Бібліятэчнаму “Петрушке” — 35

31 сакавіка адбылося святочнае адкрыццё Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі літаратурна-забаўляльнай праграмай “Які цудоўны кніжны свет”.

Артысты лялечнага тэатра “Петрушка” са сваім кіраўніком Наталляй Хамічонак

Для дзятвы юныя акцёры лялечнага гуртка “Петрушка” і Каралева Кніга правялі віктарыны і конкурсы. Яркай кульмінацыяй мерапрыемства стала ўзнагароджанне гурткоўцаў падзякамі і падарункам ад дырэктара ДУК “Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка” Наталлі Маеўскай. Актыўных удзельнікаў мерапрыемства чакалі салодкія падарункі ад рынка “ТрыА”.

Традыцыйны тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі сёлета супаў з яшчэ адной важнай бібліятэчнай датай – вядомы не аднаму пакаленню бярэзінцаў лялечны гурток “Петрушка” святкуе 35 гадоў свайго існавання.

Гурток быў заснаваны пры Бярэзінскай дзіцячай бібліятэцы ў 1986 годзе. Першым кіраўніком была загадчыца дзіцячай бібліятэкі Лідзія Кушнер. Яе намаганнямі быў набыты камплект лялек і сумесна з юнымі прапагандыстамі кнігі былі падрыхтаваны першыя пастаноўкі па казках «Калабок» , «Курка раба», «Грыбы “, “Капрызка”.

— Ролю яго ў нашай культурнай установе цяжка пераацаніць, — гаворыць дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Маеўская. — Першае знаёмства з бібліятэкай – важны момант у выхаванні дзяцей. Таму супрацоўнікі Бярэзінскай дзіцячай бібліятэкі заўсёды з вялікай адказнасцю арганізуюць і праводзяць яго. Амаль кожны раз пасля азнаямленчых экскурсій у бібліятэцы лялечны гурток «Петрушка» прадстаўляе юным наведвальнікам кніжнага храма тэатралізаваныя карысныя парады «Як стаць сапраўдным чытачом».

— Наша задача – зрабіць першую сустрэчу з бібліятэкай для дзяцей яркай падзеяй, – гавораць члены лялечнага гуртка, – бо прыцягвае дзятву ў бібліятэку не толькі сустрэча з новай кнігай, але і творчая работа лялечнага гуртка «Петрушка». Лялькі ж вучаць, лялькі выхоўваюць, лялькі прыносяць радасць.

Больш за 20 гадоў, з 1988 па 2009 год, кіравала лялечным гуртком Святлана Шмэрка. Гэта чалавек вялікага таленту, спагады, дабрыні і цярпення. Святлана Мацвееўна здолела сабраць вакол сябе самых зацікаўленых дзяцей. У сваёй справе яна выкарыстоўвала ўласныя веды і вопыт педагога, падыходзіла да кожнага індывідуальна, улічвала інтарэсы, схільнасці і характар юных артыстаў. За гэта і карысталася павагай у чытачоў, бацькоў, юных наведвальнікаў дзіцячай бібліятэкі. Пад яе кіраўніцтвам лялечны гурток неаднаразова перамагаў у раённых і абласных конкурсах-аглядах лялечных тэатраў.

З 2009 па 2014 год тэатрам кіравала Людміла Нямірка. У гэты час ён становіцца добра вядомым сярод малодшых школьнікаў горада, якім не раз даводзілася бачыць лялечныя выступленні па п’есах: «Воўк у чырвонай шапцы», «Царэўна Несмяяна», «Як Зайка чытачом стаў», «Маша і Мядзведзь», «Непаслухмянае кацяня», «Не сячыце елкі», «Церамок на новы лад», «Гусі-лебедзі», «Зімовая казка», «Мая мама — лепшая на свеце», «Па чароўнай сцежцы ў Чытай-горад», «Падарунак матулі», «Рэпка», «Казка пра лета», «Куды ідзём мы з Пятачком».

Сёння кіруе калектывам сёмы год Наталля Хамічонак. У сваёй працы яна вялі-кую ўвагу ўдзяляе тэатральна-мастацкай дзейнасці, якая развівае ў дзяцей здольнасці да мастацкай, гульнявой, тэатральнай творчасці.

— Удзел у спектаклях робіць жыццё дзяцей эмацыянальна насычаным, напоўненым радасцю, раскрывае індывідуальныя здольнасці кожнага дзіцяці, — лічыць бібліятэкар. — Тэатральная дзейнасць дапамагае дзецям адчуць сябе ўпэўненымі, разняволенымі, вучыць выказваць свае пачуцці і думкі, суперажываць адзін аднаму.

Таму Наталля Віктараўна пастаянна здзіўляе сваіх юных артыстаў невычэрпнай энергіяй, працавітасцю. За шэсць гадоў змянілася два саставы. Апошні састаў клуба — навучэнцы СШ №3 8 «Б» класа Аліна Брэль, Ілья Кірэеў і Настасся Хамічонак.

— Сёння ў артыстаў лялечнага гуртка «Петрушка» даволі разнастайны рэпертуар, — расказвае Наталля Віктараўна, — які дазваляе зацікавіць любых чытачоў. Дзіцячую бібліятэку наведваюць школьнікі і дашкольнікі, іх гасцінна вітаюць члены лялечнага гуртка з казачнымі персанажамі, героямі ўпадабаных казак. Ярка і запамінальна праходзіць першае знаёмства з бібліятэкай і правіламі карыстання кнігай, а гэта значыць, што наперадзе ў нас новыя цікавыя сустрэчы, яркія ўражанні і эмоцыі, карпатлівая работа над новымі пастаноўкамі і тэатральныя гастролі.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Паўла САЛАЎЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *