Як атрымаць арэнднае жыллё на Бярэзіншчыне? Адказ у матэрыяле нашага карэспандэнта

— Мне падабаецца працаваць у райбальніцы. Ды і Беразіно, утульны, невялікі, прыгожы горад, даспадобы, — заўважае малады спецыяліст Раман Гайшун. – А зараз ёсць, можна сказаць, і сваё жыллё!

Маладому спецыялісту, урачу агульнай практыкі Бярэзінскай ЦРБ Раману Гайшуну няма часу сядзець склаўшы рукі. Напружаны графік работы ў райбальніцы. А вечарам — рамонт у кватэры: зусім нядаўна Раман атрымаў арэнднае жыллё. Рыхтуецца да наваселля.
— Я не мясцовы – з Гомеля. Скончыў Гомельскі медінстытут і прыехаў па размеркаванні на Бярэзіншчыну. Пэўны час здымаў жыллё. І, ведаеце, было такой нечаканасцю, што менавіта мне прапанавалі арэндную двухпакаёвую кватэру. Шквал эмоцый!
Кватэра новая, з рамонтам. Але Раман захацеў зрабіць усё па-свойму.
— Мне хочацца стварыць утульнае жыллё, куды хацелася б вяртацца пасля напружанай працы, — дадае доктар. – Ва ўсіх пакоях пераклеіў шпалеры, у адным з іх зрабіў аддзелку ў выглядзе дэкаратыўнай кладкі… Рамонт ужо на фінішнай прамой. Засталося сабраць мэблю, прымацаваць люстры – і можна заязджаць.
Доктар так упэўнена расказвае пра рамонт, што крыху здзіўляюся, няўжо робіць усё сам:
— А чаму б і не?! Гэта ж для сябе, таму і хочацца, каб усё было, як кажуць, “з душой”. І гэта зусім не складана!
Раман крыху больш за тры гады шчыруе ўрачом агульнай практыкі ў райбальніцы. І бачна, што яму падабаецца гэтая справа. Доктара не напужалі “карона”: падчас пандэміі вёў прыём пацыентаў з тэмпературай, у складзе мабільнай брыгады выязджаў на забор мазкоў, дзяжурыў у прыёмным пакоі…
— Люблю справу, якой займаюся: мне падабаецца дапамагаць людзям. У нас дружны калектыў. Прыемна, што кіраўніцтва райбальніцы клапоціцца пра маладых спецыялістаў. Дзякуй, што падтрымліваеце нас!

Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Бярэзінскага райвыканкама Алена ЛЕШКЕВІЧ:


— У адным з новых дамоў у Беразіно двум медыцынскім работнікам, маладым спецыялістам Бярэзінскай ЦРБ – Раману Гайшуну і Валерыі Шапчыц выдзелілі арэндныя кватэры камунальнага жыллёвага фонду. Штогод да нас у раён прыязджаюць маладыя спецыялісты. Кожнаму наймальнік імкнецца дапамагчы з жыллём.
У Жыллёвым кодэксе дакладна прапісана, каму мы можам выдзеліць арэндныя кватэры ў першую чаргу. Кіраўніцтва райбальніцы падрыхтавала
хадайніцтва, дзе было ўказана, што вышэйназваныя маладыя спецыялісты атрымалі вышэйшую адукацыю за бюджэтныя сродкі, прыехалі ў наш раён па размеркаванні. Зазначана, што бальніца мае патрэбу ў такіх спецыялістах. Яны адносяцца да катэгорыі людзей, якім арэнднае жыллё прадастаўляецца ў першую чаргу. Кватэры за імі замацаваны на перыяд працоўных адносін. Адным словам, пакуль працуюць у райбальніцы. Колькі каштуе арэнднае жыллё для маладых спецыялістаў? Падлічым. Для разліку кошту прымяняецца паніжаны каэфіцыент прыблізна 0,1 % (залежыць ад складу сям’і, плошчы кватэры). Атрымліваецца, што ў цэлым за аднапакаёвую кватэру выходзіць дзесьці рублёў 8 у месяц, а без паніжаючага каэфіцыента – 80!
Таксама гэтыя маладыя спецыялісты стаяць на ўліку, як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Гэта значыць, што яны могуць выкарыстаць магчымасць дзяржаўнай падтрымкі на будоўлю жылля (пабудаваць кватэру, дом). А калі, да прыкладу, арэнднае жыллё прадастаўляецца ў парадку чаргі (калі ёсць 15 квадратных метраў на чалавека), – такія людзі ўжо здымаюцца з чаргі на паляпшэннне жыллёвых умоў.
Многія пытаюцца, ці будуць яшчэ ў Беразіно будавацца арэндныя кватэры? Вядома ж, мы хочам, каб маладыя спецыялісты замацоўваліся ў нашым раёне. А жыллё для многіх — пытанне нумар адзін. У наступным годзе пачнецца ўзвядзенне 60-кватэрнага дома па вуліцы Красіна горада Беразіно. Там
запланавана ўжо каля дваццаці арэндных кватэр. Попыт на арэнднае жыллё ёсць, таму будзем будаваць! Запрашаем маладых, адукаваных, прафесійных спецыялістаў у наш прыгожы і ўтульны раён.

Галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ Крысціна КРУК:


— Мы заўсёды імкнёмся забяспечыць маладых спецыялістаў жыллём. Прапануем пакоі ў інтэрнаце, дапамагаем з пошукам кватэр (часткова кампенсуем затраты за здым жылля), хадатайнічаем аб выдзяленні арэндных кватэр… Таму многія маладыя спецыялісты застаюцца ў нас і пасля адпрацоўкі.
Пры выдзяленні арэндных кватэр, бясспрэчна, звяртаем увагу, як спецыяліст зарэкамендаваў сябе, ці спраўляецца з абавязкамі, ці мае намер заставацца ў райбальніцы.
Дарэчы, дапамагаем з жыллём маладым спецыялістам, якія шчыруюць у райбальніцы і ў сельскіх населеных пунктах. Да прыкладу, з нецярпеннем чакаем доктара ў Багушэвіцкую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі. Для яго і жыллё падрыхтавана: там жа, на другім паверсе амбулаторыі. Пагадзіцеся, зручна, атрымліваецца, праца і жыллё ў адным месцы. Кватэра трохпакаёвая (амаль 90 квадратных метраў!): ёсць мэбля, абсталяваная кухня. Кошт? Крыху больш за 10 рублёў у месяц. А яшчэ ў нас прадугледжана надбаўка да зарплаты 40 % за працу ў сельскай мясцовасці. Адным словам, работа толькі ў радасць. Тым больш, што ўрач на вёсцы – галоўны ўрач, да яго з павагай адносяцца мясцовыя. Запрашаем маладых спецыялістаў да нас на працу!

Юлія БУКЕЛЬ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *