Сацработнікі Бярэзіншчыны адзначылі прафесійнае свята

Невытворчай галіной назваў сацыяльную сферу намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Навіцкі падчас урачыстага мерапрыемства, праведзенага ў раённым цэнтры культуры з нагоды Дня сацыяльных работнікаў. Гэты накірунак дзейнасці вызначаецца сваёй маштабнасцю, бо ахоплівае ў раёне, як ні адзін іншы, больш за восем тысяч чалавек – пенсіянераў, састарэлых, інвалідаў, нямоглых. І кожнаму з іх патрэбны ўвага, клопат, душэўная дапамога і неабыякавасць. Менавіта чалавечнасцю і спачуваннем вызначаюцца работнікі сацыяльнай сферы Бярэзіншчыны, якія прыйшлі працаваць сюды па закліку сэрца, а ніяк ні ў пошуках асабістых выгод і вялікіх заробкаў. Адпрацаваная за многія гады сістэма работы з людзьмі пастаянна пашырае свае межы і ўдасканальваецца за кошт новых метадаў і аказваемых паслуг для таго, каб грамадзянам, якія маюць у гэтым патрэбу, жылося лягчэй і больш камфортна. Займацца гэтай высакароднай справай надзвычай адказна і ганарова, — гаварыў у прывітальным слове У. Навіцкі. – Жадаю вам новых поспехаў на гэтым шляху, а таксама моцнага здароўя, добра і вялікага цярпення.

Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Навіцкі разам з сацыяльнымі работнікамі Наталляй Петрусевіч і Святланай Сіняк у час узнагароджвання іх падзячнымі лістамі раённага выканаўчага камітэта

Тое, што дзейнасць супрацоўнікаў сацыяльный абароны насельніцтва знаходзіцца пад пільным кантролем мясцовых органаў улады і гонда ацэньваецца, пацвердзіла і ўшаноўванне асобных работнікаў гэтай сферы. Так, у гэты дзень Уладзімір Навіцкі ўручыў падзячныя лісты раённага выканаўчага камітэта сацыяльным работнікам Бярэзіншчыны – Наталлі Петрусевіч і Святлане Сіняк.

Яшчэ трое чалавек аказаліся ўдастоенымі грамат камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага абласнога выканаўчага камітэта — намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, начальнік сектара занятасці райвыканкама Святлана Сайкоўская, псіхолаг Дзяржаўнай установы “Бярэзінскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Ала Крот і сацыяльны работнік гэтай жа ўстановы Надзея Собаль. Названыя ўзнагароды разам са шчырымі словамі віншаванняў уручыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Калячка.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Калячка ўручае псіхолагу ТЦСАН Але Крот грамату камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Не з пустымі рукамі прыйшла на свята і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Жолудзева. Яна не толькі ўручыла граматы сваім калегам як кіраўнік названай установы, але і як старшыня раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Белая Русь” адзначыла найбольш актыўных яго членаў.

Шмат прагучала ў той вечар слоў віншаванняў з прафесійным святам ад старэйшых сяброў па працы, як у плане ўжо назапашанага стажу, так і займаемай пасады. Завітаў сюды нават і сам Дзед Мароз з падарункамі і шчырымі пажаданнямі шчасця ў новым годзе. Добры настрой прысутных падтрымліваў спевамі сямейны вакальны ансамбль Палянскіх. Ды і самі сацработнікі аказаліся добрымі вакалістамі, што паказала спачатку выступленне створанай імі групы і Тамары Дземяшкевіч, а потым і караоке-спевы любімых песень.

У ліку адзначаных граматай аказалася і інспектар аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Таццяна Шкель. Па адукацыі яна бухгалтар. Але работа з людзьмі ёй больш прыйшлася даспадобы, чым голыя лічбы ўліку і балансу. Так неўпрыкмет праляцела 16 гадоў, і за гэты час жанчына ні аднаго разу не пашкадавала аб перамене профілю свайго занятку.

Інспектар аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Таццяна Шкель.

— Так, — згаджаецца яна, — з пыжылымі людзьмі працаваць вельмі складана. Яны патрабуюць да сябе павышанай увагі. Але ж галоўнае, калі ты бачыш, што ад прыкладзеных намаганняў чалавеку становіцца лепш, радасней, утульней. І такіх людзей на абслугоўванні падначаленых мне 26 сацыяльных работнікаў аж 194!

Тое, што Таццяна Шкель прафесійна знайшла сябе, сведчаць і словы яе калег. І яшчэ адна акалічнасць лёсу гэтай жанчыны: яна нарадзілася 4 студзеня – якраз напярэдадні прафесійнага свята.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *