Жанчына-гераіня з Брадца. Хто яна?

Да Дня маці мы праводзілі акцыю: можна было павіншаваць праз рэдакцыйны сайт матуль са святам. І нам даслалі вось такую не зусім звычайную паштоўку: “Хачу павіншаваць са святам нашу бабулю – Марыю Мікалаеўну Корык. Яна ў нас гераіня: у яе 9 дзетак, 23 унукі, 2 цудоўныя праўнукі… Калі яе старэйшая дачка, наша матуля, памерла, бабуля ўзяла нас, 5 унукаў, пад апеку… Вялікі дзякуй нашай любімай бабулі, яна самая лепшая матуля, бабуля і прабабуля! Мы яе ўсе любім!”

— Я радуюся, што ў нас такая вялікая дружная сям’я, — зазначае Марыя Корык. – Дзеці, унукі, праўнукі – маё галоўнае багацце!

— Наша бабуля — самая лепшая, — зазначае ўнучка СняжанаПасля такой “душэўнай” паштоўкі нам таксама захацелася пазнаёміцца з Марыяй Мікалаеўнай.

Марыя Корык пражывае ва ўтульным доме ў аграгарадку Брадзец. Сустракае нас у цудоўным настроі, з усмешкай, рада такім нечаканым гасцям.

— Вельмі прыемна, што зазірнулі да нас! Я ж больш за 40 гадоў “сябрую” з раёнкай, — пачынае гутарку Марыя Мікалаеўна. – Чытаю газету ад першай да апошняй старонкі, але больш за ўсё падабаюцца матэрыялы пра шчырых, адкрытых людзей – працаўнікоў сельскай гаспадаркі.
І не дзіва, сама Марыя Мікалаеўна з Брадца. Усё жыццё адпрацавала ў мясцовым калгасе даглядчыцай цялят.

— Зараз я на пенсіі! Дарэчы, нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак некалькі гадоў яшчэ шчыравала. Ды і зараз вельмі сумую па любімай справе. – Чытаю ў “раёнцы” матэрыялы пра сельскую гаспадарку: згадваю працоўны час. Было складана. Але мы шчыравалі дружна, згуртавана, як кажуць, адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, — расказвае Марыя Корык. – Радуюся, калі “знаходжу” матэрыялы пра родны калгас, менавіта пра нашых работнікаў. Такія артыкулы збіраю ў скарбонку, захоўваю. Памятаю, калі працавала даглядчыцай, і пра мяне пісалі ў газеце.

…Марыя Мікалаеўна – мясцовая. Тут жа пазнаёмілася з будучым мужам, з якім пражыла 35 гадоў. Разам, дружна гадавалі 9 дзетак, працавалі не складаючы рук, марылі…

Пакуль жыццё не падзялілася на “да” і “пасля”… У сям’і Корык здарылася трагедыя… Адна з дачушак памерла. І Марыя Мікалаеўна, не раздумваючы ні хвіліны, узяла на выхаванне 5 унукаў.

— Я была самай старэйшай, тады мне было 18 гадоў, а самай малодшай – 6 гадоў, — расказвае ўнучка Сняжана. — Складана, жудасна, страшна, не ведалі, што нас чакае. Дзякуй бабулі, якая нас не пакінула! Мы ёй удзячныя за любоў, дабрыню, за тое, што нас выгадавала. Мы ва ўсім імкнуліся дапамагчы ёй. Усім было складана. Але бабулі – больш за ўсіх. Ды яна не паказвала гэтага, заўсёды ў добрым настроі, заўсёды ўсміхаецца. І заўсёды сцвярджае: “Усё перажывём, далей – будзе лепей!”

Сняжана зараз у дэкрэтным водпуску, пражывае разам з бабуляй. Яшчэ адна ўнучка – Крысціна — таксама ў дэкрэтным водпуску, жыве ў Лугавой Слабадзе. Унук Віталій працуе, Ілья вучыцца ў Барысаве, а самая малодшая Настасся — шасцікласніца мясцовай Брадзецкай школы.

— У нас самая лепшая бабуля, сапраўдная гераіня, — дадае яшчэ адна ўнучка Крысціна, якая і даслала нам паштоўку да Дня маці. – Здаецца, бабуля ніколі не адпачывае. Яна цэлы дзень, як пчолка. Нават зімой заўсёды знойдзе сабе занятак. Без працы – яна не можа. Рухаецца, кудысьці спяшаецца, штосьці робіць. І сваёй бадзёрасцю, энергіяй “зараджае” і нас.

— У мяне нават не было такіх думак, што я пакіну сваіх родных унукаў, — расказвае жанчына. – Ведала, што мы разам справімся. А як жа іначай?! Мы ж сям’я. Зараз лягчэй, дзеці дарослыя, унукі таксама выраслі. І я радуюся, што выхавала дастойных дзяцей і ўнукаў.

Марыя Мікалаеўна і зараз ні хвіліны не сядзіць на месцы. Яе дзень літаральна распісаны па хвілінах. Прачынаецца каля пяці гадзін раніцы.

— Наша бабуля — самая лепшая, — зазначае ўнучка Сняжана

— Трымаю гаспадарку. Зараз не такую вялікую, як раней (дзве каровы, шмат свіней, курэй…), але спраў хапае. Куры, качкі, свінні…, — расказвае гаспадыня. – Усіх, і дзяцей, і ўнукаў, прывучыла да працы на зямлі. Вучыла на ўласным прыкладзе паважаць працу селяніна: бо калі будзеш шчыраваць, будзеш і мець. Таму мы даглядаем вялікі агарод, дзе ўсе разам працуем. І, ведаеце, дзеці, унукі з задавальненнем ва ўсім дапамагаюць, іх не патрэбна прымушаць! Што галоўнае ў выхаванні? Каб выраслі добрымі, шчырымі, адкрытымі людзьмі. А самае важнае — працавітымі.

На святы, у выхадныя дні, ды і проста так, без нагоды, уся вялікая(!), дружная сям’я Корык збіраецца ў Брадцы.

— І тады дома так весела, шумна! Дом напаўняецца смехам, мітуснёй. Я радуюся, што ў мяне такая вялікая сям’я. Разам гатуем смачнасці – дранікі, беляшы, смажым шашлыкі. Разам працуем. Разам ходзім у грыбы, ягады. І гэта самае галоўнае шчасце – быць шматдзетнай матуляй, шчаслівай бабуляй і прабабуляй.

Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *