АСП СП “Арэшкавічы” мінулы сельскагаспадарчы год завяршыла ў лідарах па намалоце збожжа сярод гаспадарак раёна

Праўда, абысці ўсіх арэшкавіцкім хлебаробам не ўдалося.

— Канкурэнцыя прыйшла ў апошнія гады ў нашы рады і прымусіла ўсіх аграрыяў плённа працаваць на вынік, — растлумачыў сітуацыю трактарыст–машыніст гаспадаркі з трыццацігадовым стажам Аляксандр Белы. — Праз яе і я не здолеў у мінулым годзе стаць “тысячнікам”.
Крыху хітрыць адзін з лепшых і вопытных механізатараў філіяла. Тысячу ён, сапраўды, не намалаціў, але сёлетняе жніво завяршыў, як кажуць, з плюсам. Яшчэ ў 2018 годзе Аляксандр атрымаў 474 тоны збожжа, а ў 2019 годзе — ужо 623. Прагрэс відавочны і дае надзею аграрыю.
— Хацелася б мець тысячу! – не супакойваецца Аляксандр, — бо нашы землі не горш за іншыя ды і культура земляробства знаходзіцца на належным узроўні. Радуюць вока багаты машынна-трактарны парк і шыкоўныя майстэрні. Ды і клапоціцца кіраўніцтва гаспадаркі аб сваіх працаўніках.
Так, Аляксандр пераехаў з маладой жонкай з бацькоўскага дома ў службовы, цалкам абставіў пакоі. Але сувязь з бацькамі не згубіў. Праз яе яму ў спадчыну дасталася высокая патрабавальнасць да сябе і адказнасць за важную справу — шчыраваць на роднай зямлі.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *