Муж і жонка Аляксандр і Соф’я Цюхаі нарадзіліся яшчэ да вайны і вось ужо больш за паўвека жывуць у згодзе і каханні

Сямейны стаж Аляксандра Майсеевіча і Соф’і Фёдараўны Цюхаёў даўно пераваліў за знакавую лічбу ў 50 гадоў. У каханні і згодзе праляцеў гэты час хутка, непрыкметна, як адно імгненне. І толькі сівізна на скронях, ды балячкі, якіх чамусьці з гадамі становіцца ўсё болей, нагадваюць аб перажытым-незабытым. Ды і паспрабуй выкінуць, выкрасліць з памяці цяжкія дзіцячыя гады, якія ў абодвух былі абпаленыя полымем ваеннага ліхалецця, жыццём на акупіраванай фашыстамі зямлі. Але пра ўсё падрабязней.

Бацька Аляксандра Майсеевіча — франтавік. Ён пайшоў у Чырвоную Армію, калі хлопчыку было 4 гады. Акрамя Сашы, на руках маці засталося яшчэ 8 дзяцей. Палова з іх так і не стала дарослымі — памерла ад тыфу.
За гады акупацыі сям’і давялося вытрымаць выпрабаванні і холадам, і голадам. Гэтыя пачуцці і сёння не пазарасталі ў памяці мужчыны. Асабліва востра ўзгадваюцца жахлівыя часы, калі карнікі спалілі суседнюю вёску Баравіно разам з людзьмі, і ўсім жыхарам роднай яму Новай Князеўкі пад страхам смерці, каб не паўтарыць лёс землякоў, давялося перасяліцца ў лес і там доўгі час хавацца ад фашыстаў. Праз які час сяляне вярнуліся ў родныя хаты, але колькі пакут давялося вытрымаць ім за час ляснога жыцця, асабліва старым, нямоглым і маленькім дзецям.
Ды і потым, калі ўжо быў дах над галавой, сітуацыя заставалася не менш напружанай. Узмацняў яе пастаянны голад. Ні сродкаў да існавання, ні прадуктаў не было. А карміць жа дзетак трэба, хоць чым, каб выжылі. Ратавальнікам быў Саша. Ён браў з сабой торбачку і з ёй адпраўляўся па людзях: дзе хто бульбіну дасць, дзе хто – жменьку збожжа ці круп. Дары тыя ніколі не былі шчодрымі, бо і іншыя людзі таксама жылі ў нястачы. Але як бы ні было, а дамоў хлопчык, «накруціўшы» за дзень кіламетраў пятнаццаць, заўсёды вяртаўся не з пустымі рукамі. Праўда, прынесеных харчоў ледзь хапала, і пачуццё недаядання стала пастаянным пачуццём на доўгія гады.
Ваеннае жыццё сям’і Соф’і Фёдараўны аказалася менш гаротным, калі тут да месца будзе такое параўнанне, бо пад фашысцкім ботам нікому не жылося заможна ды шчасліва. Да таго ж, яшчэ напярэдадні 1941 года страцілі яны бацьку-карміцеля, засталіся ўшасцярых – маці і пяцёра дзяцей. Ды той жа тыф забраў траіх з іх.
Калі закончылася навала і наступіла мірнае жыццё, абедзве сям’і ў пошуках лепшай долі пераехалі ў Беразіно і па волі лёсу іх дамы аказаліся непадалёк адзін ад аднаго на вуліцы Набярэжнай. Сашава маці ўладкавалася на адкормачны пункт, бацька (а з вайны ён вярнуўся на мыліцах, з чатырма медалямі) даглядаў коней. Хлопец стаў вучыцца ў школе, якая размяшчалася тады ў будынку графа Патоцкага. Наладжвалася жыццё і ў сям’і Соф’і Фёдараўны.
Канечне, Саша і Соня не маглі не сустрэцца! З цягам часу маладыя адчулі, што не могуць адзін без аднаго, таму неўзабаве пасля таго, як А. Цюхай адслужыў у арміі, яны згулялі вяселле. З таго часу – заўсёды разам: і ў працы, і ў адпачынку, і ў выхаванні дзяцей, і зараз, на заслужанай пенсіі. У абодвух вялікі працоўны і жыццёвы багаж пражытых гадоў. Аляксандр Майсеевіч і Соф’я Фёдараўна выгадавалі чатырох сыноў, зараз радуюць іх сэрцы сямёра праўну- каў – надзейны працяг сямейных трыдыцый, выгартаваных і правераных дзесяцігоддзямі.

Павел САЛАЎЁЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *