Аперацыя “Снег”. Як у Бярэзінскім раёне змагаюцца са снежнай навалай

Сёлетняя зіма па-сапраўднаму адпавядае сваёй назве: стаіць марознае надвор’е, цешаць вока пакрытыя снегам палеткі і заснежаныя вуліцы. Дзятве, вядома, гэта ў радасць. Можна ў рэшце рэшт за апошнія гады ў снежкі пагуляць, пакатацца на санках і лыжах, пайсці на каток. Але ж немалаважна, каб гурбы не сталі перашкодай для пешаходаў на тратуары, а для аўтамабілістаў на праезнай частцы. А што куды горш — не спынілі работу пэўных арганізацый і не змянілі прывычны лад жыцця людзей. І тут галоўнае — своечасова і аператыўна прыняць неабходныя меры па расчыстцы вуліц і дарог.

— Толькі на працягу аднаго тыдня ў ходзе моцных снегападаў выпала неверагодна вялікая колькасць снегу, — пачаў размову старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі. — Гурбы стаялі вышынёй каля метра. Такога моцнага снегападу даўно не памятаюць камунальнікі і работнікі дарожных службаў. Таму было прынята рашэнне стварыць штаб і арганізавана змагацца са снежнай стыхіяй.

Як належыць, першымі распачалі работу дарожныя арганізацыі, якія адказваюць і за стан дарог рэспубліканскага значэння. Вялікіх пытанняў тут не ўзнікала. Не прамаруджвалі і работнікі РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”, ДРБУ-192, сельгаспрадпрыемстваў.

— Трэба аддаць належнае старанню і ўвішнасці камунальнікаў, якія змагаліся са снегам на вуліцах горада, — падкрэслівае Віктар Валянцінавіч. – Пабліскваючы аранжавым маячком, іх снегаўборачная тэхніка працавала з раніцы да позняга вечара. Аднак адолець у адзіночку вялікі фронт работ было немагчыма. Здаралася, што машыны не маглі па сваіх тэхнічных магутнасцях управіцца са снежнай сцяной, таму былі за-дзейнічаны ўсе пагрузчыкі, трактары, бульдозеры. Не папракну ў абыякавасці і ляноце і гараджан. Не прагучала ад іх нараканняў наконт пакінутай тэхнікі ў дварах, ды і самі яны не адмовіліся памахаць рыдлёўкай на двары і каля пад’ездаў.

Куды цяжэй было пачысціць снег у сельскіх населеных пунктах, каб забяспечыць работу жывёлагадоўчых фермаў, машынных двароў, зрабіць пад’езды для аўталавак, машын хуткай дапамогі і школьных аўтобусаў.

— Тут ужо тон задавалі работнікі сельгаспрадпрыемстваў, якія не толькі аператыўна ачысцілі ад снегу свае вытворчыя аб’екты і забяс-печылі іх бесперабойную работу, але і паклапаціліся пра вяскоўцаў: пачысцілі вясковыя вуліцы і ўскрайкі нават у аддаленых населеных пунктах. А гэта было вельмі няпроста, асабліва для філіяла “АграМАЗ” і ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, чыя тэрыторыя з ліку самых вялікіх у раёне і ўключае вёскі, што знаходзяцца на мяжы раёна.

Трэба аддаць належнае аператыўнасці і зладжанасці ўсіх задзейнічаных службаў. Гавораць мясцовыя ўлады дзякуй і прадпрымальнікам, што не пашкадавалі для добрай справы ўласнай тэхнікі.

— Вядома ж, управіцца з вялікім фронтам работ немагчыма без канкрэтнага плана дзеянняў, а ён у нас быў, — падкрэслівае старшыня раённага Савета дэпутатаў. — Прадуманы да драбніц, з мэтай не ганяць дарэмна тэхніку і аператыўна вызваляць са снежнага палону вясковыя вуліцы і вёскі. За якасцю работ пільна сачылі старшыні сельвыканкамаў. Таму ўжо сёння, у чацвер, мы з гонарам гаворым, што барацьба са снежнай стыхіяй у раёне завершана. Апошнія работы вяліся ў вёсках Цярэсіна, Міластава, Журавок, Крупка, Марціянаўка. Апрача гэтага, прадуманы былі пытанні выплаты грашовых кампенсацый арганізацыям, задзейнічаным на ўборцы снегу.

Аднак дагэтуль гул снегаўборачнай тэхнікі не заціхае ў горадзе і поўным ходам працуюць работнікі ў аранжавых камізэльках.

— Камунальнікі паступова вяртаюцца да звычайнага рабочага рытму, — гаворыць Віктар Валянцінавіч. – Цяпер стаіць задача – вывезці снег з цэнтральных вуліц, затым перайсці на ўскрайкі, належным чынам пачысціць тратуары і двары. Прыняць удзел у гэтай справе можа кожны жадаючы, хто неабыякава ставіцца да парадку ў горадзе і прагне рабіць добрыя справы.

Па прагнозах сіноптыкаў снегапады яшчэ могуць працягвацца, таму працы для снегаўборачнай тэхнікі хопіць. Экзамен на вартасць у складаных умовах надвор’я яна прайшла і прагне новых выпрабаванняў. Ды і бярэзінцам яшчэ рана хаваць свае рыдлёўкі. Зіма, нягледзячы на каляндар, у самым разгары…

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены Громавай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *