Ад “Сцяг Леніна” да “Бярэзінскай панарамы”: з днём нараджэння, раёнка!

У Ніны Федаровіч і Святланы Бондар заўсёды ёсць агульныя тэмы для абмеркавання

У панядзелак, 2 лістапада, калектыў рэдакцыі будзе прымаць віншаванні ад сваіх чытачоў з нагоды дня нараджэння раённай газеты “Бярэзінская панарама”. На першай старонцы выдання ёсць запіс “Выдаецца з 2 лістапада 1931 года”. Цяжка паверыць, але сёлета раёнцы спаўняецца 89 гадоў.
Узрост шаноўны, але выданне з кожным годам усё больш маладзее. Старонак стала больш, іх ажыўляюць выразныя здымкі, сучаснае мастацка-тэхнічнае афармленне. У калектыў уліліся маладыя, здольныя творцы.
Дзякуючы гэтаму, пашыраюцца разнастайнасць і праблематыка публікацый, з’яўляюцца новыя рубрыкі і тэматычныя старонкі. Але душа раёнкі застаецца нязменнай. Як і раней, на яе старонках усебакова асвятляецца жыццё раёна. Галоўнымі героямі былі і застаюцца людзі працы. З матэрыялаў, фотаздымкаў у газеце бачна, чым заклапочаны бярэзінцы, якія творчыя дасягненні і праблемы сустракаюцца на іх шляху, чым жывуць працоўныя калектывы. Больш таго, акрамя раённых, у газеце адлюстроўваюцца галоўныя рэспубліканскія і абласныя падзеі. Нашы карэспандэнты прысутнічаюць на мерапрыемствах рознага ўзроўню.                                                                                                                                                                                                                                   Свой друкаваны радок у гісторыю раёнкі ўпісалі адданыя журналісцкай справе людзі. Яркія асобы, таленавітыя творцы, якія адзначаны вышэйшай узнагародай — прызнаннем чытачоў. У кожнага пакалення бярэзінцаў свае ўпадабаныя аўтары і тэмы.
Справу папярэднікаў дастойна працягвае цяперашні калектыў рэдакцыі. Тут заў-сёды камфортна і ўтульна і загартаваным аксакалам пяра, і амбіцыйным прадстаўнікам новага пакалення. Пераадольваючы цяжкасці, разам мы ствараем гісторыю раёна, вядзём летапіс кожнага дня. Стараемся быць аператыўнымі і аб’ектыўнымі. Робім усё магчымае для таго, каб газета заставалася надзейным сябрам і добрым дарадцам для кожнага чытача.
«Нам не дано предугадать, как наше слово отзовется…” Гэты вершаваны радок мае непасрэднае дачыненне да творчай дзейнасці карэспандэнтаў. Заўсёды трэба думаць, як наша слова адгукнецца ў сэрцах і душах, як паўплывае на свядомасць людзей. За амаль 90 гадоў дзейнасці выдання неаднойчы змяняліся грамадскія ідэалы, уяўленні і стэрэатыпы, у тым ліку таго, якой трэба быць раённай газеце. Журналістам даводзілася многае асэнсоўваць, праходзіць складаны і супярэчлівы шлях да ісціны і свайго ўласнага почырку. Карэктывы, якія ўносіла кожная эпоха, уплывалі на тэматыку газеты. Але ва ўсе часы яна захоўвала вернасць чытачу, спрыяла развіццю народнай гаспадаркі, культурнай і сацыяльнай сферы.
Прыемна, калі публікацыям даюць высокую ацэнку, адзначаюць у сацыяльных сетках. Гэта акрыляе — і працаваць хочацца, не шкадуючы ні сіл, ні энергіі. Аднак нярэдка чытачы крытыкуюць нас за празмерна пазітыўны газетны радок. Маўляў, вакол столькі праблем, а вы толькі ўсхваляеце. Што казаць, негатыву вакол, і сапраўды, хапае. Гэта прыгнятае, псуе настрой і заглушае ўсялякую стваральную працу. Пазітыў, наадварот, натхняе і акрыляе, абуджае да міласэрнасці, узаемаветлівасці і павагі.
Ёсць меркаванне, што ўласнымі думкамі чалавек стварае сваю будучыню. Толькі дзякуючы станоўчым эмоцыям гарантаваны ўдача і поспех. Тым і кіруемся!
У дзень нараджэння раённай газеты мы смела сцвярджаем: журналіст – гэта назаўсёды. У пра-фесійным асяроддзі нават жартуем, маўляў, такі «дыягназ» не лечыцца… Не верыце? А пагутарце пра журналістыку, паэзію і прозу газетнай справы з былым адказным сакратаром рэдакцыі Нінай Федаровіч. Чвэрць веку яна была адзіным цэлым з газетай. І сёння яна ў добрым сэнсе «не роўна дыхае» да ўсяго, што датычыцца раённай газеты. Калі было б інакш, гэта была б не наша Ніна Бенікаўна. Яна бярэцца за справу і акунаецца ў яе з галавой. Столькі пісала пра нядобранадзейныя сем’і, праблемы медыкаў і пытанні гандлю, вяла некалькі творчых праектаў і тэматычных старонак, ды і сёння яна ў творчым страі — не стамляецца пісаць вершы, якія з першых радкоў верадзяць душу.
Ніна Федаровіч — важная персона ў нашай дружнай рэдакцыйнай сям’і. Заўсёды нераўнадушная, бадзёрая аптымістка, зацікаўленая, яна глядзіць на жыццё з любоўю, молада і пранікліва. Пра што разважае яна і чаго жадае нашым чытачам?
— Што найхутчэй за ўсё на свеце? Адназначна, час. Ён ляціць з такой хуткасцю, што іншым разам нават не заўважаеш яго. Мінула шэсць гадоў, як я пакінула работу ў рэдакцыі, а здаецца, яшчэ ўчора штодзённа спяшалася на працу. Яшчэ ўчора поплеч былі дарагія сэрцу калегі.
Мне хацелася ва ўсім быць падобнай на Гертруду Пятроўну Шчур. Магчыма, гэта не надта ўдалося, бо далёка не кожнаму дадзена быць такім надзвычай таленавітым журналістам, паэтам і ў той жа час шчырым, сціплым і мудрым чалавекам з вялікай душой і спагадай да кожнага, хто побач. Я шчыра ўдзячна Міхаілу Уладзіміравічу Кулінковічу. Гэта пры яго рэдактарстве я прыйшла ў газету. У многім дзякуючы яму на старонках выдання з’явіліся мае першыя праблемныя матэрыялы. Былі свае складанасці, але ён заўсёды падтрымліваў, верыў і давяраў, заахвочваў шукаць новыя цікавыя формы падачы матэрыялаў.
Сумленны, сціплы, разважлівы і працавіты Павел Антонавіч Несцяровіч, побач з якім было так зацішна… Не магу стрымаць слёз, калі ўспамінаю гэтых людзей. Надзея Арсеньеўна Пантус, Барыс Флоравіч Манцэвіч, Уладзімір Паўлавіч Несцяровіч… Значная частка майго жыцця прайшла побач з імі. Кожны з іх у пэўным сэнсе ўкладаў у мяне штосьці сваё, па-свойму ўплываў на маю журналісцкую дзейнасць, на маю творчасць. Рэдакцыя была маім другім домам, калектыў — маёй сям’ёй. Наколькі ў мяне атрымалася стаць сапраўдным журналістам, меркаваць чытачу. Безумоў-на, колькі людзей — столькі і меркаванняў. У кожнага павінна быць свая думка. Як кажуць, ісціна пасярэдзіне. Галоўнае — заставацца годным чалавекам, не губляць сумленне. Паколькі любая пасада, як толькі мы пакідаем працу, застаецца ў мінулым, а чалавечая годнасць да канца нашага жыцця разам з намі.
За чвэрць стагоддзя работы ў рэдакцыі на старонках раёнкі з’явілася шмат маіх публікацый. Адны дарылі цяпло маёй душы, другія – боль, бо ўсё напісанае перажывалася як уласнае, праходзіла праз сэрца. Асабліва ўспамінаюцца і да сённяшняга дня матэрыялы пра нядобранадзейныя сем’і, дзетак, пазбаўленых мацярынскай ласкі, створаныя ў супрацоўніцтве з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святланай Бондар.
Надыходзіць час і старэйшыя саступаюць дарогу маладым. Колькі б мы сябе ні лічылі самымі мудрымі і вопытнымі, выдатнымі знаўцамі ўсяго на свеце, аднак менавіта маладыя больш за нас разумеюць дадзены час, менавіта маладым ствараць заўтрашні дзень. Ніколькі не сумняваюся ў таленце тых, хто зараз працуе ў рэдакцыі. Гэта бачна па матэрыялах. Думаю, дзякуючы ім, наша раёнка будзе і далей карыстацца папулярнасцю. Ва ўсякім разе калектыву выдання жадаю радаваць чытачоў сваімі матэрыяламі, мець багата творчых задум, знаходзіць новыя ідэі і тэмы. А чытачам — заставацца і надалей са сваёй любімай газетай.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Ад “Сцяг Леніна” да “Бярэзінскай панарамы”: з днём нараджэння, раёнка!: 1 комментарий

  • 5 ноября 2020 в 20:06
    Permalink

    А В.Д. Самохвалова словно и не было в редакции. А он, то есть, я — до сих пор (с 1072 года) в журналистке, печатаюсь в российском сетевом журнале » Камертон», издал три книги. И лишь карантин помешал приехать в Березино на день рождения МОЕЙ газеты…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *