Справа з дрэнным пахам трапіла да бярэзінскіх праваахоўнікаў

30 студзеня ў міліцыю звярнуўся жыхар вёскі Трасцянка. Невядомы ў яго адсутнасць разліў у пакоях яго дома арганічны бруд і сапсаваў маёмасць.

У ходзе праверкі ўчастковым інспектарам міліцыі Сяргеем Собалем была ўстаноўлена падазроная асоба. Ёй аказалася сужыцелька заяўніка і маці яго дзіцяці. Даведаўшыся пра гэта, мужчына даў “задні” ход справе і не пажадаў пакараць жанчыну за яе недалікатны ўчынак. Як ён прызнаўся, віной усяму стала здрада.
— З падобным высвятлен-нем адносін і жаночай помстай за здраду мы сутыкаемся ўпершыню, — расказвае намеснік начальніка аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку РАУС Вадзім Сакаў. – Мяркую, жанчына зрабіла гэта ў вялікай роспачы і адчаі, за тое, што яе падманулі. Але навошта ўцягваць у брудныя сямейныя разборкі міліцыю і пляміць славай уласную рэпутацыю? Лепш было вырашыць асабістыя пытанні, не выносячы, у прамым сэнсе, бруд на агляд.
Спачатку года ў раённы аддзел унутраных спраў наконт сямейных скандалаў і сварак звярнулася 19 чалавек, пераважная большасць заяўнікаў — жанчыны, якія скардзяцца на мужчын, што злоўжываюць алкаголем.
— У гэтым выпадку міліцыі лягчэй утаймаваць канфлікт, — падкрэслівае міліцыянер. — Выпісваюцца ахоўныя прадпісанні, аператыўна вядзецца накіраванне на прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Гэтыя меры прафілактыкі сямейных канфліктаў мы шырока выкарыстоўвалі ў мінулым годзе — і сёння назіраем істотнае змяншэнне заяў. Таму заклікаем усіх бярэзінцаў вырашаць сямейныя праблемы без ганьбы людзей і бруднага паху.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *