Чытач нашай газеты прапануе да 75-годдзя Вялікай Перамогі надаць аднаму з месцаў пахавання герояў вайны новае аблічча

 

Пакаленне ХХІ-га стагоддзя (пры ўсёй маёй павазе і станоўчых адносінах да моладзі) намнога горш ведае гісторыю Вялікай Айчыннай вайны ў параўнанні з маімі аднагодкамі: удзельнікаў тых гераічных падзей засталіся адзінкі. Больш папулярнымі сёння з’яўляюцца баевікі, а не фільмы пра гераізм савецкіх салдат, я ўжо не кажу пра запатрабаванасць мемуарнай і дакументальнай літаратуры аб баявых дзеяннях і мужнасці падпольшчыкаў і партызан, у большасці сваёй жывыя яшчэ састарэлыя бабулі і дзядулі, якія нарадзіліся ў даваенны час і захавалі пра фашысцкую навалу дзіцячыя ўспаміны, мала што могуць расказаць сваім нашчадкам. Аднак хоць няўмольны час і ўносіць свае карэктывы, наша павага і памяць да гераічнай мінуўшчыны сярод жыхароў шматпакутнай рэспублікі не страчваецца. Гэта паказаў і мінулы юбілейны год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і распачатая ўжо сёлета работа па святкаванні 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Я з’явіўся на свет менш як праз дваццаць гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. На той час большасць яе ўдзельнікаў былі маладзейшымі за мяне сённяшняга. Колькі было іх побач з намі – жывых герояў, ад якіх, з першых вуснаў, мы чулі незабыўныя расказы пра магутнасць нашай арміі і дзяржавы, пра патрыятызм савецкіх людзей. Жывым прыкладам гераізму для мяне былі таксама мае бацька і дзед, першы з якіх з пачатку вайны з’яўляўся матросам Балтыйскага флоту, а другі – членам партызанскага атрада “Камуніст”. Наогул, да тых нядаўніх падзей кожны з нас меў адносіны, бо не існавала ніводнай сям’і, якую б не закранула полымя вайны. Нашай любімай забавай была гульня “ў вайну”, мы з задавальненнем наведвалі ўрокі мужнасці, запісвалі ўспаміны ветэранаў, вялі пад кіраўніцтвам настаўнікаў актыўную пошукавую работу, іншы раз выкопвалі патроны або нават зброю, якімі да гэтага часу поўніцца наша зямля.

Асабліва запомніўся з дзяцінства час, калі ў лесе за рэчкай распачыналася будаўніцтва торфабрыкетнага завода. Мы часта бегалі туды з-за цікавасці і ў пошуках прыгод. Пры правядзенні земляных работ пры ўзвядзенні цэхаў і адміністрацыйнага корпуса прадпрыемства будаўнікі не раз знаходзілі чалавечыя рэшткі. І яны, і мы ведалі, што гэта савецкія салдаты, якія загінулі тут у 1941 годзе пры абароне пераправы цераз Бярэзіну. Пад напорам фашыстаў нашы войскі ў той грозны год паступова адыходзілі на Усход, але пры гэтым воіны чапляліся за кожны кавалачак зямлі, выкарыстоўвалі кожную магчымасць, каб стрымаць ворага, стаялі да апошняга. Такім важным участкам фронту быў і рубеж каля нашага горада.

Не магу з дакладнасцю сказаць, колькі астанкаў на месцы тых баёў было знойдзена. Усе загінуўшыя затым былі перапахаваны ў брацкія магілы. На жаль, безыменнымі. І толькі праз шмат гадоў пасля гэтага юным следапытам са сталічнай школы пашанцавала натрапіць на гільзу ад патрона з укладзенай туды запіскай. Многія бярэзінцы ведаюць напісаны ў ёй тэкст адважнага героя-чырвонаармейца Аляксея Валюка, які разам з сябрамі няскораным загінуў у ліпені 1941 года ў няроўным баі з ворагам (матэрыял аб гэтых падзеях у рубрыцы “Бярэзіншчына ў полымі вайны” чытайце ў нашай газеце за 13 лютага 2019 г.).

Аб мужнасці адважных байцоў непераможнага батальёна сёння жывым нагадвае помнік, размешчаны на сімвалічным месцы ўезда ў г. Беразіно з боку Магілёва. Сюды для ўскладання кветак часта прыязджаюць маладажоны, побач з помнікам знаходзіцца абсталяваная стаянка для адпачынку, у тым ліку і для вадзіцеляў транзітнага транспарту. Не забываюць гэтае святое месца і школьнікі. Тут заўсёды ўтульна і чыста. На жаль, магілка крыху губляецца на фоне размешчанага за ёй лесу і нярэдка застаецца па-за полем зроку гасцей нашага горада. А шкада.

Сёлета, калі наша краіна будзе адзначаць 75-годдзе Вялікай Перамогі і да гэтага свята ўсе масавыя пахаванні перыяду Вялікай Айчыннай вайны будуць добраўпарадкоўвацца, правільным было б, відаць, надаць новы выгляд і ўзгаданай магіле. А для таго, каб стала яна больш прыкметнай з трасы і з першага погляду было зразумелым, што тут знаходяцца ў спакоі героі-чырвонаармейцы, устанавіць каля помніка гармату, што стаіць зараз непадалёку ад павароту на вёску Гаруні. Работы па пераўстаноўцы гарматы на новае месца, наколькі магу меркаваць, вялікіх фінансавых сродкаў не запатрабуюць. А вось для ўвекавечвання памяці загінуўшых воінаў і надання ўезду ў горад патрыятычнага сэнсу падобны крок будзе вельмі дарэчным.

Мікалай ЯЦЭВІЧ,

жыхар г. Беразіно.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *