Актуальнае інтэрв’ю. Аб наркалагічнай дапамозе ў Бярэзінскім раёне

Алкагалізм – жудасная хвароба. За ёй схаваны пакалечаныя жыцці, слёзы, няздзейсненыя мары тых, хто злоўжывае алкагольнымі напоямі, і іх родных, блізкіх, сяброў. Але кожнаму, хто жадае перамагчы “зялёнага змея”, гатовы дапамагчы кваліфікаваныя спецыялісты.

Якая дапамога аказваецца, куды звяртацца, ды і, увогуле, якія вынікі злоўжывання алкагольнымі напоямі? Аб гэтым мы і пагутарылі з урачом-псіхіятрам-нарколагам Бярэзінскай ЦРБ Вольгай Жукоўскай.

— Ці ўсе ўсведамляюць і разумеюць такую хваробу як залежнасць?

— Алкагалізм — хвароба адмаўлення. Многія з вялікай цяжкасцю прымаюць сам факт залежнасці. Суседзі, сваякі, дзеці ведаюць: у роднага чалавека залежнасць ад алкаголю, а сам ён гэтага не разумее. Большасць нашых пацыентаў перакананыя ў тым, што не хворыя. А звяртаюцца да ўрача, бо баяцца страціць працу, хочуць аднавіць бацькоўскія правы, выйсці з сямейнага канфлікту… Але адна з задач рэабілітацыі — каб чалавек усвядоміў, што сапраўды
хворы, і захацеў вылечыцца.

— Якая дапамога аказваецца пацыентам, што злоўжываюць алкагольнымі напоямі?

— Ёсць два віды лячэння: амбулаторнае і стацыянарнае. Да прыкладу, чалавек доўгі час злоўжывае алкагольнымі напоямі, разумее, што самастойна “завязаць” ужо не атрымаецца, цяга да спіртнога носіць непераадольны характар. Яму абавязкова неабходна звярнуцца да нас у наркалагічны кабінет. Мы яго абследуем. На падставе сабраных дадзеных назначым лячэнне.

— Як праходзіць амбулаторнае лячэнне?

— Выпісваем пацыенту неабходныя медыкаменты і ён строга па назначэнні прымае іх дома. Тлумачым як, у які тэрмін неабходна прыходзіць на прыём да ўрача-нарколага. Многія пытаюцца, нават абураюцца, навошта прыходзіць зноў… Адказ відавочны, каб ацаніць, ці ёсць станоўчая дынаміка лячэння. Магчыма, змяніць лячэнне, прызначыць іншыя прэпараты. Гэта ўсё індывідуальна, залежыць ад стану здароўя пацыента.

— А калі вы бачыце, што чалавек не ў стане прымаць самастойна лекі, кантраляваць свой стан, якое лячэнне прапануеце?

— Калі бачым: жыццю і здароўю пацыента пагражае небяспека, прапануем стацыянарнае лячэнне. Шпіталізуем у рэабілітацый-нае наркалагічнае аддзяленне “Мінскі абласны клінічны цэнтр “Псіхіятрыя — наркалогія”, дзе пацыент праходзіць лячэнне.

— Да прыкладу, чалавек гадоў пяць не злоўжываў алкагольнымі напоямі. Але тут нечакана з’явілася цяга. І ён разумее: сам не справіцца! Як быць?

— Прафілактычныя гутаркі з нарколагам і псіха-тэрапеўтам, медыкаментознае, стацыянарнае, амбулаторнае лячэнне, падшыўка, кадзіроўка. Многія праходзяць праз гэта. І зноў стаяць перад выбарам: піць альбо не. Узнікае шмат пытанняў: як вярнуцца да жыцця без алкаголю, як наладзіць адносіны з блізкімі, роднымі, як паверыць у сябе. Памятайце, жыццё ў тых, хто аднойчы спатыкнуўся, а затым знайшоў сілы падняцца, не спынілася. А для кагосьці, магчыма, толькі пачалося. Нягледзячы на цяжкасці, важна ўсвядоміць, што жыццё адно, не паўтараць памылак і не ўпусціць свой шанс.
Мы ўсім пацыентам, што маюць залежнасць ад алкаголю, прапануем прайсці курс лячэння ў рэабілітацыйным цэнтры “Исток”. Там з пацыентамі працуюць псіхолагі, псіхатэрапеўты. У якасці “настаўнікаў” выступаюць і людзі, якія самі злоўжывалі калісьці алкагольнымі напоямі. Рэабілітацыя ў цэнтры праходзіць на працягу 29 дзён. Па накіраванні ўрача-нарколага — лячэнне бясплатнае. Але можна прайсці рэабілітацыю і ананімна – тады ўжо на платнай аснове.

— Ці могуць да вас звярнуцца родныя, сябры чалавека, які злоўжывае напоямі, папрасіць парады?

— Так, нярэдка звяртаюцца родныя. Мы гатовы выслухаць кожнага. Але самая галоўная рэкамендацыя, каб як мага хутчэй за дапамогай звярнуўся пацыент. Нагадаем, што дапамога можа аказвацца ананімна і канфідэнцыяльна.

— Кажуць, што залежнасць у жанчын развіваецца хутчэй, чым у мужчын?

— Гэта індывідуальна. Усё залежыць ад фізіялагічных асаблівасцей арганізма, псіхалагічнай структуры таго альбо іншага чалавека, асяроддзя, у якім ён пражывае. Калі ў каго-небудзь з родных была залежнасць ад алкаголю, то рызыка ўзрастае. І гэта не залежыць ад палавой прыналежнасці. Уплывае і такі фактар, як першапачатковая павышаная талерантнасць. Гэта значыць — высокая доза алкаголю, якую чалавек адразу можа прыняць. Пагаршаюць сітуацыю спадарожныя хваробы страўнікава-кішэчнага тракту, нырак… Вядома ж, сваё важкае слова “гавораць” псіхалагічныя фактары.

— Нагадайце, якія наступствы тоіць у сабе злоўжыванне алкагольнымі напоямі?

— Напэўна, многія заўважылі, як нават знешне мяняецца чалавек, які “пасябраваў” з алкаголем: непрыемны знешні выгляд, блытаная мова. Вучонымі даказана: няма бяспечных, а тым больш карысных доз алкаголю. Сістэматычнае яго ўжыванне прыводзіць да заўчаснай старасці і інваліднасці. Працягласць жыцця асоб, схільных да п’янства, на 15-20 гадоў карацей за сярэднестатыстычны паказчык. Пацыенты, якія сябруюць з гарэлкай, паміраюць, як правіла, не ад алкагольнай хваробы, а ад спадарожных захворванняў: пашкоджанне печані, сэрца, сасудаў.

Справка «БП»

В кризисных и сложных ситуациях граждане могут обратиться по «телефону доверия» наркологического кабинета — (801715-55115) и «телефону доверия» психиатрического кабинета» — (801715-52100), также в службу экстренной психологической помощи «Телефон доверия», работающую на базе учреждения здравоохранения «Минский областной клинический центр «Психиатрия наркология». Представленная служба экстренной психологической помощи «Телефон доверия» — 8-017-202-04-01 (городской), 8029-889-04-01 (МТС) является областной. Помощь оказывается бесплатно, анонимно, круглосуточно и без выходных.

В службу экстренной психологической помощи «Телефон доверия» Минской области также можно обращаться через мессенджеры Телеграм (Telegram), Вайбер (Viber), Ватсап (WhatsApp) (+375298990401).

Юлія Букель.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *