Асаблівае свята для маладой сям’і Аўтуховіч з Беразіно

У гэтым годзе Дзень маці асаблівае свята для маладой сям’і Аўтуховіч. Ганна з мужам Міхаілам чакаюць першае, жаданае, доўгачаканае дзіця.


— Ужо зусім хутка на свет з’явіцца наша дачушка, — пачынае гутарку Ганна. – Мы яе з нецярпеннем чакаем. Ужо і імя выбралі. Я яшчэ ў дзяцінстве марыла, што ў мяне будзе дачушка. Ведаеце, я зараз самая шчаслівая жанчына – у ва мне б’юцца два сэрцы!
Да цяжарнасці Ганна і Міхаіл рыхтаваліся загадзя. Вялі здаровы лад жыцця. Дзяўчына прайшла неабходныя абследаванні.
— Я медыцынскі работнік. Да дэкрэтнага водпуску працавала памочнікам урача ў Бярэзінскай ЦРБ. Таму дакладна ведаю, што цяжарнасць павінна быць запланаванай. І каб усё праходзіла нармальна, неабходна рыхтавацца, — зазначае Ганна. – Калі тэст на цяжарнасць паказаў дзве палоскі, мае эмоцыі не перадаць словамі. Адразу ж патэлефанавала мужу, каб расказаць пра нашу радасць. Ён расхваляваўся, некалькі хвілін маўчаў, а затым пачаў віншаваць, сказаў, што гэта для яго велізарнае шчасце. З гэтага часу я пачала больш пільна ставіцца да свайго здароўя. Зараз жа я адказваю не толькі за сябе, а за нас!
Я адчувала, што будзе дачушка. Нейкае своеасаблівае мацярынскае чуццё гаварыла мне аб гэтым. Рабіла тры ўльтрагукавыя даследаванні. Хваляваліся… Падчас першага, на 12 тыдні цяжарнасці, яшчэ не было бачна полу дзіцяці. На другім ультрагукавым даследаван-ні, на 20 тыдні, нам сказалі: будзе дзяўчынка. Ад такой цудоўнай навіны ўсмешка не сыходзі-ла з твару яшчэ некалькі дзён. І вось не так даўно, на 32 тыдні цяжарнасці, пацвердзілі: будзе дзяўчынка. Вага ўжо 2250 г. Я яе адчуваю. Пастаянна з мужам размаўляем з нашай дачушкай. Здаецца, што яна нас таксама адчувае і чуе. Мы вельмі яе любім і кожным дотыкам да жывоціка хочам перадаць гэту любоў.
— Я зараз імкнуся правільна, збалансавана харчавацца. Выконваю ўсе рэкамендацыі ўрачоў: спачатку наведвала жаночую кансультацыю праз кожныя два-тры тыдні (да 30 тыдня цяжарнасці), а калі знаходзішся ў дэкрэтным водпуску – амаль кожны тыдзень неабходна прыходзіць на прыём да ўрача, — дадае Ганна. — Але гэта для мяне не складана: усё ж робіцца дзеля здароўя нашай дачушкі. Шмат гуляю на свежым паветры. У мяне нават складзены спецыяльны графік прагулак. Днём – выходжу на хвілін 30-40 адна. А вечарам, калі муж вяртаецца з працы, гуляем з ім разам. Гэта карысна, у першую чаргу, для будучага дзіцяці і для нас. Таксама гляджу відэа ў інтэрнэце, як правільна дыхаць. Выконваю спецыяльныя практыкаван-ні для цяжарных: займаюся на фітболе.

Маладая сям’я не верыць у розныя прыкметы, маўляў, да нараджэння дзіцяці нельга яму нічога набываць. Таму зараз Ганна выбірае, набывае ўсё неабходнае.
— Дзесьці пасля 20 тыдня цяжарнасці набылі каляску, вельмі доўга выбіралі. Зараз столькі цікавых варыянтаў, цяжка спыніцца на адным, —
расказвае Ганна. — Вось нядаўна купілі ложак, прыгожы канверт-коўдру для выпіскі, бодзікі, “драпкі”, касцюмчыкі… Хочацца, каб усё ў нашай любімай дачуш-кі было прыгожым!
Гутару з Ганнай і яшчэ раз пераконваюся, што самая прыгожая жанчына – цяжарная. Ганна пастаянна ўсміхаецца, дзяўчына быццам свеціцца шчасцем. Яна з такой пяшчотай расказвае пра бу-дучую дачушку, бачна, што, сапраўды, з нецярпеннем яе чакае. Дзяўчына не баіцца нараджаць. Яе падтрымліваюць любімы муж, родныя, блізкія, сябры. Яна чытае шмат інфармацыі пра сам працэс нараджэння дзіцяці.
— Як мне здаецца, галоўнае падчас родаў — разумець, што ты прыйшла за доўгачаканым дзіцём. І рабіць усё магчымае і нават больш, каб нарадзіць здаровенькае немаўля. А для гэтага неабходна выконваць усе рэкамендацыі ўрачоў, — гаворыць Ганна. – Спадзяюся, што буду нараджаць у нашай роднай райбальніцы, дзе працуюць прафесіяналы сваёй справы. Вопытныя, чуллівыя, адказныя медыцынскія работнікі. Ды і дома (а райбальніца для мяне як другі дом), як кажуць, і сцены дапамагаюць. Таму я і не баюся нараджаць. Мы з мужам ужо дні лічым, калі ўбачым нашу дачушку!
Парады ад Ганны Аўтуховіч будучым матулям:
— Рыхтуйцеся да цяжарнасці.
— Памятайце, што здаровенькае дзіця нараджаецца толькі ў шчаслівай сям’і, дзе бацькі любяць адзін аднаго.
— Выконвайце ўсе рэкамендацыі ўрачоў.
— Будзьце шчаслівымі, пазітыўнымі, любіце сваё будучае дзіцятка, размаўляйце з ім!
— Настройвайце сябе толькі на пазітыў!

Юлія БУКЕЛЬ. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *