Аб інфармацыйным суверэнітэце, выкліках і сумленнай размове з людзьмі — Прэзідэнт выказаўся аб рабоце дзяржСМІ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўнікамі вядучых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

«Мы, вядома ж, будзем абмяркоўваць з вамі канкрэтныя праблемы, надзённыя праблемы функцыянавання сродкаў масавай інфармацыі. Я прапаную пабудаваць адкрытую размову, дыялог. Магчыма, у вас будуць нейкія пытанні, якія не адносяцца да тэматыкі сённяшняй нарады. Магчыма, будуць пытанні як практычнага, так і ідэалагічнага характару, у тым ліку па апошніх перагаворах з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі, таму што вы не проста арганізатары вядучых сродкаў масавай інфармацыі, але і самі з’яўляецеся актыўнымі ўдзельнікамі стварэння прадукту вашых кампаній», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што неабходнасць размовы з кіраўнікамі дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі наспела даўно: каля двух гадоў прайшло з таго часу, як ва ўсіх буйнейшых СМІ змяніліся кіраўнікі. «Надышоў момант абмеркаваць выкананне даручэнняў, дадзеных вам у тым ліку і пры назначэнні, пачуць ваша бачанне далейшай стратэгіі работы, актуалізаваць задачы, якія стаяць перад сродкамі масавай інфармацыі», — растлумачыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, гэтыя задачы няпростыя, паколькі цяперашняя абстаноўка не заспакойвае. «Процістаянне, геапалітычная нестабільнасць у розных частках свету, у тым ліку ў нашым рэгіёне, — усё гэта сёння на парадку дня», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што важнай складанай часткай незалежнасці любой дзяржавы з’яўляецца інфармацыйны суверэнітэт — права праводзіць уласную інфармацыйную палітыку, фарміраваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, забяспечваць інфармацыйную бяспеку. «І гэта права мы як суверэнная і незалежная дзяржава павінны адстойваць што б там ні было, у тым ліку на інфармацыйным полі. Здавалася б, што нам яшчэ тут змагацца і ваяваць на гэтым полі. Але, на жаль, даводзіцца», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што менавіта для таго, каб процістаяць новым рызыкам, выклікам і пагрозам, крыху менш як год таму распрацавана і прынята Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Беларусі. «Не ведаю, наколькі яна эфектыўная. Вам больш відаць. Але гэта першы сур’ёзны крок да выпрацоўкі стратэгіі нашай інфармацыйнай бяспекі. Магчыма, як жывое творчае цела, трэба ўдасканальваць гэту канцэпцыю», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

У нарадзе ўдзельнічалі старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, старшыня праўлення тэлеканала АНТ Марат Маркаў, генеральны дырэктар тэлеканала СТБ Ігар Луцкі, генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч, дырэктар — галоўны рэдактар выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук, дырэктар — галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў, дырэктар Нацыянальнага філіяла (прадстаўніцтва) Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» Уладзімір Пярцоў.

На пачатак 2020 года ў Беларусі зарэгістравана больш за 1,6 тыс. друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, 9 інфармацыйных агенцтваў, 20 інтэрнэт-выданняў, 270 тэлерадыёвяшчальных СМІ. У Беларусі распаўсюджваецца звыш 270 замежных тэлепраграм у кабельных сетках і каля 3 тыс. замежных друкаваных СМІ.

Па інфармацыі БелТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *