Падаткаабкладанне, бюджэт, справаздачу аб рабоце прэзідыума разгледзелі на чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў на чале са старшынёй Віктарам Лашкоўскім

 

З парадкам дня сесіі прысутных знаёмяць старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі і начальнік фінансавага аддзела Бярэзінскага райвыканкама Рыгор Зяневіч

  

На разгляд мясцовых дэпутатаў быў вынесены праект рашэння “Аб падаткаабкладанні”, распрацаваны ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 красавіка 2020 года № 143 “Аб падтрымцы эканомікі”. З асноўнымі пунктамі праекта рашэння прысутных пазнаёміў начальнік фінансавага аддзела Бярэзінскага райвыканкама Рыгор Зяневіч.

— На фоне існуючай эпідэміялагічнай сітуацыі прагназуюцца зніжэнне прадпрымальніцкай актыўнасці і падзенне аб’ёмаў вытворчасці. Як вынік — шэраг суб’ектаў гаспадарання нашага раёна не змогуць своечасова і ў поўнай меры разлічыцца з бюджэтам, банкамі і персаналам, — зазначыў Рыгор Васільевіч. – У сувязі з гэтым, для падтрымкі эканомікі раёна прапануецца прадаставіць Бярэзінскаму райвыканкаму права перанесці суб’ектам гаспадарання, асноўны від дзейнасці якіх уваходзіць у пералік найбольш схільных да ўплыву эпідэміялагічнай сітуацыі, да 31 снежня 2020 гады тэрмін выканання абавязацельстваў па зямельным падатку, падатку на нерухомасць, спрошчанай сістэме падаткаабкладання і арэнднай плаце за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, і іншыя падаткі, выплаціць якія неабходна з 1 красавіка па 30 верасня.

На сесіі мясцовыя дэпутаты зацвердзілі справаздачы аб выкананні раённага бюджэту і аб рабоце прэзідыума раённага Савета дэпутатаў за 2019 год

Даведка. У пералік відаў дзейнасці, найбольш схільных да ўплыву эпідэміялагічнай сітуацыі, увайшлі транспартныя паслугі, паслугі па часовым пражыванні і харчаванні, адукацыя, ахова здароўя, творчасць, спорт і адпачынак.

Праект рашэння раённага Савета дэпутатаў уключыў таксама пункты, што датычацца прымянення паніжальнага каэфіцыенту да сум падатку на нерухомасць і зямельнага падатку, якія падлягаюць выплаце ў ІІ і ІІІ кварталах 2020 года. Так, напалову прапануецца зменшыць памер зямельнага падатку і падатку на нерухомасць юрыдычным асобам, індывідуальным прадпрымальнікам, асноўны від эканамічнай дзейнасці якіх уключаны ў вышэйназваны пералік, а таксама — на 10% для арганізацый спажыўкааперацыі, размешчаных на тэрыторыі раёна.

На сесіі дэпутаты зацвердзілі справаздачы аб выкананні раённага бюджэту і аб рабоце прэзідыума раённага Савета дэпутатаў па павышэнні ролі органаў мясцовага самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва за 2019 год.

ДАВЕДКА. За перыяд дзейнасці мясцовых дэпутатаў 28 склікання (з сакавіка 2018 года) адбылося 29 сесій райсавета, на якіх разгледжаны і прыняты рашэнні па 100 пытаннях жыццядзейнасці насельніцтва і сацыяльна-эканамічным развіцці раёна.

Пры раённым Савеце створаны і працуюць пастаянныя камісіі: па прамысловасці, паслугах насельніцтву, будаўніцтве і жыллёва-камунальнай гаспадарцы (старшыня — Сяргей Шабан), па пытаннях бюджэту фінансава-крэдытнай сістэмы, эканомікі і прадпрымальніцтва (Аляксандр Болсун), па пытаннях развіцця сацыяльнай сферы, захавання законнасці і правапарадку (Вадзім Буйніцкі), па аграрных пытаннях, харчаванні, лясной гаспадарцы і экалогіі (Аляксандр Гундар).

Дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў штомесяц праводзяць прыёмы грамадзян па сваіх выбарчых акругах згодна з графікамі, а таксама ўваходзяць у склад інфармацыйна-прапагандысцкіх груп.

Формай работы дэпутатаў з насельніцтвам з’яўляюцца і сходы грамадзян. За 2019 год іх праведзена 401. Сувязным звяном паміж вяскоўцамі і сельскім Саветам з’яўляюцца старасты вёсак (усяго па сельсаветах — 91).

Алена МУРАЧ.

Фота аўтара.

 

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *