Ад іх аператыўнасці, прафесіяналізму жыццё залежыць на ўсе “103” працэнты!

Нядаўна ў рэдакцыю даслала пісьмо Тамара Рабкевіч. Жанчына выказвала шчырыя словы падзякі медыкам хуткай медыцынскай дапамогі.

— Мне 74 гады, я інвалід ІІ групы, — пісала Тамара Мікалаеўна. – Па стане здароўя з мая па лістапад мінулага года 12 разоў выклікала “хуткую дапамогу”. На выклік прыязджалі розныя брыгады: але ўсе без выключэння былі ветлівымі, дасканала расказвалі пра лячэнне, аказвалі неабходную дапамогу. Медыцынскія работнікі прыязджалі вельмі хутка. Нягледзячы на тое, што шлях не самы блізкі – прыблізна 25 кіламетраў. Бывала, што проста тэлефанавала на “хуткую”: кансультавалася накот лячэння. Заўсёды атрымлівала кампетэнтны адказ. Мне нават складана падабраць словы ўдзячнасці за іх прафесіяналізм, міласэрнасць, чуллівасць. Дзякуй вам вялікі!

Дзяжураць тры брыгады: у кожнай два фельчары і вадзіцель

Арцём Марчанка, Алена Пашкова, Ксенія Гурэнчык — фельчары выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі

Прачытаўшы такое чуллівае пісьмо, мы вырашылі пазнаёміць вас, паважаныя чытачы, з супрацоўнікамі Мінскага абласнога цэнтра хуткай медыцынскай дапамогі. Так, з лета мінулага года ўсе аддзяленні “хуткай дапамогі” па Мінскай вобласці аб’ядналіся ў адзін цэнтр. Калектыў бярэзінскай “хуткай” невялікі: 23 выязныя фельчары і 4 дыспетчары. Зараз кругласутачна дзяжураць тры брыгады. У кожную ўваходзяць два фельчары і вадзіцель.

Мяне заўсёды здзіўляла, як яны могуць так прафесійна выконваць свае абавязкі, быць сабранымі ў любых абставінах.

Кожны раз, калі чуеш, як разносіцца па горадзе сірэна, у думках перабіраеш: міліцыя, пажарныя, «хуткая»? І кожны раз сэрца міжволі замірае ад адчування, што дзесьці здарылася бяда… А што ж тады адчуваюць людзі, якія спяшаюцца на дапамогу чалавеку штодня, практычна штогадзіну?

— Спачатку было, бясспрэчна, боязна выязджаць на выклікі, аказваць дапамогу. А зараз ужо прывыкла, — расказвае фельчар выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі Алена Пашкова.

І не дзіва, Алена Міхайлаўна працуе больш за 20 гадоў. Адразу ж пасля заканчэння Барысаўскага каледжа прыйшла сюды па размеркаванні.

— Мінула столькі гадоў, — але я і сёння з радасцю іду на працу, люблю сваю справу, люблю дапамагаць людзям, — заўважае жанчына. – Працаваць даводзіцца шмат. Работа складаная. Але яна ніколі не надакучвае. Я прыходжу на дзяжурства і ніколі дакладна не ведаю, якім яно будзе. Мы пастаянна ў руху, ніколі не сядзім на месцы. Кожны выклік нясе ў сабе загадку. Едзем да пацыента і дакладна не ведаем (так, дыспетчар збірае першасную інфармацыю, але яна не заўсёды дакладна адпавядае карціне), у якім ён стане, якая дапамога спатрэбіцца. Што ўваходзіць у нашы абавязкі? Паставіць дыягназ і аказаць экстранную альбо неадкладную медыцынскую дапамогу, затым – прыняць рашэнне, ці патрэбна пацыенту шпіталізацыя, ці не (можа працягваць лячэнне на даму). Колькі выклікаў у нас звычайна за суткі? Гэта заўсёды непрадказальна: можа быць і 18, і 20, і нават больш за 40!

— Ці складана працаваць падчас пандэміі? – працягвае гутарку Алена Міхайлаўна. – Вядома ж: эмацыянальна складана (а што калі ў пацыента “карона”?), фізічна (неабходна апранаць сродкі аховы – камбінезоны, калі дыспетчару паведамляюць, што ў пацыента павышаная тэмпература цела, альбо выязджаем да пацыента з пацверджанай “каронай”).

За 20 гадоў працы ўпершыню сутыкнулася з такой страшнай хваробай, як каранавірусная інфекцыя. Мы ніколі да гэтага не апраналі супрацьчумныя касцюмы, яны ў нас былі на выпадак надзвычайных сітуацый. А тут іх неабходна апранаць і працаваць у іх! Таму добра запомніла свайго першага пацыента з “каронай”. Баялася? Напэўна, крыху! Але не хвалявалася: нам нельга хвалявацца, патрэбна аказваць своечасовую дапамогу. Эмоцыі мы адкладваем “на потым”.

З вопыту магу сказаць, галоўнае — правільна абараніць сябе, не ігнараваць меры прафілактыкі. Асабліва – не забываць насіць маскі!

Побач з вопытнымі калегамі на “хуткай” працуюць, пераймаюць вопыт і маладыя медыкі.

Арцём Марчанка з 2014 года шчыруе фельчарам. Таксама скончыў Барысаўскі медыцынскі каледж.

— Першы выклік да пацыента з “каронай”? Вядома, памятаю. Не, страху самому заразіцца, захварэць не было. Мы ж у сродках індывідуальнай аховы. І для нас галоўнае – дапамагчы пацыенту, аблегчыць яго стан. Памятаю я і першыя выклікі, калі прыйшоў толькі на працу. Тады было страшна: а што калі я не змагу правільна вызначыць стан пацыента, аказаць яму дапамогу. У нас жа кожны выклік, кожнае дзяжурства не падобныя на папярэднія: ніколі не ведаеш, што чакае. Увогуле, з вопытам прыходзіць разуменне таго, што памыліцца ты не маеш права. Ды і памяць не сатрэш: шмат ужо ўбачыў, многае ўспрымаецца па-іншаму. Галоўнае ў нашай працы – быць заўсёды сабранымі, эмацыянальна ўстойлівымі. А для гэтага неабходна іншы раз “перазагрузка”. Чым займаюся ў вольны час? Люблю гуляць у валейбол, а зімой падабаецца выбірацца на рыбалку.

Бярэзінцам галоўнае пажаданне – захоўваць сацыяльнае дыстанцыянаванне! Іншы раз зойдзеш у магазін, на пошту: “лініі” дыстанцыі ігнаруюць, маскі не носяць… Страшна становіцца: чаму такія абыякавыя да свайго здароўя, здароўя блізкіх, родных, калег!

Ксенія Гурэнчык — студэнтка 4 курса медыцынскага ўніверсітэта. На выхадных падпрацоўвае фельчарам “хуткай”.

— Я ўжо 4 месяц сумяшчаю вучобу і працу, — расказвае дзяўчына. – Складана? Так, спачатку было страшна ехаць на выклікі. Неабходна ж хутка адрэагаваць на сітуацыю, не панікаваць. Зараз, нават з невялікім вопытам, прыйшла ўпэўненасць. Ды і ведаю, што магу звярнуцца да калег-прафесіяналаў: заўсёды падкажуць, раскажуць. Я аптыміст па жыцці, ва ўсім шукаю станоўчы бок. Праца падчас пандэміі: каласальны вопыт. Што параю бярэзінцам? Быць пазітыўнымі і захоўваць меры прафілактыкі.

На сувязі – дзяжурны фельчар

Дыспетчар Наталля Скобелева больш за 14 гадоў працуе на “хуткай”. Выязным фельчарам – 7 гадоў, і каля 7 – дыспетчарам.

Руку на пульце “хуткай дапамогі” трымае дыспетчар Наталля Скобелева. Жанчына на “хуткай” працуе больш за 14 гадоў:была і выязным фельчарам. Апошнія гадоў 7 – дыспетчар. За час працы прыняла сотні тысяч выклікаў, накіравала на дапамогу не меншую колькасць «хуткіх» брыгад, дала мноства парад па тэлефоне.

— Эмацыянальна вельмі складаная праца, — расказвае дыспетчар. – Нам патрэбна сабраць інфармацыю пра пацыента: стан, якія сімптомы, год нараджэння, прозвішча, імя, імя па бацьку. Іншы раз тыя, што выклікаюць “хуткую”, пачынаюць абурацца, маўляў, хутчэй прыязджайце, навошта вам гэта інфармацыя. Нам абавязкова неабходны гэтыя дадзеныя, каб вызначыць, які выклік – экстранны ці неадкладны. У залежнасці ад гэтага — накіроўваем брыгады «хуткай».

Ці стала падчас пандэміі больш выклікаў? Выклікаў, здаецца, не. А вось тэлефонных званкоў – так. Людзі тэлефануюць, пытаюцца, што патрэбна рабіць, калі павышаная тэмпература, як выклікаць урача на дом і гэтак далей. І мы кожнаму павінны даступна адказаць, калі неабходна, пераадрасаваць выклік да спецыялістаў.

“Галоўнае — хутка даставіць брыгаду на выклік! Але і пра бяспеку забываць нельга”

— Працаваць вадзіцелем на “хуткай” складана эмацыянальна, — зазначае вадзіцель Віктар Шагойка. — Працуем па 12 гадзін. Бывае, што амаль увесь час у дарозе

Паступае выклік. І па нарматывах, брыгада павінна прыехаць да пацыента на экстранны выклік за 20 хвілін па горадзе, 40 хвілін — у сельскай мясцовасці. За тое, каб хутка і своечасова даставіць медыцынскіх работнікаў на выклік, адказвае вадзіцель.

Віктар Шагойка працуе вадзіцелем “хуткай дапамогі” ўжо 7 год.

— Работа эмацыянальна вельмі складаная. Былі выпадкі, што ў машыне і нараджаліся дзеці (так, памятаю, нарадзілася дзяўчынка), на жаль, і паміралі пацыенты…, — расказвае В. Шагойка. – Мы працуем па 12 гадзін: іншы раз здараецца так, што ўвесь час за рулём. Мая галоўная задача — хутка даставіць брыгаду на выклік. Але і пра бяспеку руху ніколі не забываю. Калі фельчар паведамляе, што неабходна пацыента як мага хутчэй даставіць у ЦРБ, уключаю сірэну. Вадзіцелі бачаць, прапускаюць. Але здараецца, што і ігнаруюць сірэну. Таму хочацца пажадаць бярэзінцам быць больш уважлівымі, нераўнадушнымі да чужога гора!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Ад іх аператыўнасці, прафесіяналізму жыццё залежыць на ўсе “103” працэнты!: 1 комментарий

  • 28 января 2021 в 22:53
    Permalink

    Действительно, профессионалы

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *