзеныя планы, бо рэгулярна мяняем лініі апор, электраправады і займаемся іх разгаліноўваннем да ўводу ў жылыя дамы, не забываемся пра рамонт. А сёлета, згодна з праграмай “Камфортнае жыллё”, праводзім рэканструкцыю сваіх аб’ектаў. Усё гэта павінна палепшыць энергазабеспячэнне насельніцтва і звесці да мінімуму колькасць трывожных выклікаў у дыспетчарскую службу.
У калектыве заняты амаль 80 чалавек, сярод якіх 25 — інжынерна-тэхнічныя работнікі. Чатыры брыгады адказваюць за рамонт і тэхнічнае абслугоўванне электрычных сетак раёна. Ёсць на прадпрыемстве і ўчастак збыту электраэнергіі, дзе своечасова і ў поўнай меры рэалізуецца энергія, згодна з тарыфамі і дагаворамі. Не даюць энергетыкі спакою і злодзеям, якія займаюцца крадзяжом электраэнергіі. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць “вылічыць” такіх асоб нават без візіту ў іх дамы.
Аднак сэрца прадпрыемства — кругласутачная раённая дыспетчарская служба. Сюды кожны дзень паступаюць сігналы з падстанцый, збіраецца інфармацыя аб збоях у рабоце нават з самых аддаленых аб’ектаў і аператыўна адлюстроўваецца на маніторы камп’ютара і мнемасхеме.
— У дзень па сем-восем выклікаў прымае дыспетчар, якія яму неабходна вырашыць мінімум за тры з паловай гадзіны, — расказвае начальнік раённай дыспетчарскай службы Валянцін Бурымскі. — А гэта бывае няпроста і фізічна, і маральна. Таму тут у нас парадак жорсткі і дысцыпліна суровая. Ці здолее «бландзінка» з манікюрам ліквідаваць паломку на падстанцыі? Ніколі! Ды і не дапусцяць яе да такіх работ!
Сёлета ў сувязі з прафесійным святам мужчыну будзе прысуджана пачэснае званне “Ветэран Барысаўскіх электрычных сетак”. За час працы цікавых гісторый пра сваю работу ён ведае шмат. Даводзілася нават аднойчы Новы год святкаваць на месцы ліквідацыі аварыі. А пачынаў сваю працоўную дзейнасць выпускнік Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта ў калгасе “Вяшэўскі”, затым, набраўшыся пэўнага вопыту, прыйшоў звычайным манцёрам у РЭС. Так пачынаюць свой шлях у энергетыцы ўсе дыспетчары.


— У нашай справе не ўсё вызначае толькі дыплом аб вышэйшай адукацыі, — зазначае Валянцін Бурымскі. – Каб хутка ацаніць сітуацыю і прыняць правільнае рашэнне, трэба ведаць нашу службу з самых “азоў”, каб потым прыцягваць да работы рамонтныя брыгады і каардынаваць кожнае іх дзеянне. Нярэдка адказнае рашэнне дыспетчар прымае без узгаднення з кіраўніком. Таму пасля атрымання дыплома дыспетчары яшчэ цэлы год навучаюцца непасрэдна на прадпрыемстве і здаюць экзамены.
Такое стаўленне да працы абумовіла і адносіны да людзей.
— Тэхнічны прагрэс не стаіць на месцы, але, як і раней, работа нашага калектыву была і ёсць небяспечнай, — дадае галоўны інжынер, — таму мы ўдзячны работнікам за разуменне, адказнасць і надзейнасць у справе бесперабойнага забеспячэння людзей і прадпрыемстваў электраэнергіяй. У гэтай справе тон задаюць кантралёры збыту Ала Дайнека і Аксана Ждановіч, начальнік раённай дыспетчарскай службы Валянцін Бурымскі, майстар Уладзімір Санкевіч, электраманцёр Алег Пятліцкі. Усе яны будуць адзначаны з нагоды Дня энергетыка.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *