У Беразіно прайшоў першы “Арт-уікэнд”

Напярэдадні новага года кожны з нас незалежна ад узросту чакае цуда і пэўнага чараўніцтва, якія сваім святлом уздымуць настрой, падораць надзею на лепшае і абудзяць сілы адкрыць у сабе нешта новае ў надыходзячым годзе, каб надаць жыццю новы сэнс і фарбы. Менавіта такім стаў першы “Арт-уікэнд”, наладжаны ў залах Бярэзінскага цэнтра рамёстваў. Тут у мінулую суботу было чаму падзівіцца, што пабачыць і, галоўнае, у перадсвяточнай мітусне набыць унікальны крафтавы падарунак.


Чароўную і загадкавую атмасферу незвычайнаму бярэзінскаму ўікэнду задалі пранікнёныя жывыя гукі саксафона. Яны нібы рыхтавалі наведвальнікаў да сустрэчы з новымі наватарскімі ідэямі мастачкі–керамісткі Разаліны Бусел. На гэты раз яна запрасіла землякоў на чарговую выставу сучаснай керамікі пад назвай “Ізаляцыя”. Дзяўчына параўнаўча нядаўна вярнулася з Польшчы. Там Разаліна, як удзельніца стыпендыяльнай праграмы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча, на шэсць месяцаў акунулася культурнае жыццё суседняй краіны і асаблівага арт-асяроддзя. Вынікам гэтага стаў цікавы творчы праект, які паспяхова быў рэалізаваны пад кіраўніцтвам прафесара Кшыштофа Распондка на кафедры керамікі і шкла Акадэміі выяўленчага мастацтва ва Вроцлаве. Новыя інсталяцыі былі арыгінальна аформлены ў яшчэ недабудаванай і паўмзрочнай выставачнай зале, але гэта акалічнасць арганічна пасавала незвычайным шэдэўрам. Работы размясціліся на будаўнічых матэрыялах, цікавасць выклікалі і сучасныя плакаты на сценах. За выверанымі лініямі, халоднымі фарбамі і пэўнай абыякавасцю хаваўся сапраўдны ўраган эмоцый мастачкі. Яе стыль – архітэктура, мінімалізм і манахромнасць. Яны чапляюць нязведаныя падсвядомыя пачуцці сваімі вугламі і кантрастамі, і тады разумееш, што чалавечае ўспрыманне таксама сканструявана больш простымі і абстрактнымі формамі.

— Мае новыя работы закліканы перамагчы у людзях замкнутасць і закрытасць, падарыць ім радасць уласных адкрыццяў і новага бачання свету, — гаварыла Разаліна прысутным.

Рэпартаж з мерапрыемства чытайце ў пераднавагоднім нумары раёнкі.

Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *