Алімпіяда па Правілах дарожнага руху вызначыла лепшых

Новы фармат і месца правядзення даўно ўпадабанага бярэзінскімі вучнямі штогадовага спаборніцтва былі абумоўлены даволі напружанай сітуацыяй з дзіцячым дарожным траўматызмам у вобласці.

Вось яны, пераможцы ў камандным заліку! У падарунак ім не толькі дыпломы, але і смачныя тарты

Сёння нярэдка траўмы атрымліваюць на дарозе дзеці і падлеткі ў якасці пешаходаў, пасажыраў і нават веласіпедыстаў. Не выключэнне і наш раён. Як вядома, у студзені вучань СШ №2 пераходзіў дарогу з парушэннем Правілаў дарожнага руху. Толькі цудам хлапчуку ўдалося пазбегнуць траўм. Віной усяму — элементарнае няведанне асноўных патрабаванняў правілаў паводзін на дарозе. Таму галоўнымі мэтамі мерапрыемства значыліся прапаганда вывучэння Правілаў дарожнага руху сярод дзяцей і падлеткаў, прывіццё ім навыкаў бяспечных паводзін на вуліцах і дарогах, а ў ліку арганізатараў былі аддзяленне Дзяржаўтаінспекцыі Бярэзінскага РАУС, упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Ды і невыпадкова спаборніцтвы “пераехалі” з навучальных устаноў у будынак ДТСААФ.

— Зроблена гэта знарок, бо тут устаноўлена самая сучасная камп’ютарная праграма праверкі ведаў Правілаў дарожнага руху, якая дазволіць нам выбраць лепшых з лепшых знаўцаў і каманду, якая адправіцца на абласны этап спаборніцтваў, — заўважыла намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ала Петруковіч. — Няхай вучні ўжо сёння адчуюць сапраўдны дух барацьбы.

У алімпіядзе прынялі ўдзел 13 каманд са школ раёна. Гонар кожнай навучальнай установы абаранялі па адным прадстаўніку пятых, шостых і сёмых класаў. Ім трэба было адказаць на пытанні ў білетах індывідуальна, а таксама камандай.

— Алімпіяда прайшла арганізавана і без заўваг з боку судзейскай калегіі, — паведаміла старшы інспектар ДПС аддзялення ДАІ Юлія Сігаёва. — Заданні дзецям прапаноўваліся нялёгкія. Таму ніхто, на жаль, не змог справіцца без памылак. Прычына не толькі ў новай праграме, але і паспешнасці, і пэўнай няўважлівасці дзяцей. Спяшаліся яны як мага хутчэй выканаць заданні. Перамаглі ж мацнейшыя.

Вось якраз пра лепшых знаўцаў правілаў зараз і даведаемся. Трэцяе месца заваявалі прадстаўнікі Ушанскай СШ, на другім месцы — дзяўчынкі з Дзмітравіцкай СШ. А найлепшыя вынікі паказала каманда СШ №2. У яе складзе былі Арцём Лапыцька (7 клас), Мікіта Самец (5 клас) і Даніла Андрэеў (6 клас). Прычым, перамаглі яны з пэўным адрывам. Прызналіся пераможцы, што заданні былі няпростыя. Але ж паспрыяла тое, што як след рыхтаваліся да алімпіяды, у тым ліку і з дапамогай камп’ютарных праграм. І шчыра ўдзячны за падрыхтоўку свайму педагогу Таццяне Зелянкевіч.

— Скажу сумленна, на перамогу мы не разлічвалі, — прызнаецца педагог, — рыхтаваліся, як і належыць. Аднак для дзяцей стала поўнай нечаканасцю новая праграма заданняў. Але мае хлапчукі не разгубіліся і дастойна прайшлі генеральную рэпетыцыю ведаў Правілаў дарожнага руху: дапусцілі ў камандных спаборніцтвах усяго дзве памылкі. Цяпер трэба падшліфаваць веды, набрацца ўпэўненасці, каб пацвердзіць званне лепшых на абласной алімпіядзе.

Вызначаны былі пераможцы і ў індывідуальным заліку. Так, сярод вучняў 5 класаў пераможцы размясціліся ў наступным парадку – Дзмітрый Богач з Багушэвіцкай СШ, Павел Ізмер з Бярэзінскай гімназіі і Станіслаў Стасевіч з Брадзецкай СШ. Сярод вучняў шостых класаў на пачэсным п’едэстале — Вадзім Лаўрыновіч з Паплаўскай СШ, Аляксей Алезарэнка з СШ №3 і Валерыя Акуліч з Гарэніцкай СШ. Сярод сямікласнікаў у пераможцах — Арцём Лапцёнак з СШ №2, Арцём Піскун з Гарэніцкай СШ і Сяргей Падольскі з Любушанскай СШ.

Усім ім былі ўручаны дыпломы пераможцаў, каштоўныя падарункі і тарты — лепшым тром камандам. Такі расклад журы нікога з удзельнікаў не пакрыўдзіў, бо дзеці не толькі з карысцю правялі дзве гадзіны, але і змаглі ў нагляднай форме паўтарыць Правілы дарожнага руху. Дзеля гэтага ў класах ДТСААФ быў наладжаны прагляд відэаролікаў аб правілах паводзінаў на дарозе. Аб гэтым паклапаціліся работнікі Дома дзіцячай творчасці. Цяпер галоўнае, каб дзятва выконвала правілы і не дапускала здарэнняў на дарозе!

 

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Паўла САЛАЎЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *