Артэрыі жыцця Бярэзіншчыны

Пяць гадоў таму ў краіне быў дадзены старт праграме “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе”, у склад якой уваходзіць падпраграма “Чыстая вада”. Згодна з апошняй, у рэспубліцы вядзецца будаўніцтва станцый абезжалезьвання.

Пазапляцоўкавыя сеткі і збудаванні горада Беразіно

Галоўная задача — забяспечыць кожнага жыхара краіны якаснай пітной вадой. Сёлета ў рамках рэалізацыі праграмы ў горадзе пачаў функцыянаваць сацыяльна-значны аб’ект “Пазапляцоўкавыя сеткі і збудаванні водазабеспячэння горада Беразіно”. У складзе яго — станцыя абезжалезьвання і другога пад’ёму вады, а таксама шэраг замененых водаправодных сетак па горадзе, пяць новых артсвідравін (адна — у рэзерве), каналізацыйная станцыя з напорным калектарам і два рэзервуары аб’ёмам па 1000 куб. м кожны. Магутнасць станцыі ачысткі складае 3800 куб. м вады за суткі. Дзейнасць аб’екта дазваляе забяспечыць гараджан бесперабойнай падачай вады нарматыўнай якасці нават у пікавыя нагрузкі падчас летняй спёкі. Прычым, перш чым трапіць да спажыўца, вада праходзіць не толькі ачыстку, але і абеззаражэнне праз устаноўку ўльтрафіялетавага выпрамянення.

Алена Лешкевіч

Як адзначыла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Бярэзінскага райвыканкама Алена Лешкевіч, ужо да канца бягучага года станцыя абезжалезьвання павінна з’явіцца ў аграгарадку Паплавы. І на гэтым карысная справа не завершыцца. Далейшая дзейнасць па ўзвядзенні станцый у раёне будзе ажыццяўляцца згодна з комплексам мерапрыемстваў па забеспячэнні да 2025 года спажыўцоў цэнтралізаванага водазабеспячэння пітной вадой нарматыўнай якасці, зацверджаным Мінскім аблвыканкамам. Так, да 2025 года на Бярэзіншчыне згодна з планам за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў будуць уведзены, акрамя вышэйназваных, яшчэ 18 станцый абезжалезьвання: у аграгарадках Багушэвічы (2021 г.), Брадзец (2022 г.), Лешніца (2021 г.), Мікулічы (2021 г.), Сяліба (2021 г.), Уша (2024 г.), у вёсках Усход (2023 г.), Высокая Гара (2024 г.), Глухі Ток (2022 г.), Жорнаўка (2021 г.), Капланцы (2025 г.), Казлоў Бераг (2025 г.), Мацевічы (2025 г.), Міхалёва (2024 г.), Новіны (2022 г.), Чыжаха (2025 г.), Якшыцы (2025 г.), Шавярнічы (2025 г.) і станцыя водаачысткі ў вёсцы Навасёлкі (2023 г.).

Фільтры ачысткі вады і станцыя другога пад’ёму

Будаўніцтва аб’ектаў дазволіць знізіць колькасць утрымліваемага жалеза і давесці якасць пітной вады да нарматыўных паказчыкаў.

Алена МУРАЧ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *