Аб развіцці эканомікі Бярэзіншчыны і будучых праектах гутарым з намеснікам старшыні райвыканкама Паўлам Сугакам у дзень прафесійнага свята

 Эканамічную службу раёна прадстаўляе аддзел эканомікі раённага выканаўчага камітэта на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Паўлам Сугакам. З ім мы гутарым напярэдадні прафесійнага свята.

— Павел Міхайлавіч, для пачатку хацелася б даведацца аб асноўных выніках развіцця эканомікі Бярэзіншчыны за апошнія гады і аб тым, як складваецца сітуацыя з пачатку 2020 года.

— Асноўныя клопат і задачы, над ажыццяўленнем якіх працуе раён-ны выканаўчы камітэт, у тым ліку і наша служба, – гэта рост дабрабыту жыхароў Бярэзінскага раёна, стварэнне для іх спрыяльных умоў пражывання, высокая заработная плата і дастатковая колькасць рабочых месцаў, забеспячэнне сацыяльных патрэб і гарантый. А гэтага рэальна дасягнуць толькі пры стабільнай рабоце ўсіх суб’ектаў гаспадарчай дзейнасці, іх эканамічнай стабільнасці. Менавіта на гэта і быў нацэлны план сацыяльна-эканамічнага развіцця Бярэзіншчыны на 2016-2020 гады, які ў свой час быў прыняты сесіяй раённага Савета дэпутатаў.
Такім чынам, па выніках работы за 2016-2019 гады выкананы наступныя асноўныя паказчыкі: выпушчана прамысловай прадукцыі на 28,8 мільёна рублёў, што ў 1,7 раза больш, чым у 2015 годзе; мэтавы паказчык па экспарце тавараў павялічыўся ў 6 разоў і склаў 18 мільёнаў долараў, экспарт паслуг узрос у 1,4 раза і склаў 8,5 мільёна долараў; за чатыры гады ўведзена ў эксплуатацыю жылых дамоў 36,8 тысячы квадратных метраў; дасягнуты рост рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі на ўзроўні 105%. Не стаяў на месцы і ўзровень сярэднемесячнай заработнай платы: за аналізуемы перыяд яна вырасла ў 1,5 раза.
Што датычыць бягучага года, то сёлета за студзень-сакавік у эканоміку раёна прыцягнуты аб’ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ў памеры 315,8 тысячы долараў пры плане 200 тысяч. Вядуцца работы па далейшым прыцягненні ў раён прамых замежных інвестыцый. З гэтай мэтай на Бярэзіншчыне сфарміраваны чатыры індустрыяльныя пляцоўкі агульнай плошчай 9,1 гектара для наступнага прадастаўлення інвестарам,
6 інвестыцыйных прапаноў распрацаваны па аб’ектах нерухомасці. Створана чатыры рэкламныя відэаролікі з выкарыстаннем інфаграфікі, 3D-візуалізацыі, з агучваннем на рускай і англійскай мовах.

— Спадзяёмся, што вынікі і гэтага года прынясуць задавальненне ад плёну працы. А на вырашэнне якіх задач будуць скіраваны вашы далейшыя намаганні на бліжэйшую пяцігодку?

— Праграма развіцця рэгіёна на гэты прамежак часу ўжо распрацавана. Важнейшым элементам эканамічнай палітыкі Бярэзінскага раёна на 2021-2025 гады з’яўляецца інвесціраванне ў мадэрнізацыю дзеючых прадпрыемстваў і ствараемых арганізацый, што дазволіць павысіць канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі, прадукцыйнасць працы і стварыць новыя рабочыя месцы.
У прыватнасці, для стварэння дадатковых рабочых месцаў плануецца адкрыццё двух буйных аб’ектаў рознічнага гандлю прыватнай формы ўласнасці – будаўніцтва гандлёвага аб’екта ТАА “СантаРытэйл” (г. Беразіно, перакрыжаванне вуліц Перамогі і Дзяржынскага), узвядзенне ГП ТАА “Пухавічыгандаль” з мэтай супрацоўніцтва з кампаніяй ТА “ОМА”. У хуткім часе пачне сваю дзейнасць і новы магазін ЗАТ “Дабраном”. Адкрыццё гандлёвага аб’екта ТАА “Парфюм Трэйд”, аб’екта грамадскага харчавання ПУП “Тайміт” дазволіць дадаткова працаўладкаваць каля 60 бярэзінцаў.
А ў цэлым, найбольш прыярытэтным накірункам развіцця раёна на 2021-2025 гады традыцыйна з’яўляецца сельская гаспадарка, бо менавіта тут сканцэнтравана найбольшая колькасць кваліфікаваных кадраў, а таксама ў дастатковай колькасці ёсць сыравіна, матэрыялы і іншыя базісныя рэсурсы. Ды і наогул, не будзем забывацца, што Бярэзіншчына – традыцыйна аграрны раён. Дарэчы, вяскоўцы сёлета за пяць месяцаў дасягнулі тэмпу росту валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах 107,5%, у тым ліку прадукцыі жывёлагадоўлі – 109,5 працэнта.

— Павел Міхайлавіч, пяройдзем ад лічбаў і прагнозаў заўтрашняга дня да дня сённяшняга, дакладней да вашага прафесійнага свята. Думаю, вашым калегам будзе прыемна пачуць у гэты дзень віншаванні з гэтай нагоды.

— Мае галоўныя пажаданні, безумоўна, — моцнага здароўя, дабрабыту і сямейнага шчасця. У большасці сваёй гэта залежыць ад саміх нас і нашых намаганняў, стаўлення да саміх сябе. Таму – больш канкрэтных крокаў на гэтым шляху. І не забывайцеся, што ад вынікаў вашай работы залежыць не толькі наш дабрабыт і, адпаведна, утульнасць і цяпло ў кожным доме. Дзякуючы сваёй дзейнасці вы напрамую ўплываеце на эфектыўную працу сваіх калектываў, галін, рэгіёнаў, прагназуеце іх развіццё. Адказнасці і ўдумлівасці вам на гэтым шляху і толькі станоўчых вынікаў!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *