Аб развіцці Бярэзінскага раёна і галоўных задачах на пяцігодку

— У такім маштабным мерапрыемстве я ўдзельнічаў упершыню. Уразіла сама атмасфера народнага форуму, напоўненая ўзнёслым настроем удзельнікаў і неперадавальнай словамі энергетыкай кіраўніка дзяржавы. Прысутнічала і пэўнае напружанне: кожны з дэлегатаў усведамляў адказнасць за прымаемыя рашэнні, якія павінны вызначыць будучыню краіны.

Ускладваў вялікія надзеі на дэлегатаў сходу — заслужаных дзеячаў розных сфер дзейнасці – і Прэзідэнт, што надало мерапрыемству яшчэ большую ўрачыстасць. Аляксандр Лукашэнка адразу адзначыў, што беларусы з’яўляюцца гаспадарамі на сваёй зямлі і самі будуць вырашаць лёс краіны на бліжэйшую пяцігодку.

У цэлым мерапрыемства прайшло на высокім узроўні, кожны ўдзельнік атрымаў масу станоўчых уражанняў ад таго, што змог непасрэдна далучыцца да агульнай справы на карысць усяго народа. Лічу, што падобныя сходы трэба праводзіць менавіта так, каб людзі разумелі, што сваімі ўчынкамі, добрымі і не вельмі, могуць паўплываць на далейшы лёс краіны. Тым больш, што прысутным выпаў гонар прадстаўляць інтарэсы ўсіх слаёў грамадства і людзей розных сфер дзейнасці.
І сёння перад дэлегатамі стаіць важная задача — данесці асноўныя палажэнні прынятай на форуме рэзалюцыі да сваіх працоўных калектываў, суседзяў, родных і блізкіх.

На Усебеларускім народным сходзе былі вызначаны асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады. Наша краіна, як і раней, захавае сацыяльна-арыентаваную накіраванасць, а ў прыярытэце эканамічнай палітыкі дзяржавы застануцца інтарэсы беларусаў.

Не будзе выключэннем і Бярэзінскі раён, жыхары якога сваёй працай таксама ўносяць уклад у развіццё краіны і агульны дабрабыт.

Асноўным накірункам развіцця раёна, згодна з распрацаванай канцэпцыяй на бліжэйшую пяцігодку, стане сельская гаспадарка. Таму наша першачарговая задача – агульнымі намаганнямі і добрасумленнай працай кожнага на сваім месцы вывесці аграрны сектар на больш высокі ўзровень. Для гэтага неабходна павялічыць пагалоўе высокапрадукцыйнай жывёлы, нарыхтаваць з захаваннем тэхналогіі ў патрэбнай колькасці якасныя травяныя кармы, прыцягнуць як мага больш кваліфікаваных спецыялістаў у галіну, стварыць камфортныя ўмовы для працы на вёсцы і атрымання дастойнага заробку. За кошт мадэрнізацыі існуючых і будаўніцтва новых сельскагаспадарчых аб’ектаў можна дамагчыся не толькі выканання прагнозных паказчыкаў, але і паступовага нарошчвання вытворчасці. Будзе вытворчасць — будзе ўсё астатняе. У тым ліку і дабрабыт нашых людзей. Ёсць неабходны патэнцыял для росту і развіцця ва ўсіх гаспадарках раёна. А таварыства “Пагосцкі” ўвогуле, дзякуючы выгаднаму размяшчэнню і наяўнасці рэсурсаў, як валаўтваральнае прадпрыемства ў перспектыве можа заняць адно з лідарскіх пазіцый у раёне і стаць узорным прыкладам эфектыўнага выкарыстання сродкаў і працоўнай сілы.

Разам з тым, набудуць пашырэнне фермерскія гаспадаркі, атрымае падтрымку прадпрымальніцкая ініцыятыва ў галіне сельскай гаспадаркі.

Не застануцца па-за ўвагай і іншыя, не менш важныя, напрамкі дзейнасці. Наладжаная работа з інвестарамі дапаможа вырашыць пытанне з працаўладкаваннем бярэзінцаў і надасць новы імпульс развіццю раёна за кошт падатковых паступленняў. Дарэчы, ужо сёння ўвагу інвестараў прыцягваюць існуючыя ў раёне вытворчыя пляцоўкі. У бліжэйшай пяцігодцы замежныя інвестыцыі запланавана выкарыстоўваць для наладжвання працэсу перапрацоўкі драўніны і выпуску драўнянага вугалю, а таксама будаўніцтва цэха па перапрацоўцы рыбнай прадукцыі. Ёсць магчымасць у інвестараў таксама набываць на аўкцыёнах зямельныя ўчасткі для будаўніцтва вытворчых і гандлёвых аб’ектаў, аб’ектаў інфраструктуры. Спрыяльнае асяроддзе створана на Бярэзіншчыне для вядзення дробнага і сярэдняга бізнесу, пашырэння сферы паслуг. Прыродныя багацці і гасціннасць мясцовых людзей дазваляюць развіваць і экалагічны турызм. Усё гэта, безумоўна, станоўча паўплывае на паляпшэнне дабрабыту бярэзінцаў і павышэнне якасці іх жыцця. Плануецца далейшае будаўніцтва станцый абезжалезьвання і ачысткі вады ў сельскай мясцовасці для забеспячэння вяскоўцаў пітной вадой нарматыўнай якасці. Паступова будзе вырашацца пытанне з рамонтам дарог і вуліц. У перспектыве — рэканструкцыя будынка ўстановы культуры “Бярэзінская раённая цэнтральная бібліятэка”, дзе плануецца размяшчэнне бібліятэкі, актавага і выставачнага залаў, маладзёжнага цэнтра, аддзела ЗАГС, што дазволіць вырашыць праблему арганізацыі вольнага часу моладзі, з якой даволі часта сутыкаюцца ў невялікіх рэгіёнах.

З’явяцца ў горадзе і новыя аб’екты. Запланавана будаўніцтва пажарнага дэпо, а таксама стварэнне новых жылых мікрараёнаў, у тым ліку і для мнагадзетных сямей. Яны – наша будучыня. Кожная новабудоўля не толькі будзе адпавядаць патрабаванням часу, але і вылучацца сваёй унікальнасцю за кошт адметнага колеравага выканання і знешняга аздаблення. Дзякуючы гэтаму, гарады Міншчыны набудуць своеасаблівы мясцовы каларыт і непаўторнасць. Дарэчы, бярэзінцам ужо сёння ёсць чым ганарыцца. Таленавітыя майстры-лыжачнікі ўславілі Бярэзінскі край далёка за межамі раёна, вобласці і рэспублікі. А драўляная лыжка стала сапраўдным культурным брэндам нашага рэгіёна. Між тым і іншыя цікавыя ідэі неабходна развіваць і падтрымліваць. Любая ініцыятыва абавязкова знойдзе працяг, калі будзе мець эфектыўнасць і прыносіць карысць людзям.

Галоўнае — няспынна рухацца наперад, глядзець у перспектыву, ставіць канкрэтныя мэты і знаходзіць шляхі іх дасягнення. У гэтым, на маю думку, і заключаецца формула паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця.

У цэлым лічу, што ў нашай краіне, у нашым раёне створаны ўсе ўмовы для гэтага. З упэўненасцю магу сказаць, што калі кожны на сваім месцы будзе добрасумленна выконваць даручаную справу, шчыра любіць сваю Радзіму і свой народ, мы пераадолеем усе цяжкасці і забяспечым рост эканомікі і дабрабыт грамадзян нашай суверэннай і незалежнай краіны.

Алена МУРАЧ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *