З 13 студзеня на Міншчыне праходзіць трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах

З 13 па 17 студзеня на Міншчыне праходзіць трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 2019/2020 навучальнага года

Амаль 900 вучняў 8-11 класаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесіянальна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі пазмагаюцца паміж сабой у ведах па 18 вучэбных дысцыплінах.

Ахоплены абласным алімпійскім рухам на гэтым тыдні вядучыя ўстановы адукацыі Барысава, Вілейкі, Дзяржынска, Жодзіна, Маладзечна, Нясвіжа, Слуцка, Салігорска, Узды і Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Селёта арганізатары інтэлектуальных баталій назвычай сур’ёзна падышлі да складу журы. Яно налічвае 180 выкладчыкаў з ліку спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. Максіма Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёлектронікі, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і іншых устаноў вышэйшай адукацыі краіны, а таксама педагогі вядучых навучальных устаноў Мінскай вобласці і сталіцы.

У ліку тых, хто змагаецца за выхад у заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, і прадстаўнічы атрад эрудытаў Бярэзінскага раёна. Ён налічвае 18 вучняў з Бярэзінскай гімназіі, СШ №3, СШ №2 і Любушанскага ВПК дзіцячага садка–сярэдняй школы, якія будуць дэманстраваць свае веды і навыкі па англійскай, нямецкай і рускай мовах, інфарматыцы, фізіцы, матэматыцы, геаграфіі, працоўным навучанні і фізічнай культуры і здароўі.

Застаецца дадаць, што па выніках трэцяга этапу алімпіяды будзе вызначаны склад каманды Мінскай вобласці, якая і адправіцца на заключны этап.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *