Абпалены вайною радавод Яцэвічаў

Пра ўдзел свайго бацькі ў Вялікай Айчыннай вайне я ведаю мала і вельмі шкадую, што своечасова не распытаў яго пра баявы шлях больш падрабязна. Не паспеў. Ён загінуў у аўтакатастрофе, калі мне было ўсяго 11 гадоў. Да чаго крыўдна: выжыць у час ліхалецця і недарэчна загінуць у мірны час! У памяці ўсплываюць толькі асобныя эпізоды, якія з гадамі (а мне ўжо 67) становяцца менш вострымі і яскравымі.

Анатоль Яцэвіч

Што ж мне вядома пра баявую маладосць бацькі? Вайна застала яго ў г. Ленінградзе. Прыпісаўшы сабе два гады (тата нарадзіўся ў 1924 годзе), ён добраахвотна ўступае ў армію і становіцца спачатку гадаванцам экіпажа катаратральшчыка Балтыйскага флоту, а затым — матарыстам. Невядома, як бы склаўся лёс маладога хлопца ў блакадным горадзе пры норме выдачы хлеба 125 грамаў, калі б ён заставаўся мірным жыхаром. Салдацкі паёк быў больш важкім, але і каштаваў намнога даражэй — жыцця.
Небяспека для маракоў тральшчыка была штодзённая: яны вылоўлівалі з вады марскія міны і абясшкоджвалі іх – гэтакія марскія сапёры. Не раз выходзілі і на баявыя заданні. У час аднаго з іх, пры дастаўцы па Ладазе дэсантнай групы, катар абстралялі фашысты, у выніку чаго загарэўся маторны адсек. Мой бацька Анатоль Іванавіч разам з іншымі членамі каманды прыступіў да выратавання судна. Акрамя таго, падчас гэтага рэйса нашы тральшчыкі выратавалі і вывезлі з-пад агню 13 параненых дэсантнікаў. За гэты гераічны ўчынак мой бацька Анатоль Яцэвіч атрымаў медаль “За адвагу”.
Не ведаю, колькі было падобных эпізодаў у жыцці майго бацькі за час вайны, колькі жыццяў ён выратаваў і здзейсніў гераічных учынкаў, бо прайшоў ён яе да апошняга званка і дэмабілізаваўся толькі ў лістападзе 1947 года, і толькі ўжо потым на Бярэзіншчыне сустрэўся з маёй матуляй, стварыў сям’ю. Распытаць пра мінулае бацькі мне няма ў каго. У пачатку года я напісаў ліст у Падольскі цэнтральны архіў з просьбай адшукаць у ліку ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны прозвішча майго таты і ўстанавіць, чым і калі ён быў узнагароджаны. З нецярпеннем чакаю адказу, хаця ведаю, што прыйдзе ён няхутка: падобных запытаў у Падольск прыходзіць шмат.
Расказ аб маім радаводзе, які быў абпалены вайной, на гэтым не завяршаецца, бо праз тое ліхалецце прайшла большасць маіх сваякоў па матчынай лініі. Абодва яе браты не вярнуліся з фронту, а праз лёс яе трох сясцёр, народжаных яшчэ ў мірны час, таксама прайшла вайна.

Марыя Салаўёва

Аляксандр Ладуцька

Мікалай Круталевіч

Паведамленні райваенкамата аб гібелі Аляксандра і Мікалая

Так, са слаўным горадам на Няве былі звязаны падзеі, што адбываліся з маім дзядзькам Аляксандрам і цёткай Марыяй, якія ў пачатку вайны знаходзіліся там. Першы з іх, па расказах, быў сапёрам і загінуў 6 лютага 1942 года, пахаваны пад Ленінградам, пра што сведчыць паведамленне Бярэзінскага райваенкамата ад 28 лютага 1945 года. Цётка ж паспела да пачатку блакады пакінуць горад і пешшу вярнулася на Бярэзіншчыну. Тут яна стала адважнай разведчыцай партызанскага атрада “Камуніст” брыгады імя Шчорса. Яе баявая дзейнасць адзначана шэрагам медалёў, а таксама ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны. У атрадзе цётка сустрэла сваё шчасце – байца Георгія Салаўёва, які стаў яе мужам, нягледзячы на тое, што навокал грымела вайна.
Па хітрым перапляценні лёсу ў гэтым атрадзе змагаліся яшчэ два мае сваякі – яшчэ адзін дзядзька і дзед – галава нашай вялікай і дружнай сям’і. Дзядзька Мікалай Круталевіч (ён насіў прозвішча маці) таксама быў патрыётам. У са мым пачатку вайны пры адступленні нашых войскаў часць, у якой ён служыў, трапіла ў акружэнне пад Магілёвам. Дзядзька апынуўся ў палоне, з якога ўчыніў уцёкі. Дабраўся да родных мясцін і стаў партызанам. А калі ў 1944 годзе, пасля вызвалення Бярэзіншчыны, яго хацелі пакінуць у раёне і прапаноўвалі ўзначаліць мясцовую міліцыю, ён катэгарычна адмовіўся, і са словамі “хачу ўбачыць Берлін!” пайшоў на фронт. Пра далейшы яго лёс наша сям’я даведалася з пісьма, атрыманага ў 1980-м годзе з таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (туды напісала мая маці): “Польскі Чырвоны Крыж, куды вы звярнуліся за ўдакладненнем аб захаванасці магілы вашага брата Круталевіча Мікалая Міхайлавіча, 1919 года нараджэння, памёршага ад ран 7 студзеня 1945 года, просіць перадаць вам, што яго прозвішча ўнесена ў спісы савецкіх воінскіх могілак у Астраленцы – Вайцэховіцэ, брацкая магіла № 222”. Мая сястра і дачка цёткі ў свой час ездзілі на месца пахавання дзядзькі ў Польшчу.
Вяртаючыся крыху назад, скажу, што з Ленінградам нашы сваякі былі звязаны і ў пасляваенны час. Тут жыла мая цётка Ніна, мужам якой быў кадравы афіцэр. Мужам цёткі Ганны, як і Марыі, таксама з’яўляўся былы бярэзінскі пар-тызан. І хоць жанчыны не прымалі ўдзелу ў барацьбе з фашыстамі, за час вайны перажыць ім давялося многае.

Міхаіл Ладуцька

Роданачальнікам гэтай вялікай сям’і савецкіх патрыётаў быў мой дзядуля, ураджэнец в. Баркі Міхаіл Ладуцька, які і прывёў большасць членаў сваёй сям’і ў партызанскі атрад “Камуніст”. Да пачатку вайны ён працаваў сакратаром Неганіцкага сельскага Савета. У час акупацыі актыўна змагаўся з ворагам, за што меў нямала медалёў і ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. Пасля вызвалення Бярэзіншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў пакінуты на гаспадарчай рабоце і з 9 ліпеня 1944 года ўзначаліў фінансавы аддзел райвыканкама. Доўгі час працаваў у гэтай структуры і аддзеле сацыяльнай абароны. За добрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў адзначаны медалём “За працоўную адзнаку”, а загадам Міністра фінансаў БССР яму было прысвоена персанальнае званне малодшага саветніка фінансавай службы першага рангу.
Па-рознаму склаўся лёс кожнага з уцалелых ад вайны членаў сям’і дзеда Міхаіла. Гэта ўжо тэма зусім іншага аповеду. Усе яны, а таксама яго ўнукі і праўнукі, сталі годнымі людзьмі, якія назаўсёды захавалі ў сваіх сэрцах памяць пра гераізм і подзвіг, а таксама вялікую ўдзячнасць за мірнае жыццё.

Успаміны жыхара г. Беразіно Мікалая ЯЦЭВІЧА запісаў Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота з сямейнага архіва Яцэвічаў.

Абпалены вайною радавод Яцэвічаў: 1 комментарий

  • 2 мая 2020 в 20:01
    Permalink

    А про живых веиеранов слабо писать, их уже и так мало осталось! А то мы только про героев павшив, а где про живых…..Печально

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *