Бярэзінцы далучыліся да адкрытага дыялогу «Беларусь: учора, сёння, заўтра»?

Больш за 100 маладых людзей Міншчыны прыняло ўдзел у адкрытым дыялогу “Беларусь: учора, сёння, заўтра”. Мерапрыемства праходзіла ў “Барысаў-Арэне”.

Адказвалі на пытанні моладзі намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шыпула, старшыня Барысаўскага райвыканкама Генадзій Дзенгалёў, першы сакратар Мінскага абласнога камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” Кірыл Шык.


Сяброўскі тон сустрэчы задаў Іван Маркевіч. Ён прапанаваў спікерам выйсці з-за сталоў і сесці бліжэй да моладзі. І гутарыць як роўныя.
— Моладзі з боку дзяржавы заўсёды надаецца сур’ёзная ўвага, — заўважыў Іван Станіслававіч. — У першую чаргу, сацыяльная палітыка — гэта працоўныя месцы, заработная плата, забеспячэнне жыллём. Будзем і далей даваць максімальную магчымасць раскрыцца нашай моладзі: запрашаць на розныя форумы, праводзіць семінары, часцей збірацца за вось такімі гутаркамі і многае іншае. Трэба ахапіць усю нашу моладзь. Калі казаць пра палітычную актыўнасць моладзі… Проста пытанне ў тым, які характар у гэтай актыўнасці. Калі яна стваральная, то гэта карысна і для самой моладзі, і ў цэлым для краіны. А калі мае разбуральны характар, то працэсы могуць мець негатыўныя наступствы.
Першы сакратар Бярэзінскага РК ГА БРСМ Кацярына Вяргейчык запыталася, ці плануецца больш задзейнічаць моладзь у вырашэнні пытанняў, пашыраць паўнамоцтвы моладзі.
— Калі казаць аб пашырэнні паўнамоцтваў, то ў 2020-м хацелі арганізаваць маладзёжны парламент і раду. Але з-за эпідэміялагічнай сітуацыі прыпынілі. Але ў хуткім часе зноў вернемся да гэтага пытання, — адзначыў Іван Станіслававіч.


Гучала пытанне і наконт бяспекі ў інтэрнэце, дзе іншы раз “гуляе” шмат інфармацыі і не заўсёды ведаеш, што з гэтага праўда, а што “фэйк” для “хайпу”. Іван Станіслававіч адзначыў, што, сапраўды, сёння без інтэрнэту — нікуды. Мы там праглядаем навіны! Але з інтэрнэт-навін іншы раз не ведаеш, што праўдзівае, а што выдумана. На жаль, у інтэрнэце бывае шмат негатыўнай неправеранай інфармацыі. Таму неабходна давяраць толькі афіцыйным інтэрнэт-сайтам. А таксама чытаць газеты, каб быць у курсе падзей.


Кірыл Шык дадаў, што важна правяраць любую інфармацыю.
— У нас маладыя людзі могуць рэалізавацца ў розных напрамках. Ёсць шмат валанцёраў. Можна знайсці справу па душы. Як сёння — можна задаць актуальныя пытаннi і пачуць кампетэнтныя адказы. Давайце вучыцца выкладаць праекты, ідэі на паперы. Фантазіруйце! Гэта складаная праца, практыкуйцеся. Прыносьце свае праекты на «100 iдэй для Беларусi». Уся рэспубліка чакае светлых iдэй, каб быць моцнай i квiтнеючай.
Усе пытаннні, што паступілі падчас адкрытага дыялогу, былі ўзяты на кантроль.
Скончылася сустрэча запальваючай вялікай маладзёжнай зарадкай «За Беларусь!» на стадыёне «Барысаў-Арэны» і выступленнем чэрлідэраў.

Цікава ведаць!

Праект “Адкрыты дыялог” рэалізуецца пад слоганам «Захоўваючы — прымнажаць!». У ім адлюстравана асноўная ідэя развіцця грамадства — шанаваць тое, што ёсць, ведаць і паважаць гераічную гісторыю краіны, беражліва адносіцца да дасягнутых вынікаў і пры гэтым канцэнтраваць намаганні на новых прарыўных ідэях і інавацыях.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота з сайта МЛЫН.BY.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *