Белтэлерадыёкампанія аб’явіла аб старце нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне-2020»

Прадзюсарская група Белтэлерадыёкампаніі адкрыла прыём заявак на ўдзел у нацыянальным адборачным туры конкурсу песні «Еўрабачанне-2020».

«Падаць заяўкі можна ў электронным выглядзе да 17 студзеня на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by. Пасля гэтага фокус-група медыяхолдынга правядзе перадкастынг музычных кампазіцый і сфарміруе спіс удзельнікаў жывога праслухоўвання. Пералік канкурсантаў, дапушчаных да праслухоўвання, будзе апублікаваны на сайце кампаніі не пазней за 22 студзеня», — расказалі ў прэс-службе. Праслухоўванне запланавана на 27 студзеня, па яго выніках фокус-група простай большасцю галасоў вызначыць да дванаццаці ўдзельнікаў фіналу. У час праслухоўвання на сайце Белтэлерадыёкампаніі будзе весціся анлайн-трансляцыя.

Фінал пройдзе не пазней за 6 сакавіка 2020 года ў форме шоу у прамым тэлевізійным эфіры на каналах «Беларусь 1» і «Беларусь 24». Пераможца вызначыцца па выніках галасавання прафесійнага журы і гледачоў. Фіналіст, які набраў найбольшую колькасць балаў, будзе аб’яўлены пераможцам нацыянальнага адборачнага тура і на правах афіцыйнага прадстаўніка ад Беларусі пачне падрыхтоўку да ўдзелу ў «Еўрабачанні-2020».

Праект праводзіцца Белтэлерадыёкампаніяй — адзіным у нашай краіне членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза — і Міністэрствам культуры, якое выступае суарганізатарам. Палажэнне аб праекце размешчана на афіцыйным сайце медыяхолдынга.

Юбілейны 65-ы конкурс песні «Еўрабачанне-2020» пройдзе ў маі ў Ратэрдаме (Нідэрланды). Паўфіналы адбудуцца 12 і 14 мая, фінал — 16 мая.

Па інфармацыі БелТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *