ПРАЦУЕШ ДОБРА – ЗАРАБЛЯЕШ ДАСТОЙНА

Пасяўная кампанія паступова ўступае ў свае правы і ўжо задае першыя пытанні кіраўнікам і спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў. Так, на палетках філіяла “Купава – агра” яшчэ стаіць снег, ды і вады па калена. Аднак механізатары не сядзяць без справы: яны заняты на ўнясенні мінеральных угнаенняў. Першымі выехалі на поле раскідваць калійныя тукі пад яравую сяўбу Мікалай Цэдрык і Аляксей Суханаў. На падвозцы працуе Вячаслаў Цэдрык. Але настрой механізатараў не на вышыні.

Sowing_WheatПасяўная кампанія паступова ўступае ў свае правы і ўжо задае першыя пытанні кіраўнікам і спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў. Так, на палетках філіяла “Купава – агра” яшчэ стаіць снег, ды і вады па калена. Аднак механізатары не сядзяць без справы: яны заняты на ўнясенні мінеральных угнаенняў. Першымі выехалі на поле раскідваць калійныя тукі пад яравую сяўбу Мікалай Цэдрык і Аляксей Суханаў. На падвозцы працуе Вячаслаў Цэдрык. Але настрой механізатараў не на вышыні.

— Летась я зарабіў вялікія грошы на сяўбе азімых культур, – гаварыў на арганізацыйным сходзе механізатар Мікалай Цэдрык. — А што я зараблю сёлета? За мінулы дзень толькі 16 тысяч рублёў. А ўсё таму, што мой трактар працяглы час загружаўся.
Абурэнне работніка філіяла зразумела ўсім. Ды і што зрабіць, калі загрузка агрэгата праводзіцца пакуль уручную. Займаюцца гэтай справай паляводы-жанчыны. Але і самім механізатарам не варта наракаць на іншых, бо разам робяць агульную і патрэбную справу. Згодна з умовамі аплаты працы на вясенняй сяўбе ў філіяле “Купава-агра”, зацверджанымі дырэктарам
А. Зубарам і эканамістам Л. Раткевіч, за паспяховае завяршэнне пасяўных работ кожны работнік атрымае значную прыбаўку да свайго заробку.
— Матэрыяльная зацікаўленасць работнікаў на палявых работах — галоўны фактар паспяховай і якаснай сяўбы, — гаворыць Андрэй Зубар. — У гэтым мы пераканаліся летась, калі своечасова і якасна пасеялі 620 гектараў азімых культур. Справіліся з даведзеным заданнем па ворыве зябліва. Кожны, хто шчыра працаваў, застаўся задаволены заробкам. Не будуць пакрыўджаны механізатары і сёлета.
Расцэнкі ў філіяле “Купава-агра” самыя высокія ў раёне. Так, аплата працы на вясенняй сяўбе праводзіцца па прагрэсіўна-ўзрастаючых расцэнках за выкананую норма-змену. У аснову пакладзены планавы тарыфны фонд заработнай платы, зыходзячы з тарыфнай стаўкі першага разраду ў 118 тысяч рублёў, дадатковай аплаты за якаснае выкананне работ ва ўстаноўлены тэрмін, прэмія і іншыя віды выплат. Асабліва папоўняць свой сямейны бюджэт механізатары, якія прадэманструюць выдатную якасць работ. Розніца паміж добрай і выдатнай якасцю працы павялічвае суму прэміяльных выплат аж у два разы. За правядзенне сельскагаспадарчых аперацый ва ўстаноўленыя агратэхнічныя тэрміны прадугледжваецца даплата ў памеры 60 працэнтаў асноўнага заробку.
Апрача гэтага, з мэтай матэрыяльнай зацікаўленасці работнікаў і павышэння вытворчасці працы прадумана і прэміраванне за перавыкананне зменных нормаў выпрацоўкі за кожны перавыкананы гектар альбо тону, якое ўзрастае ў два разы. Не забыты і дадатковыя выплаты механізатарам на ўзворванні глебы, работы ў начны час; работнікам, занятым на ўнясенні мінеральных угнаенняў і ядахімікатаў. Непакрыўджаныя токары і зваршчыкі. Для іх устаноўлена даплата да здзельнага заробку адпаведна 100 і 200 працэнтаў.
— У дадатак да гэтага інвестар распарадзіўся 10 працэнтаў прыбытку філіяла выкарыстоўваць на прэміраванне лепшых работнікаў пасяўной кампаніі. А гэта складае суму ў тры мільёны рублёў, добры плюс у кішэню механізатара, — падкрэслівае Андрэй Зубар.
Пытанне з загрузкай мінеральных угнаенняў у гаспадарцы вырашана: павялічана колькасць занятых тут работнікаў. Аднак яно не стане адзіным для любушанскіх механізатараў. Сёлета ім патрэбна пасеяць 372 гектары яравых культур. Праведзена ўжо пэўная падрыхтоўчая работа: прадуманы папярэднікі, закуплена і маецца насенне першай рэпрадукцыі, няма пытанняў з рамонтам тэхнікі і мінеральнымі тукамі. Ускладняюць сяўбу ў гаспадарцы толькі працяглая вясна і цяжкая глеба. Супрацьстаяць ім механізатары будуць
дакладнай арганізацыяй палявых работ, жалезнай дысцыплінай, высокім прафесіяналізмам і жаданнем жыць дастойна.
Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *