Будаўнікі Бярэзіншчыны адзначылі прафесійнае свята

У працоўнай кніжцы прывабнай жанчыны Ірыны Ізмер толькі два запісы. Апошнія 32 гады жанчына шчыруе ў будаўнічай арганізацыі ПМК-182 загадчыкам склада.

— Мая праца прыносіць задавальненне. Іначай як бы я адпрацавала на прадпрыемстве 32 гады? – заўважае з усмешкай загадчыца склада будаўнічай арганізацыі ПМК-182 Ірына Ізмер

А яшчэ па сумяшчальніцтве — дыспетчар і запраўшчык…, адным словам, Ірына Іванаўна — “ўніверсальны работнік”. Яе паважаюць за прафесіяналізм, адказны, скрупулёзны падыход да любой справы калегі і кіраўніцтва арганізацыі. Ёсць, вядома ж, у “скарбонцы” і ўзнагароды за працоўную дзейнасць: граматы, падзячныя лісты…
— Прыходжу на працу дзесьці а палове восьмай. Неабходна выдаць пуцявыя лісты, заправіць машыны. Затым займаюся пытаннямі забеспячэння
і дастаўкі, апрацоўваю заяўкі. Ведаеце, я карыстаюся прынцыпам, што неабходна шчыраваць, выконваць свае абавязкі на выдатна. Сёння працаваць, бясспрэчна, значна лягчэй. Усё камп’ютарызавана, а раней мы, да прыкладу, нават лічылі на машынках. Затым далі на склад маленькую электрычную машынку, зараджала яе. А цяпер усе ўмовы створаны для працы. Галоўнае, не ленавацца.
— Наша арганізацыя не раз перажывала цяжкасці, — дадае жанчына. — Але, шчыра прызнаюся, мне ніколі не хацелася змяніць месца працы. Гэта ж маё, роднае. У нас дружны калектыў. Адзін аднаго ведаем. У ПМК-182 большасць работнікаў мужчыны. Але, шчыра прызнаюся, у такім калектыве працаваць лягчэй. Ёсць і тыя, з кім мы разам пачыналі: Іван Несцяровіч і Валерый Слабко. Прыходзіць і моладзь. І гэта радуе, значыць наша арганізацыя будзе
і далей развівацца.
Гутару з Ірынай Іванаўнай, адчуваецца, што яна чалавек на сваім месцы, прафесіянал. Пра работу калектыву можа расказваць бясконца. А вось пра сябе — зусім сціпла:
— Звычайная жанчына!
Аказваецца, Ірына Ізмер шчаслівая матуля і бабуля. Двое сыноў – Сяргей і Яўгеній шчыруюць у лясгасе. Старэйшай унучцы Настассі 10 гадоў, яна выдатніца. А малодшай Маргарыце – 7. Ірына Іванаўна жыве ва ўласным доме. Усе разам, дружна любяць шчыраваць на прысядзібным участку. Тут жанчына вырошчвае розную садавіну і агародніну. А яшчэ Ірына Ізмер не ўяўляе жыцця без кветак. Больш за ўсё любіць ружы і лілеі.
— Наша прафесійнае свята, Дзень будаўніка, прыпала на значную падзею ў краіне – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — заўважае Ірына Іванаўна. – На выбарчы ўчастак мы пайшлі разам з унучкай Маргарыткай. Галасавалі за далейшае працвітанне нашай краіны. Я і калегам з нагоды прафесійнага свята жадаю дабрабыту, шчасця, здароўя і мірнага неба!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *