Актуальныя пытанні жыццядзейнасці раёна абмеркавалі на пасяджэнні ў райвыканкаме пад кіраўніцтвам старшыні Аляксандра Бабічава

Дапамагчы рэалізавацца

Занятасць насельніцтва была ў аснове выступлення начальніка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяль-най абароне райвыканкама Вольгі Калячка.
— Па стане на 1 лютага бягучага года на ўліку ў сектары занятасці знаходзілася 7 беспрацоўных. З іх 4 — гарадскія жыхары і 3 – з сельскай мясцовасці, 1 жанчына і 6 мужчын. Паказчык зарэгістраванага беспрацоўя складаў 0,1%, — зазначыла Вольга Васільеўна.
Па яе словах, на названую дату наймальнікамі раёна было заяўлена 187 вакансій, з іх па рабочых спецыяльнасцях — 83. Аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні 26 грамадзянам, у тым ліку 4 беспрацоўным. Разам з тым, працягнута практыка запрашэння незанятых у эканоміцы грамадзян пасля іх звальнення на пасяджэнні камісіі па працаўладкаванні.
На гэтым акцэнтаваў увагу прысутных і Аляксандр Мікалаевіч. Людзі, што па нейкіх прычынах страцілі працоўнае месца, не павінны заставацца сам-насам з праблемамі, ім неабходна падтрымка і дапамога зацікаўленых службаў. Толькі тады чалавек зможа рэалізавацца ў грамадстве.

Дайсці да кожнага

Наступствы пажару ў вёсцы Чырвоны Бераг

З аналізу пажарнай абстаноўкі пачаў сваё выступленне начальнік Бя-рэзінскага РАНС Мікалай Андрыевіч. Па яго словах, сітуацыя з пажарамі напружаная. З пачатку года ў раёне іх адбылося 7, 1 чалавек загінуў.
З мэтай паляпшэння сітуацыі з 3 па 29 лютага на тэрыторыі раёна аб’яўлены месячнік пажарнай бяспекі. Падчас месячніка ва ўзмоцненым рэжыме вядзецца праверка домаўладанняў грамадзян членамі аглядавых камісій.
— Дайсці да кожнага, — такую задачу паставіў перад прысутнымі Аляксандр Бабічаў. – Асаблівую ўвагу надаваць грамадзянам з катэгорыі сацыяльна-неаба-
роненых. Суб’ектам прафілактыкі арганізаваць выступленні на сельскіх сходах і ў працоўных калектывах. Забяспечыць максімальнае ўцягненне ў прафілактычную работу членаў маладзёжных і грамадскіх аб’яднанняў, добраахвотных дружын. Суб’ектам гаспадарання прывесці ў належны стан падведамаснае жыллё. Нішто не павінна ствараць пагрозу для здароўя і жыцця грамадзян.

Вырашыць у тэрмін

Звароты бярэзінцаў, што паступілі падчас асабістых прыёмаў і “прамых ліній”, агучыла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Наталля Аскірка.
Так, звароты датычыліся змянення нумарацыі дамоў, рэжыму работы магазіна, рамонту вясковых дарог і абсталявання крытага аўтапавільёна на аўтобусным прыпынку, графіка руху аўтобусаў, саманарыхтоўкі і дастаўкі дроў, вывазу буйнагабарытных адходаў і іншых надзённых пытанняў.
Жыхароў вуліцы Маладзёжнай вёскі Навасёлкі, напрыклад, хвалявалі якасць пітной вады, стан мясцовай дарогі і лядашчыя дамы. Адказы на хвалюючыя пытанні вяскоўцы знайшлі днямі падчас сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовай улады і раённых службаў (матэрыял апублікаваны на старонках раённай газеты за 15 лютага).
— Усе праблемныя пытанні павінны быць на кантролі і няўхільна вырашацца ў агавораны тэрмін, — падкрэсліў Аляксандр Мікалаевіч.

Алена МУРАЧ.
Фота з архіва
Бярэзінскага РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *