Пра армейскія будні і цывільнае жыццё расказвае кадравы афіцэр Аляксандр Жукоўскі

75-гадовы маёр у адстаўцы Аляксандр Жукоўскі — кадравы афіцэр часоў Савецкага Саюза, які служыў у самых розных войсках, на свае вочы пабачыў самыя розны куткі неабсяжнай савецкай краіны і нават пабываў за яе межамі. Насіць афіцэрскую форму і выхоўваць радавых салдат яму давялося ў сухапутных часцях, але любоў да ваеннай службы нарадзілася на Балтыйскім флоце, дзе ён чатыры гады адслужыў сувязістам.

 

Аляксандр Жукоўскі

ЭАС «М.Зубаў», на якім у 1964-1965 гадах хадзіў А. Жукоўскі па паўночных марах

— Сапраўды, ваеннае жыццё ўдосталь пакідала мяне па свеце, падарыла мноства цікавых сустрэч і безліч уражанняў, якія дагэтуль прыемна грэюць душу і напаўняюць сэрца гонарам за службу, чысціню вайсковага мундзіра і вернасць прысязе, — гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч. — Ды і варта маладым пазайздросціць маёй ваеннай геаграфіі і разнастайнасці месцаў службы.
Усё пачалося ў далёкім 1963 годзе. Тады Аляксандр, адпрацаваўшы год на Мінскім аўтазаводзе, атрымаў позву на тэрміновую службу ў рады Савецкай Арміі. Ніякіх ваганняў наконт “служыць альбо не служыць” у яго не было.
— Тады прызыў праходзіў усяго адзін раз у год, — успамінае мужчына, — служылі не два і не паўтара года, як сёння, а па тры і чатыры гады. Ды і такой магчымасці, як выбіраць па жаданні род войскаў, ніхто не меў. Служылі там, куды накіроўвалі, служылі сумленна, каб не даводзілася чырванець бацькам, якія прыйшлі з фронту.
Аляксандр прысягу прымаў ва ўкраінскім горадзе Нікалаеве, дзе прайшоў навучанне на сувязіста. Затым служыў на вартавым караблі
Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту, дзе хадзіў па паўночных халодных марах.
— Ці было мне, сухапутнаму беларускаму юнаку, цяжка ў моры? – перапытвае мяне Аляксандр Уладзіміравіч. — Складана сказаць, бо мы ў час службы на цяжкасці ўвагі не звярталі, а проста выконвалі загады сваіх камандзіраў. Ды і сорамна было сярод нас наракаць не толькі на цяжкасці службы, але і на страшныя штормы, сцюжу на палубе. Уявіце сабе, тэмпература вады ў халодных водах Баранцава мора ледзь-ледзь дасягала шасці градусаў цяпла. Не давялося мне зведаць і «дзедаўшчыны», а сярод нас служылі прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцей. Ды і сігналаў “SOS” мы ні разу не давалі і ніколі не чулі. Такі мужны і адважны народ — маракі!
Служыў у час тэрміновай службы Аляксандр Жукоўскі не толькі на вартавым судне, але і на караблі акеанаграфічнай экспедыцыі па паўночных марах, дзе таксама сумаваць не даводзілася. Першыя ўражанні вай-сковага жыцця ўжо тады замацавалі жаданне мужчыны прысвяціць сябе службе. Экстэрнам ён
заканчвае агульнавайсковае вучылішча ў 1971 годзе і адпраўляецца на службу.
А служыць даводзілася і ў танкавым палку, і ў артылерыйскіх фарміраваннях, і ў авіяцыі. Пералічваць можна доўга, бо за адзін год сям’я Жукоўскіх двойчы перажывала пераезд. Успамінаюцца былому афіцэру не толькі прыгожыя мясціны ў Забайкаллі, Манголіі, на Каўказе, але і справы, якімі ганарыліся ваенныя ў тыя часы.
— Памятаю, летам 1972 года ў час службы ў інжынерных войсках, непадалёк ад Масквы ўспыхнулі лясныя пажары, — успамінае Аляксандр Уладзіміравіч. —
Полымя ахапіла адразу некалькі вялікіх абласцей каля сталіцы. Ліквідоўвалі ўзгаранне некалькі месяцаў у невыносную спякоту. За гэта мяне і яшчэ дзесяць вайскоўцаў узнагародзілі медалём “За адвагу на пажары». А колькі яшчэ было розных вучэнняў і трывог!
У далёкім польскім Шчэціне афіцэр шукаў магілу свайго бацькі. Ён загінуў там у 1944 годзе.
— Знайсці апошні прытулак бацькі я не змог, затое на свае вочы пабачыў, як рупяцца аб слаўнай памяці загінуўшых савецкіх салдат у Польшчы, — расказвае ён, — у якім парадку знаходзяцца там месцы пахавання.
Вайсковую службу кадравы афіцэр скончыў у 1989 годзе, аддаўшы Савецкай Арміі чвэрць стагоддзя. За гэты час праз яго прайшлі звыш дзвюх тысяч радавых салдат і некалькі соцень афіцэраў, з якімі іх паяднала вернасць прысязе і пачэсны воінскі абавязак.
У 1996 годзе Аляксандр Жукоўскі вяртаецца ў сваё роднае Беразіно. Купляе і перабудоўвае дом каля бацькавай хаты па вуліцы Красіна горада. Тут яны і сёння жывуць з жонкай. Разам яны ўжо пяцьдзясят адзін год, выгадавалі траіх дзяцей і зараз дапамагаюць ім гадаваць пяцярых унукаў. Каб не было ў свае “за семдзясят” сумна, трымаюць на падворку курэй, падкормліваюць бадзяжных катоў. А яшчэ гадзінамі праседжваюць у інтэрнэце, каб пацікавіцца, як зараз ідуць справы ў былых вайсковых часцях.
— На жаль, большасці ўжо няма, часці разбураны і ліквідаваны, ды і нашых знаёмых там не знайсці. Але гэта ніяк не перакрэслівае маю веру ў магутнасць і сілу сучаснай арміі. Мае два сыны прайшлі вайсковую загартоўку, і калі спатрэбіцца, хоць сёння гатовы стаць у строй, — гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч. — Ды і Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл у нашай сям’і адзначаюць на роўных з іншымі святамі. Такім чынам, мы ўспамінаем былых афіцэраў і салдат, якія прайшлі сапраўдную мужчынскую загартоўку і знайшлі верных сяброў на службе. Ды і як забыцца, што трое маіх вайсковых таварышаў паўночнаму мору не здрадзілі, а сталі адміраламі. Мне таксама дагэтуль у рознакаляровых снах сняцца халоднае мора і штормы ў некалькі дзясяткаў метраў вышынёй.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ  і з архіва А. Жукоўскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *