У Бярэзінскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сустрэлі Новы год

«У дзень апошні снежня». Пад такой назвай у Бярэзінскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пад гучныя апладысменты прысутных прайшло святочнае пераднавагодняе мерапрыемства.

Ні для каго не сакрэт, што абсалютна ўся дзятва напярэдадні Новага года чакае не толькі салодкіх пачастункаў ад Дзеда Мароза і Снягуркі, а і навагодніх цудаў, здзейснення запаветных мар і жаданняў.

Вось такія цуды арганізавалі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання Цэнтра яго работнікі.

У зале Цэнтра, ля ўпрыгожанай ялінкі нечакана з’яўляюцца ўсім вядомыя персанажы любімых мультфільмаў – Шапакляк, кот Леапольд, мышкі-гарэзы. Менавіта яны спачатку стваралі святочную атмасферу ў сценах гэтай установы, дабавілі ўтульнасці і радасці, і нават чароўнасці. Да каго яшчэ ў госці напярэдадні Новага года завіталі такія незвычайныя госці?!

На працягу некалькіх гадзін тут спявалі песні, вадзілі карагоды, разгадвалі віктарыны, чыталі вершы Дзеду Марозу і атрымлівалі заслужаныя прызы.

Вяла мерапрыемства спецыяліст па сацыяльнай рабоце Юлія Чысцякова, а ролі мультыплікацыйных персанажаў выдатна выканалі Аляксандр Мядоўнікаў (кот Леапольд), Аксана Ермачонак (Шапакляк), Ірына Фідарэнчык і Вераніка Заблоцкая (мышкі).

Галоўныя ролі святочнага мерапрыемства былі даручаны Юрыю Харытонаву (ён быў Дзедам Марозам) і Яўгеніі Няхай, з якой атрымалася цудоўная Снягурка з гучным голасам і выдатнай дыкцыяй.

А пасля асноўнага прадстаўлення ўсіх парадаваў дастойны працяг навагодняй казкі — да рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” далучыўся індывідуальны прадпрымальнік Аляксей Шніткоў са сваёй камандай і святочнай праграмай. Разам з ім, Дзедам Марозам і Снягуркай у Цэнтр завітала і гарэзлівая Баба-Яга.

Аказваецца, усе наведвальнікі дзённага аддзялення Бярэзінскага ТЦСАН , якія пажадалі атрымаць падарунак ад Дзеда Мароза, напярэдадні напісалі яму лісты-просьбы, лісты пра свае мары… І былі ўражаныя тым, што кожная просьба была пачута і кожны атрымаў тое, што пажадаў, аб чым марыў. Акрамя салодкіх ласункаў, наведвальнікі Цэнтра атрымалі флэшкі, навушнікі і нават музычных светладыёдных робатаў.

Сапраўды, Новы год – час цудаў і здзейснення жаданняў, час шчырай ўдзячнасці і бязмежнай дабрыні, якая, без сумненняў, ёсць у кожнага, і нават павялічваецца, калі ёй падзяліцца з тымі, хто мае патрэбу ў цеплыні і пяшчоце.

Закончыўся стары год, а новы падхапіў традыцыйную эстафету добрых спраў. Яны працягваюцца.

Алена ГРОМАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *