Бярэзінцы і госці раёна далучыліся да святкавання Хрышчэння Гасподня, ці Богаяўлення

Вадохрышча – свята народнага календара, звязанае з культам вады і яе асвячэннем. Па хрысціянскай традыцыі ў гэты дзень адзначаецца хрышчэнне Іісуса Хрыста ў рацэ Іардан Іаанам Хрысціцелем.

На Хрышчэнне Гасподняе ва ўсіх праваслаўных храмах краіны здзяйсняецца чын Вялікага асвячэння вады. Ён называецца так таму, што здзяйсняецца толькі адзін раз на год — на Богаяўленне, 19 студзеня. Вадохрышчанская вада — святыня, якую павінен мець кожны вернік у сябе дома. Напярэдадні і ў само свята па яе прыходзяць у царкву праваслаўныя і католікі.

Протаіерэй Ілья Ганчарук і іерэй Васілій Васількоў здзяйсняюць вадасвятны малебен

Так, па добрай традыцыі ў вёсцы Крупа каля святых крыніц, у мінулую пятніцу, 18 студзеня, каб далучыцца да святкавання Хрышчэння Гасподня, ці Богаяўлення, сабраліся жыхары Бярэзіншчыны і госці.

Біць у званы званару Ліліі Пянкрат дапамагае Ксенія Гусакоўская, якая прыехала са сваімі роднымі з горада Барысава

Спачатку благачынны Бярэзінскай царкоўнай акругі, протаіерэй Ілья Ганчарук і настаяцель храма Прэабражэння Гасподня, іерэй Васілій Васількоў здзейснілі вадасвятны малебен. Жадаючыя маглі на месцы набыць свечкі, каб запаліць іх у час малітвы. Напрыканцы малебна Ілья Ганчарук акрапіў усіх прысутных святой вадой.

Заўсёды з асаблівым настроем сустракаюць Вадохрышча Ірына Долбіна, Святлана Варуева і іх сем’і.

Гарачай гарбатай частуе Мікалай Фёдаравіч Дзялендзік

— Для нас гэта магчымасць ачысціць душу, узмацніць веру, — гаворыць Ірына Долбіна. — Наогул, нашы сыны (у мяне Іван, у Святланы – Сяргей) служаць пры царкве ў якасці дзякаў, наведваюць нядзельную школу.

Вадохрышчанскія купанні, па словах свяшчэннаслужыцеляў, гэта традыцыя, радаснае дапаўненне, якое стварае асаблівую атмасферу. Аднак галоўнае ў час свята – гэта малітва і сустрэча з Госпадам праз прычасце, бо толькі ў яднанні з царкоўнымі таінствамі купанне ў іарданях мае сэнс.

За святой вадой да святых крыніц

У мерапрыемстве прынялі ўдзел таксама намеснік старшыні Бярэзінскага райвыканкама Уладзімір Навіцкі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі.

Акунанні былі арганізаваны і 19 студзеня на гарадскім пляжы па вуліцы Ульянава горада.

Падчас свята на гарадскім пляжы дзяжурылі выратавальнікі і хуткая дапамога

Пры акунанні важна падтрымка сяброў

Абавязкова трэба перахрысціцца тры разы

На гарадскі пляж па вуліцы Ульянава прыходзілі сем’ямі

Алена ГРОМАВА.

Фота Алены ГРОМАВАЙ і Паўла САЛАЎЁВА.

Як журналіст акуналася ў купелі, чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў раёнкі.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *