Актуальнае інтэрв’ю. Як атрымаць субсідыі на адкрыццё бізнесу?

Упэўнена, працаўладкаванне – пытанне, якое хвалюе кожнага. І кожны імкнецца знайсці справу па душы. А калі не задавальняюць прапанаваныя вакансіі, то можна заняцца бізнесам. Так, адкрыццё бізнесу – справа з затратамі. Але нічога немагчымага няма, было б жаданне. Адзін з варыянтаў – звярнуцца ў службу занятасці па субсідыю. Як яе атрымаць, хто на яе можа разлічваць, колькі яна складае? Аб гэтым наша актуальнае інтэрв’ю з загадчыкам сектара занятасці – намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святланай Сайкоўскай.

— Калі вы жадаеце адкрыць бізнес, але не хапае сродкаў, звяртайцеся ў сектар занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама (адрас – вул. Кастрычніцкая, 39, тэлефон – 5-46-20), — зазначае загадчык сектара Святлана Сайкоўская

— Хто мае права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі на адкрыццё бізнесу?

— Згодна з заканадаўствам фінансавая падтрымка аказваецца беспрацоўным грамадзянам, якія жадаюць адкрыць уласную справу.
Галоўная ўмова – зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага ў нашым сектары занятасці.

— Але ж аднаго жадання для адкрыцця бізнесу не хопіць… Патрэбен вопыт, уменні, навыкі. Як быць?

— Накіроўваем беспрацоўных на двухтыднёвыя курсы “Прадпрымальніцкая дзейнасць”, якія праходзяць у Барысаве альбо Мінску. Вучоба і пражыванне бясплатныя. Пасля навучання грамадзянін прадастаўляе бізнес-план і падае заяву на атрыманне субсідый.

— Як доўга вырашаецца пытанне з прадастаўленнем субсідыі?

— Дакументы разглядаюцца на працягу 14 каляндарных дзён у камісіі, якая створана пры ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. На выніковае пасяджэнне для гутаркі запрашаецца беспрацоўны. Прымаецца рашэнне. Пры вырашэнні пытання на карысць заяўніка з ім заключаецца дагавор аб прадастаўленні субсідыі. І беспрацоўны на працягу пэўнага тэрміну павінен адкрыць ІП, заняцца рамесніцкай дзейнасцю ці аграэкатурызмам.

— Колькі налічвае субсідыя?

— Памер яе для гарадскіх жыхароў складае 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму на дату заключэння дагавора, для тых, што зарэгістраваны ў сельскай мясцовасці, — 15 бюджэтаў. Да прыкладу, на сёння гэта даволі значная сума – 2817 рублёў 10 капеек альбо 3841 рубель 15 капеек. Грошы пералічваюцца на банкаўскі рахунак. Іх можна адразу ж зняць з рахунку, альбо аплаціць пакупкі па безнаяўным разліку. Даецца тры месяцы, каб асвоіць субсідыю. Яе неабходна выкарыстоўваць на тое, што патрэбна для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці: закупка абсталявання, матэрыялаў, аплата арэнды. Затым у сектар занятасці прадастаўляюцца таварныя, касавыя чэкі, якія пацвярджаюць мэтавае выкарыстанне атрыманых сродкаў.

— На якія віды дзейнасці выдаецца субсідыя?

— Прадастаўляецца бязвыплатная субсідыя на ўсе віды дзейнасці, акрамя гандлю. Гэта аказанне паслуг насельніцтву, вытворчасць, рамесніцкая дзейнасць, грузаперавозкі, рамонт і пашыў адзення, турыстычная і рэкламная дзейнасць, манікюр, педыкюр, цырульніцкая справа.

— Ці шмат людзей у Бярэзінскім раёне звяртаецца за субсідыяй?

— Штогод пяці беспрацоўным мы аказваем такую дзяржаўную падтрымку. І калі раней за субсідыяй звярталіся людзі старэйшага ўзросту, то зараз — моладзь да 30 гадоў. І гэта нас вельмі радуе. Значыць, раён развіваецца.

— Да прыкладу, чалавек узяў субсідыю, адкрыў бізнес, працуе. Субсідыю ж не патрэбна вяртаць?

— Не, калі бізнес працуе, то нічога вяртаць не патрэбна. Але варта памятаць, што калі больш за 6 месяцаў на працягу 12-месячнага перыяду з моманту рэгістрацыі грамадзянін не ажыццяўляў дзейнасць і не паведаміў у падатковыя органы аб прычынах такога становішча спраў, ён павінен вярнуць субсідыю.

— Уявім сітуацыю, беспрацоўны атрымаў субсідыю, але справа “прагарэла”. Ці можа чалавек разлічваць на паўторнае атрыманне сродкаў?

— Не. Такая падтрымка аказваецца адзін раз, паўторна субсідыю атрымаць нельга. Таму трэба першапачаткова ўсё прадумаць і пастарацца ўкласці атрыманыя сродкі максімальна эфектыўна.

Мовай лічбаў

У сектары занятасці сёння зарэгістравана 15 беспрацоўных. Узровень беспрацоўя складае 0,1%. У Бярэзінскім раёне — 154 вакансіі.
За 7 месяцаў за садзейнічаннем у працаўладкаванні звярнуліся 325 чалавек, з іх 51 быў зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага. Працаўладкаваны — 238, 12 – накіраваны на навучанне.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Актуальнае інтэрв’ю. Як атрымаць субсідыі на адкрыццё бізнесу?: 1 комментарий

  • 19 августа 2020 в 15:10
    Permalink

    Хоть что-то полезное написали. Я и не знала

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *