Анатоль Гарбацэвіч: “Прафілактыка “кароны” займае няшмат часу, а лячэнне можа зацягнуцца!”

Нядаўна медалём “Выдатнік аховы здароўя” ўзнагароджаны за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны ўклад у аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19 загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Бэрэзінскай ЦРБ Анатоль Гарбацэвіч.

Загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Анатоль Гарбацэвіч працуе ў райбальніцы каля 40 гадоў. Нядаўна яго працу адзначылі высокай узнагародай — медалём “Выдатнік аховы здароўя”

Анатоль Пятровіч не мясцовы, з Гродзеншчыны. Прыехаў у Бярэзінскую ЦРБ па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага інстытута. І вось ужо працуе ў райбальніцы амаль 40 гадоў!

— Чаму выбраў медыцыну? Напэўна, проста хацеў дапамагаць людзям. Паступіў у медыцынскі інстытут. І першапачаткова марыў быць хірургам. Але затым, калі пачалася практыка, звярнуў увагу на работу ўрача анестэзіёлага-рэаніматолага. І мяне гэта спецыяльнасць “зацягнула”. Пачынаў сваю працоўную дзейнасць у райбальніцы анестэзіёлагам-рэаніматолагам. Дзесьці з 90-ых гадоў, калі стварылі аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі, працую загадчыкам, — расказвае Анатоль Пятровіч. – Зараз у нас хапае ўрачоў. А раней, калі толькі пачынаў, нават даводзілася пэўны час працаваць аднаму на ўсё аддзяленне. Так, работа ў нас складаная, напружаная. Але яна прыносіць мне задавальненне.

Калі на базе райбальніцы працаваў шпіталь, Анатоль Пятровіч быў загадчыкам аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі.

— Тады наша аддзяленне было падзелена на дзве зоны: “чырвоная”, дзе праходзілі лячэнне пацыенты з пнеўманіямі, каранавіруснай інфекцыяй, і “зялёная”. Мне даводзілася працаваць у абедзвюх зонах, — гаворыць А. Гарбацэвіч. — Так, спачатку працаваць было вельмі складана. Мы ж дакладна не ведалі, што гэта за інфекцыя, як з ёй змагацца. Яшчэ да таго, як да нас прыйшла “карона”, я чытаў інфармацыю, як гэтае захворванне ахоплівае Кітай, Італію… Велізарная колькасць людзей хварэла, вялікі працэнт смяротнасці. Мяне пужала, як у нас гэта ўсё будзе праходзіць… Мы рыхтаваліся загадзя: чыталі шмат спецыялізаванай інфармацыі, вучыліся выконваць усе меры прафілактыкі. Вучыліся правільна апранацца, выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы… Вельмі складана працаваць у спецыяльных касцюмах, але ж і без іх нікуды… Памятаю, як да нас паступілі першыя пацыенты з “каронай”. Ці быў страх у нас, медыкаў? Напэўна, не.

У нас ужо была нарматыўная база, як лячыць такіх пацыентаў. У іншых жа райбальніцах шпіталі пачалі функцыянаваць значна раней, таму мы пераймалі вопыт у калег, абменьваліся інфармацыяй. Паступова мы, як кажуць, “уцягнуліся” ў працу, навучыліся аказваць кваліфікаваную дапамогу пацыентам у новых умовах. Ведаеце, я перажываў за калектыў нашага аддзялення, як яны сябе павядуць у такіх складаных, напружаных умовах. І ўсе дастойна вытрымалі гэты экзамен, усе працавалі па максімуме.

На жаль, з кожным днём зноў павялічваецца колькасць пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, пнеўманіямі. У райбальніцы працуе шпіталь на 62 койкі. Зноў у медыкаў каласальная нагрузка.

— Калі на базе нашай райбальніцы не функцыянаваў шпіталь, і здавалася, што “карона” прайшла, мы ўсё роўна не расслабляліся. Пастаянна былі гатовы аказаць дапамогу пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй, — заўважае Анатоль Пятровіч. – Зараз, на жаль, адзначаецца рост захворвання. Чаму? Магчыма, таму што людзі проста расслабіліся, забыліся пра меры прафілактыкі. Да прыкладу, я, калі іду ў магазін, банк, на пошту, выкарыстоўваю сродкі індывідуальнай аховы органаў дыхання. І настойліва раю ўсім рабіць гэта. Нават самаробныя маскі лепш, чым увогуле нічога не выкарыстоўваць! Не забываем, што маскі, па-першае, абараняюць вас ад чалавека, які ўжо хварэе і небяспечны, але пакуль і сам можа не ведаць пра гэта. А па-другое, маскі выконваюць бар’ерную функцыю: мы не дакранаемся рукамі да твару. Многія, зрэшты, упэўненыя ў тым, што маскі не вельмі эфектыўныя ў барацьбе з “каронай”, бо сцвярджаюць, што заразіцца можна, у асноўным, пры досыць блізкім кантакце з хворым чалавекам. Значыць, не трэба проста побач стаяць.

Але, пагадзіцеся, не ўсюды гэта магчыма. У магазінах, на пошце, у банку вялікія чэргі… Хто стаіць у чарзе за табой, за рэдкім выключэннем арыентуюцца на “лініі дыстанцыі”. І маска абараняе нас ад «лятаючых вірусаў». Таму яе выкарыстанне абавязковае для кожнага з нас, дзеля нашай жа бяспекі! Калі ласка, не ігнаруйце і іншыя рэкамендацыі спецыялістаў. Захоўвайце сацыяльнае дыстанцыраванне. Не забывайце і пра рэспіраторную культуру (калі кашляеце, чыхаеце, закрывайце нос і рот).

Бясспрэчна, неабходна правільна мыць і рукі, апрацоўваць іх антысептыкам. Пагадзіцеся, прафілактычныя меры захоўваць не так складана, ды і яны не патрабуюць шмат часу. А вось лячэнне ад каранавіруса можа праходзіць даволі працяглы час. Таму так важна папярэдзіць хваробу, чым яе лячыць.

У Анатоля Пятровіча напружаны графік работы, вольнага часу амаль не бывае. Але ж адпачынак неабходны.

— Люблю чытаць. Шмат чытаю спецыялізавай літаратуры. Але больш даспадобы мастацкая. Зараз аддаю перавагу аўдыякнігам. Гэта ж вельмі зручна, да прыкладу, кудысці іду — слухаю кнігу.

Анатоль Пяровіч вядзе здаровы лад жыцця. Любіць плаваць у басейне, катацца на веласіпедзе.

— Мне падабаюцца фізічныя нагрузкі. Яны дапамагаюць, як кажуць, пераключыцца. Люблю папрацаваць, калі ёсць час, і на дачы. Мне падабаецца вырошчваць кветкі, якія не патрабуюць да сябе асаблівай увагі. Сябрую я і са спортам. Выбіраюся на велапрагулкі, зімой катаюся на лыжах. А пасля дзяжурства асабліва бадзёрыць плаванне ў басейне. Таму я раю ўсім бярэзінцам весці здаровы лад жыцця і не быць абыякавымі да свайго здароўя!

Парады па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі ад загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Анатоля Гарбацэвіча:

— абавязкова насіце сродкі індывідуальнай аховы;
— мяняць маску праз 2-3 гадзіны, не чапаць яе бруднымі рукамі;
— дасканала мыць рукі на працягу 20-30 секунд;
— праветрываць памяшканне;
— весці здаровы лад жыцця.

Анатоль Гарбацэвіч: “Прафілактыка “кароны” займае няшмат часу, а лячэнне можа зацягнуцца!”: 1 комментарий

  • 18 ноября 2020 в 16:33
    Permalink

    Спасибо, доктор! Действительно, профессионал

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *