Дэлегацыя Бярэзінскага раёна прыняла ўдзел у акцыі «Бацькі-пераможцы, прызёры і іх дзеці»

«Бацькі-пераможцы, прызёры і іх дзеці». Абласная акцыя пад такой назвай прайшла 4 студзеня ў цэнтры экалагічнага турызму “Станькава”, што знаходзіцца на базе агракамбіна “Дзяржынскі” Дзяржынскага раёна

Першым удзельнікаў акцыі вітаў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч. Ён, як і належыць, падзякаваў бацькам за сумленную працу, а дзяцей пахваліў за выдатную вучобу, спартыўныя поспехі і творчыя знаходкі.
— Гэта цудоўна, што мы пачынаем год у такім цесным, сямейным крузе, — такімі словамі адкрываў свята Іван Станіслававіч. — Па традыцыі, мы ўшаноўваем лепшых працаўнікоў, якія за дасягненні ў мінулым годзе былі адзначаны ўзнагародамі. Мы гаворым ім шчырае “дзякуй” за важкі ўклад у дабрабыт краіны і заклікаем дзяцей не проста ганарыцца бацькамі, але і браць з іх прыклад.


Сярод паважаных гасцей акцыі была і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Апраніч. Яна асабліва падкрэсліла глыбокі выхаваўчы і патрыятычны сэнс сямейнай акцыі.
— Акцыя “Бацькі-пераможцы, прызёры і іх дзеці” наладжваецца ў Мінскай вобласці ўпершыню, але я пераканана, што яна абавязкова стане нашай яшчэ адной добрай традыцыяй ушанавання пераможцаў і прызёраў аграпрамысловага комплексу і дзяцей, якія вызначыліся поспехамі ў вучобе і творчасці, спартыўнымі рэкордамі і лідарскімі якасцямі. Так, на навагодняе свята ў “Станькава” атрымалі пачэснае запрашэнне бацькі, якія сталі лепшымі па выніках уборачнай кампаніі 2019 года, на прамысловасці і ў рэалізацыі сацыяльных праектаў.


Шумна віталі ў цэнтры экатурызму не толькі слаўных працаўнікоў і таленавітых дзяцей, але, як належыць у калядныя святы, Дзядоў Марозаў і Снягурак. Яны прыехалі з усіх куточкаў Мінскай вобласці, прыехалі са сваімі Латочнікамі і падарункамі для ўдзельнікаў акцыі. Разам яны падарылі дзецям і дарослым сапраўдную навагоднюю казку і чароўны настрой на цэлы год, запрасіўшы ўсіх у святочны карагод каля зялёнай прыгажуні-ёлкі. Стараліся забаўляць гасцей яны недарэмна, бо змагаліся за званне лепшых казачных персанажаў.
Так, упершыню паспрабаваў сябе ў ролі Латочніка вадзіцель ААТ “Бярэзінскі” Захар Гаджыеў. Такая пачэсная місія выпала невыпадкова, бо па выніках мінулагодняй уборачнай кампаніі стаў першым сярод маладых вадзіцеляў раёна. Захар на сваім магутным МАЗ-6501В5 перавёз 1349 тон збожжа. А дапамагалі яму жонка — Яна Гаджыева і Яўгеній Тарасёнак, якія выступілі ў ролі Снягуркі і Дзеда Мароза. Яны працуюць у ДУА “Брадзецкі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа” і ўжо паспелі павіншаваць з Калядамі вучняў установы.


— Забаўляць дарослых і дзяцей не менш складана, чым шчыраваць у полі ў гарачы час, — з усмешкай выказваўся Захар Гаджыеў. — Тым больш, што ўсе казачныя персанажы стараліся, як маглі, звярнуць на сябе ўвагу і зарадзіць усіх святочным настроем. Думаю і мы здолелі падарыць радасць дзецям.
Але хто ж стаў лепшым Дзедам Марозам і Снягур-кай на свяце ў “Станькава”? Тут, згодна з адкрытым га-ласаваннем удзельнікаў акцыі, лепшымі казачнымі персанажамі аказаліся гаспадары свята — прадстаўнікі Дзяржынскага раёна.
Акрамя таго, усіх гасцей чакала яшчэ маляўнічая і яркая тэатралізаваная пастаноўка. У ходзе яе самы галоўны на свяце Дзед Мароз поўным ходам рыхтаваўся да навагодніх урачыстасцей, але злая Завіруха і каварная Мяцеліца перакрэслілі ўсе яго планы і замарозілі артыстаў і жывёл цырка. Каб выратаваць іх і вярнуць людзям свята, патрабавалася растапіць лёд і ажывіць герояў. А зрабіць гэта магчыма толькі адным спосабам — гуляць, спяваць і танцаваць, што і рабілі весела і жвава ўдзельнікі акцыі. Так яны вярнулі людзям упадабанае свята.


Надоўга запомніцца дзятве і дарослым і цыркавое прадстаўленне. Тут забаўлялі і здзіўлялі віртуозныя гімнасты, загадкавыя фокуснікі і цікавыя дрэсіроўшчыкі. Дарэчы, кожны з прысутных у зале змог стаць актыўным удзельнікам прадстаўлення. Так, член бярэзінскай дэлегацыі, трэнер-выкладчык ДУ “Бярэзінская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву” па футболе Сяргей Булойчык паказаў усім клас у скоках на скакалцы.
Закончылася свята таксама на высокай ноце. Дарослыя і дзеці змаглі сфатаграфавацца з казачнымі персанажамі і атрымаць салодкія падарункі. Дарэчы, радасныя эмоцыі перапаўнялі ўсіх удзельнікаў свята. Яны ўдосталь адпачылі з сям’ёй у экацэнтры “Станькава”. Тут калі кожны атрымаў магчымасць зрабіць фотаздымак альбо крутое сэлфі разнастайных жывёл і птушак, паласавацца прысмакамі і гарачай гарбатай з гандлёвых радоў, набыць унікальны падарунак ручной работы.

Фота Міланы ТРАПЯНОК і Алены МУРАЧ.

Інтэрв’ю з удзельнікамі акцыі чытайце на старонках раённай газеты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *