Актуальнае інтэрв’ю са старшынёй райсавета Віктарам Лашкоўскім

Ужо стала добрай традыцыяй штогод праводзіць у раёне месячнікі па добраўпарадкаванні тэрыторый, таму што тэма навядзення парадку на зямлі не губляе актуальнасці. Пра сёлетнія мерапрыемствы і планы на будучае ў сённяшнім інтэрв’ю са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Віктарам Лашкоўскім.


— Як паведамлялася раней, з 1 па 30 красавіка ў раёне праходзіў месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый. Быў распрацаваны і план мерапрыемстваў. Што ён у сябе ўключаў і ці ўдалося выканаць намечанае ў поўным аб’ёме?
— Трэба адзначыць, што работы па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні вядуцца сістэмна і рэгулярна. А месячнікі і суботнікі з’яўляюцца добрай нагодай для бярэзінцаў папрацаваць на карысць роднай старонкі.
Пацвердзіў гэта і сёлетні вясновы месячнік, да якога далучыліся працоўныя калектывы арганізацый і прадпрыемстваў, члены грамадскіх арганізацый і нераўнадушныя бярэзінцы.
Што датычыць плана мерапрыемстваў: ён меў комплексны характар. Уключаў работы па навядзенні парадку на рэспубліканскіх і мясцовых дарогах, у лясных масівах, на аб’ектах сельгаспрадпрыемстваў, адміністрацыйных і вытворчых тэрыторыях.
У цэлым падчас месячніка ачышчана 163 кіламетры палос адводу аўтамабільных дарог, высаджана 200 дрэў уздоўж аўтамабільных дарог, заменена 35 пашкоджаных знакаў, адрамантавана 6 аўтобусных прыпынкаў і 8 пляцовак для адпачынку. У сельскай мясцовасці спілавана 246 аварыйных дрэў, знесена 7 лядашчых пабудоў, высаджана 496 лясных культур, ліквідавана 26 стыхійных звалак.
— Кіраўніцтвам раёна шмат увагі надаецца месцам адпачынку бярэзінцаў. Навідавоку добраўпарадкаваная зона каля штучнага возера па вуліцы Перамогі горада. Што яшчэ ў перспектыве?
— Так, у раёне возера летась добраўпарадкавалі тэрыторыю. Скейт-парк і гульнявы комплекс, антывандальныя трэнажоры ўжо прыйшліся даспадобы бярэзінцам. Але работа на гэтым не завершана. У хуткім часе з’явяцца тут пляцоўкі для пляжнага валейбола і футбола, а прылеглая тэрыторыя ляснога масіву набудзе выгляд паркавай зоны. Непадалёк размесціцца таксама імправізаваны амфітэатр са сцэнай, што дазволіць праводзіць у зоне адпачынку культурныя мерапрыемствы.
На фінішную прамую выходзіць добраўпарадкаванне тэрыторыі каля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам, што дазволіць надаць яшчэ больш утульнасці і прыгажосці гэтаму месцу.
Абноўлены выгляд набыла і тэрыторыя былога сплаўучастка. Падчас месячніка правялі рэвізію высаджаных тут летась лясных культур. Цяпер галоўнае – іх належны догляд, каб з часам жыхары прылеглых дамоў маглі з ахвотай адпачываць у скверы, што выдатна падыдзе для сямейнага адпачынку.

Прадстаўнікі мясцовай улады заняты на пасадцы лясных культур

— Вядома, што перад мясцовай уладай пастаўлена задача па скарачэнні колькасці міні-палігонаў з іх наступнай ліквідацыяй. Што зроблена сёлета ў гэтым накірунку?
— Так, да 2021 года міні-палігоны ў раёне неабходна ліквідаваць. Такім чынам, адходы будуць паступаць на адзіны гарадскі палігон цвёрдых камунальных адходаў. Тут жа плануецца будаўніцтва станцыі сарціроўкі, дзе з агульнага аб’ёму адходаў будуць адбірацца асобныя віды другаснай сыравіны. Рэкультывацыя міні-палігонаў праводзіцца паэтапна. Сёлета ўжо праведзены работы на міні-палігонах у вёсках Каменны Барок і Высокая Гара. Хутка завершыцца рэкультывацыя міні-палігона ў вёсцы Жорнаўка. Увогуле да канца года запланавана ліквідацыя ўсіх міні-палігонаў на тэрыторыі раёна.
— Ці не ўзнікне ў бярэзінцаў у сувязі з новаўвядзеннямі праблем з вывазам адходаў?
— Сёння збор і вываз адходаў у насельніцтва ажыццяўляецца рэгулярна па графіку. На балансе камунальнікаў кантэйнеравозы і аўтамабілі для збору смецця з задняй загрузкай. Няма праблем і з вывазам буйнагабарытных адходаў. Але ж аб’ёмы смецця ў далейшым будуць толькі расці, таму і жыллёва-камунальнай гаспадарцы неабходна ўжо сёння прадумваць шляхі нарошчвання аб’ёмаў тэхнічнай магчымасці, удасканальваць рэжым работы і весці растлумачальную работу з насельніцтвам.
— Як вядома, у сувязі з юбілейнай датай Перамогі, сёлета значная ўвага надавалася месцам пахавання воінаў і мірных жыхароў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
— Добраўпарадкаванне памятных месцаў – наш святы абавязак. Сёлета, як і штогод, ніводнае месца пахавання не засталося без увагі членаў працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, прадстаўнікоў сельвыканкамаў. Дзякуючы іх сумесным намаганням, прыведзены ў парадак і грамадзянскія могілкі. Маштабная работа падчас месячніка разгарнулася на могілках у аграгарадку Лешніца. Дарэчы, трэба аддаць належнае кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, якія аказалі дапамогу ў прадастаўленні тэхнікі.
— Мерапрыемствы выконваюцца, работы вядуцца, але, на жаль, не ўсе адчуваюць сваё непасрэднае дачыненне да агульнай справы.
— Сумна адзначаць, але яшчэ не зжылі сябе спажывецкія адносіны людзей да таго, што існуе вакол. Сведчаць пра гэта альтанкі і дзіцячыя гульнявыя канструкцыі, што тэрмінова прыйшлі ў непрыдатнасць, дзякуючы “старанным” жыхарам. Значыць, людзі проста не зацікаўлены ў захаванні таго, у што ўкладзены душа, сілы і грашовыя сродкі, у тым ліку і заробленыя падчас суботнікаў.
А можна ж і па-іншаму… Імкнуцца зрабіць сваю малую радзіму яшчэ лепшай, прыгажэйшай, больш утульнай і камфортнай для дзяцей і ўнукаў. І тады наш агульны дом будзе заўсёды ў парадку.
Дарэчы, заробленыя сёлета сродкі падчас рэспубліканскага і раённага суботнікаў будуць выкарыстаны на добраўпарадкаванне месцаў пахавання
часоў Вялікай Айчыннай вайны, падрыхтоўку летніх лагераў для адпачынку дзяцей, а таксама на добраўпарадкаванне населеных пунктаў.

Алена МУРАЧ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Актуальнае інтэрв’ю са старшынёй райсавета Віктарам Лашкоўскім: 1 комментарий

  • 29 мая 2020 в 22:31
    Permalink

    Хоть фото далт толковое, за работой! Радуете

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *