“Абаронца” птушак — Уладзімір Новікаў з Беразіно

Нядаўна ў рэдакцыю завітала Алена Строк.
— Зіма ў гэтым годзе нас парадавала снегам, марозам, завеямі… Але такая снежная зіма ў радасць не ўсім. Птушкам холадна і голадна! – расказвала Алена Міхайлаўна. — І ў адзін з марозных ранкаў маю ўвагу прыцягнуў мужчына, наш сусед Уладзімір Новікаў. Ён па гурбах снегу па калена прабіраўся да дрэваў, каб пакласці корм для птушак у кармушкі, якія змайстраваў сваімі рукамі…

Пасля такога эмацыянальнага расповеду нам таксама захацелася пазнаёміцца з Уладзімірам Міхайлавічам. Ды і нагода цудоўная: 23 лютага.

Уладзімір Новікаў пражывае ў Беразіно па вуліцы Хонінава. Тут жа, непадалёк ад шматпавярховага дома, на дрэве і размяшчаецца кармушка, якую змайстраваў для птушак мужчына. Заўважаю, што зроблена яна па-майстэрску: ствараў сапраўдны гаспадар.

— Мне зусім было нескладана. Наадварот, радасна, што магу дапамагчы птушкам перазімаваць, — расказвае Уладзімір Міхайлавіч. – Мы ўсе ўжо адвыклі ад такой суровай зімы. Нам, людзям, складана, а птушкам – цяжэй удвайне. Вы б бачылі, з якой радасцю сустракаюць яны мяне. Кожны дзень з 10 да 12 гадзін раніцы я прыходжу да кармушкі, пакідаю корм. Асабліва птушкі любяць ласавацца салам! Прылятаюць сінічкі, вераб’і, чыжы, сойкі… Цікава за імі назіраць. Ведаеце, нават у птушак свой характар.

Назіраць за птушкамі, карміць іх – зараз любімы занятак У. Новікава. Мужчына – пенсіянер, таму вольнага часу хапае.

— Я не люблю сядзець без справы, сумаваць, таму хуценька знайшоў занятак па душы, — тлумачыць гаспадар.

Уладзімір Міхайлавіч не так даўно пайшоў на заслужаны адпачынак. А да гэтага больш за 40 гадоў шчыраваў вадзіцелем у “ДЭУ-6”! Адказны, старанны, кваліфікаваны, руплівы работнік. Так характарызуюць мужчыну калегі.

— Работа ў дарожнай арганізацыі не самая лёгкая. Але мне падабалася. А зараз атрымліваю сапраўдную асалоду ад таго, што зноў прыношу карысць: дапамагаю птушкам перазімаваць! – заўважае У. Новікаў. — Падтрымлівае мяне і жонка. Іншы раз мы разам ходзім карміць птушак, назіраць за імі. І ведаеце, я шчаслівы чалавек: у мяне ёсць занятак, які прыносіць задавальненне, і сям’я, што мяне падтрымлівае.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены СТРОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *