АПК: шляхі ўдасканалення ААТ «Першамайскі»

Сёння слова “калектывізацыя” можна знайсці, хіба што, толькі ў падручніках. Эпоха стварэння калектыўных гаспадарак завяршылася яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, і знайсці сёння жывых яе сведак немагчыма. Чаму ў такім выпадку мы звярнуліся да гэтай тэмы?

Справа ў тым, што роўна 90 гадоў таму назад на Бярэзіншчыне наступіў самы пік працэсу стварэння калгасаў. Так, у 1930-м годзе на тэрыторыі раёна ўзнікла больш за трыццаць калектыўных гаспадарак. Адна з іх, імя М. Фрунзе, была арганізавана ў вёсцы Мікулічы. На жаль, звестак пра тое, што ўяўляў сабой тагачасны калгас і якіх поспехаў на шляху будаўніцтва сацыялізму дасягалі яго работнікі, не захавалася.
Наступныя 36 гадоў (на якія выпаў і перыяд вайны) гаспадарка не раз падвяргалася рэфармаванню: узбуйненню калгасаў, стварэнню на іх базе машынна-трактарных станцый, падзелу МТС на буйныя саўгасы, у састаў якіх у якасці аддзяленняў уваходзілі дробныя калгасы… Значную частку гэтых перамен добра памятае і сёння адзін са старэйшых ветэранаў гаспадаркі, 90-гадовы Рыгор Шагойка, які з юнацкіх гадоў працаваў на роднай зямлі і пайшоў на
заслужаны адпачынак у 1992 годзе.


Новая гісторыя для Мікуліч і іх жыхароў наступіла ў 1966 годзе, калі 1 ліпеня на базе вёскі і прылягаючых населеных пунктаў быў створаны саўгас “Першамайскі”. Першым яго дырэктарам, як сведчыць летапіс гаспадаркі, які вя-дзецца з таго перыяду, стаў Сяргей Пасько. Большую частку пасяўных плошчаў новага сельгаспрадпрыемства – 900 з 1733 гектараў – займалі зерневыя культуры, якія давалі ўраджайнасць 9 цэнтнераў з гектара, кожны са 170 гектараў бульбы даваў па 101 цэнтнеру, на плошчы 4,7 цэнтнера вырошчвалася гародніна (паказчыкі яе ўраджайнасці не захаваліся). Сярэдні ўдой на карову складаў 821 літр малака. Усяго гаспадарка налічвала 964 галавы БРЖ, з якіх 425 — складаў дойны статак. Апрацоўку глебы і ўборку ўраджаю выконвалі 16 трактароў, 11 аўтамабіляў і 4 камбайны.


Не трэба сёння скептычна ставіцца да прыведзеных паказчыкаў. Менавіта работай тагачасных спецыялістаў і рабочых, іх стараннем закладваліся сённяшнія поспехі і дасягненні, вялася мадэрнізацыя вытворчасці, племянная і агранамічная работа. Яе ў вяскоўцаў заўсёды было шмат. І на кожным этапе свайго развіцця людзі не цураліся працы, выконвалі яе годна і сумленна. Не раз “першамайцы” выходзілі пераможцамі раённага і абласнога спаборніцтваў, адзначаліся пераходнымі чырвонымі сцягамі, а асобныя члены калектыву, як, напрыклад, Мікалай Цішкевіч і Мікалай Аўсянскі, былі адзначаны ордэнамі Працоўнай Славы ІІІ ступені і Дружбы Народаў. Да ліку тых, хто ўнёс уклад у развіццё саўгаса, адносяцца і такія шаноўныя ветэраны, як Мікалай Саўкін, Аляксандр Харытановіч, Пётр Гераська, Павел Курковіч, Васіль Смычок. Не менш аўтарытэтнымі асобамі з’яўляюцца Ніна Чурынец, якая з часу стварэння гаспадаркі 25 гадоў узначальвала бухгалтарскую службу, а затым перадала пасаду галоўнага бухгалтара Ніне Красоўскай, якая зноў жа чвэрць стагоддзя працавала на давераным участку (Ніна Іванаўна, дарэчы, у «Першамайскім» з 1975 года, і сёння таксама застаецца ў страі).


Зараз у сельгаспрадпрыемстве, якое рэфармавана ў адкрытае акцыянернае таварыства і павялічыла свае памеры ў жніўні 2011 пасля далучэння большай часткі тэрыторыі былога саўгаса “Баравіно”, занята 75 асноўных працаўнікоў. І кожны з іх, па словах сённяшняга дырэктара Віктара Аўтухова, заслугоўвае толькі самых шчырых слоў падзякі за сваё старанне. Адным з першых Віктар Мікалаевіч называе прозвішча механізатара вышэйшага класа Сяргея Аўсянскага, якому падуладны і пагрузчык “Амкадор”, і корманарыхтоўчы камбайн КВК, і збожжаўборачны камбайн. Аўтарытэтна атрад
механізатараў “Першамайскага” прадстаўляюць таксама Фёдар Кушнер, Мікалай Жукоўскі, Валянцін Прыгоцкі, Аляксандр Астрэйка, бацька і сын — Віталь і Ігар Абмёткі. Ні дня не сядзіць без справы “доктар” гаспадаркі — зваршчык Аляксандр Свірыд, які не толькі ставіць “дакладныя дыягназы” тэхніцы, а і паспяхова “лечыць” яе. Незаменным спецыялістам зарэкамендавала сябе Марыя Карповіч — яна і інжынер па ахове працы, і па сумяшчальніцтве, загадчыца склада.


Не абыходзіцца без укладання часцінкі душы ў выкананне справы работа жывёлаводаў. Прыкладам для іншых тут з’яўляюцца даяркі Марыя Шасцель, Таццяна Яфрэмава, Вераніка Прыгоцкая, даглядчыкі жывёлы Мікалай Малькевіч і Сямён Волкаў, нібы матуля, клапоціцца пра маленькіх цялятак Алена Ермалінская. Набірае абароты лагаўская ферма пад кіраўніцтвам брыгадзіра Марыны Чаркашынай (даглядчыкі Мікалай Юк, Аляксей Таланкоў і інш.). Прыемна, што калектыў папаўняецца маладымі кадрамі, сярод якіх вызначаюцца галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Уладзімір Пясецкі – адказвае за паўнату засекаў гаспадаркі і паўнацэнны рацыён кармлення грамадскага статка, і галоўны ветурач Яўгенія Грышкевіч, якая нядаўна выйшла з
дэкрэтнага водпуску і актыўна ўключылася ў работу. Неўзабаве ў калектыве павінен з’явіцца і новы галоўны заатэхнік, такім чынам, тут поўнасцю вырашаць кадравае пытанне.
-Па выніках работы за апошнія пяць гадоў мы дасягнулі такіх сярэдніх вынікаў, — расказвае дырэктар ААТ “Першамайскі” Віктар Аўтухоў, які ўзначальвае калектыў сёмы год. – Ураджайнасць зерневых – 28,4 цэнтнера з гектара (яны займалі 1359 гектараў), надой малака на карову – 3884 кг (дойны статак 660 кароў, усяго 1803 галавы БРЖ), прыбаўленні ў вазе БРЖ – 551 грам. Наш парк складаецца з 20 трактароў, 6 камбайнаў і 3 аўтамабіляў МАЗ і пас-таянна абнаўляецца. Так, летась і сёлета з пачатку года набылі ў лізінг два трактары МТЗ-3522, збожжаўборачны камбайн, сеялкі — кукурузную і СПУ-6, культыватар, кормараздатчык, пагрузчык “Амкадор-332”, некаторую іншую тэхніку. Сярэдняя зарплата па выніках першага квартала 2020 года – 754,7 рубля. Ад усёй дзейнасці за мінулы год мы атрымалі 95 тысяч рублёў прыбытку. Рэнтабельнасць ад усіх відаў дзейнасці склала 3,6%, рэнтабельнасць малака — 27,3%.
— Як бачыце, — працягвае Віктар Мікалаевіч, — асноўнай крыніцай даходаў з’яўляецца малако. Штодзень мы рэалізуем яго па 8,1 тоны. Для стабільнай эканомікі гаспадаркі гэты паказчык патрэбна давесці да 10 тон і мець сярэдні надой на карову ў 5000 літраў, у атрыманні ялавічыны сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе неабходна павялічыць да 600 грамаў. Для гэтага мы пастаянна працуем са статкам, праводзім рэканструкцыю існуючых памяшканняў па ўтрыманні жывёлы і будуем новыя, дабаўляем у корм жывёле шрот, укараняем бязвыпаснае ўтрыманне, клапоцімся аб санітарным стане на фермах і выкананні тэхналагічнай дысцыпліны, закладваем удосталь сакавітых кармоў.
Пройдзены ААТ “Першамайскі” шлях сведчыць аб нязменным росце эканамічных паказчыкаў і ўменні знаходзіць новыя падыходы да вырашэння праблем і пастаўленых задач. Яны на бліжэйшую перспектыву вызначаны. А значыць, неўзабаве і будуць ажыццёўлены, бо працаваць тут умеюць і цяжкасцей не баяцца.

*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *