Бярэзінцы на абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі ў Чэрвені

Губернатар Аляксандр Турчын павіншаваў аграрыяў вобласці са святам «Дажынкі»
Паважаныя працаўнікі аграпрамысловага комплексу Міншчыны!
Дарагія хлебаробы!

Прыміце шчырыя віншаванні з паспяховым завяршэннем уборачнай кампаніі і вельмі важным для кожнага з нас святам — абласным фестывалем-кірмашом працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2020».

Добрасумленна працуючы ў полі і ў будні, і выхадныя, праяўляючы высокі прафесіяналізм, адказнасць і гаспадарчае стаўленне да зямлі, аграрыі Міншчыны з году ў год дасягаюць высокіх вынікаў. Вось і сёлета ў сталічным рэгіёне атрыманы багаты ўраджай збожжавых культур. Хлебны каравай склаў больш за 2 мільёны тон збожжа. Я ганаруся тым, што наша вобласць унесла дастойны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь. І кажу дзякуй кожнаму камбайнеру і вадзіцелю, аграному і інжынеру, работніку зернесушыльнага комплексу — усім тым, хто працуе на зямлі.

Хлеб даецца няпроста. Сабраны ўраджай — вынік добрай арганізацыі працы, прымянення сучасных агратэхналогій, зладжанай работы працоўных калектываў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, але самае галоўнае — гэта ўклад кожнага з вас. Прыемна, што ў гэтай адказнай справе актыўны ўдзел прымаюць моладзь, сямейныя дынастыі. А значыць, прафесія хлебароба і далей застанецца адной з самых ганаровых.

Дарагія сябры!

Я дзякую ўсім, хто прысвяціў жыццё высакароднай і нялёгкай вясковай працы. Жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту і шчасця! Няхай у вашых дамах пануюць мір, любоў і дастатак!

 Падарожжа пачынаецца: на гістарычнай хвалі

Святочны настрой у кожным кутку Чэрвеншчыны панаваў яшчэ задоўга да пачатку асноўнага дзейства. Так, дэлегацыю Бярэзінскага раёна шчыра сустракалі на Чэрвеншчыне хлебам-соллю. Музычны падарунак для суседзяў падрыхтавалі ўдзельнікі самадзейнага калектыву “Крыніцы” Рованіцкага Дома культуры.

Затым бярэзінцаў у суправаджэнні экскурсавода – мясцовай настаўніцы Ірыны — чакала займальнае падарожжа па старонках гісторыі Чэрвенскай зямлі. Праўда, спачатку існавання яна называлася Ігуменскай.

Першае пісьмовае згадванне аб Ігумене ў складзе ВКЛ датуецца 1387 годам. Таямніца ўзнікнення яго апісана ў адным з паданняў. Згодна з ім, паселішча некалі належала праваслаўнаму манастыру, заснаванаму грэцкай ігуменняй. Манастыр быў пабудаваны на месцы старажытнага язычніцкага капішча, на якім мясцовыя жыхары, нават пасля ўвядзення хрысціянства, маліліся старым багам. Ігумення спрабавала выцясніць язычніцтва — і тады ў адну з начэй манастыр праваліўся пад зямлю, а на яго месцы ўтварылася глыбокае возера з балоцістымі берагамі. Гэта возера пад назвай Дзікае і зараз існуе за некалькі кіламетраў ад Чэрвеня. Кажуць, што ў глухую поўнач там можна пачуць стогны людзей і гукі царкоўных званоў…

У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Ігумен становіцца часткай Расійскай імперыі. А ў 1795 — мястэчка атрымлівае статус горада і павятовага цэнтра для Ігуменскага павета Мінскай губерні. Уваходзіла ў склад павета і тагачаснае Беразіно. У 1796 годзе ў Ігумена з’яўляецца ўласны  герб. І толькі ў 1923 горад перайменоўваецца ў Чэрвень.

Ігуменска-Чэрвеньская зямля заўсёды славілася сваімі людзьмі. Тут нарадзіўся вядомы кампазітар Станіслаў Манюшка, пачынаў свой творчы шлях знакаміты мастак Хаім Суцін, як адзін з першых вынаходнікаў падводнай лодкі праславіўся Казімір Чарноўскі. Ганарацца чэрвенцы і сваім земляком — касманаўтам Алегам Навіцкім, які і сёння не забывае малую радзіму і часта наведваецца сюды. Дарэчы, бамбардзіроўшчык Су-24 у яго гонар устаноўлены на ўездзе ў Чэрвень. Яго мы змаглі ўбачыць падчас наладжанай для гасцей экскурсіі па горадзе.

Свята стартавала

З 11 раніцы ў цэнтры горада Чэрвеня — у скверы на плошчы Свабоды -разгарнуўся “Горад майстроў”. Тут былі прадстаўлены работы майстроў з усёй вобласці: дэкаратыўна-прыкладная творчасць, вырабы з саломы, гліны, металу і, вядома ж, дрэва…

Наш зямляк, народны майстар Беларусі Яўгеній Восіпаў наладзіў выставу лыжак з ліпы, упрыгожаных беларускім арнаментам і фігуркамі розных лясных звяроў. Цікавасць выклікалі і аўтарскія лыжкі з беларускімі прымаўкамі і прыказкамі. Так крэатыўна творца заклікаў шанаваць непаўторную і багатую спадчыну продкаў. Вернасць народным традыцыям уласным прыкладам дэманстраваў яшчэ адзін бярэзінскі майстар Мікалай Гоман. Дзякуючы яго таленту, на Бярэзіншчыне працягвае жыць старадаўняе рамяство. Якіх толькі самаплеценых кошыкаў з лазы ні знайшлі мы ў яго калекцыі! Самых розных памераў і выкананых у розных тэхніках. Для кагосьці яны сталі цудоўным падарункам, бо карысталіся папулярнасцю ў гасцей!

Узнагароджанне пераможцаў абласнога спаборніцтва

Прывітальны адрас аграрыям вобласці накіраваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Яго абвясціў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў. З прывітальным словам звярнуўся і старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын. Віталі аграрыяў Міністр сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Іван Крупко, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь Міхаіл Орда і іншыя ганаровыя госці.

Лепшыя раёны, сельскагаспадарчыя арганізацыі, працаўнікі атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

А старшыня Чэрвеньскага райвыканкама Віталь Казлоў перадаў эстафету правядзення абласных “Дажынак” кіраўніку Капыльскага раёна Сяргею Пілішчыку. Дарэчы, Капыль у будучым годзе стане цэнтрам правядзення адразу некалькіх свят. Тут жа пройдзе і Дзень беларускага пісьменства-2021.

Ушанаванне лідараў сярод хлебаробаў вобласці

Урачыстасць з нагоды ўшанавання перадавікоў абласнога спаборніцтва, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў ва ўборцы ўраджаю, прайшла на малой сцэне. Першым хлебаробаў Міншчыны павіншаваў першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Сяргей Ляўковіч:

— 2020 год увойдзе ў гісторыю Мінскай вобласці: атрымана 2 мільёны тон збожжа каласавых, збожжавых і зернебабовых культур. З васьмі мільёнаў тон у цэлым па краіне каравай Міншчыны склаў чвэрць ураджаю. Усё гэта дасягнута дзякуючы працаўнікам вёскі. А іх 57 тысяч чалавек. І ў гэты святочны дзень я хачу ўсім вяскоўцам сказаць вялікі дзякуй і пажадаць новых здзяйсненняў і перамог. Упэўнены, патэнцыял Мінскай вобласці яшчэ вышэй — і ўсе рэкорды ў нас яшчэ наперадзе.

Затым адбылася цырымонія ўзнагароджання за другія і трэція месцы сярод галоўных аграномаў, галоўных інжынераў, экіпажаў старшых камбайнераў і камбайнераў, маладзёжных экіпажаў, вадзіцеляў на адвозцы збожжа, маладых вадзіцеляў і аператараў зернесушыльных установак сельскагаспадарчых арганізацый. Ушаноўвалі і хлебаробаў са стажам, за плячыма якіх дзесяцігоддзі напружанай працы на роднай зямлі. Сярод мудрых настаўнікаў, што сёння перадаюць майстэрства і багаты вопыт маладым калегам — наш зямляк, камбайнер УП “Здравушка-агра” Уладзімір Сігаёў. Для яго ўборачная кампанія 2020 года — 32-я! Уладзімір Міхайлавіч адзначаны ў намінацыі “Камбайнер-ветэран”.

Са словамі віншаванняў звярнуўся да працаўнікоў вёскі і старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода:

— Мы, прафсаюзы, у гарачую пару ўборкі ўраджаю штодня былі разам з вамі. Мы рабілі разам з вамі самае галоўнае — стваралі добрыя ўмовы для высокапрадукцыйнай працы. І я хачу сказаць, нам гэта ўдалося. Уборка прайшла на самым, як ніколі, высокім узроўні. Аператыўна, якасна, і самае галоўнае — плённа. Па выніках уборачнай кампаніі больш за 3800 чалавек былі заахвочаны. Ёсць у нас у гэтым годзе і свае рэкорды. 1071 экіпаж збожжаўборачных камбайнаў намалаціў больш за 1000 тон збожжа, 5 з іх — больш за 4000 тон, 17 — больш за 3000 тон, 935 вадзіцеляў перавезлі больш за 1000 тон збожжа, з іх 2 — больш за 5000 тон. Такія вынікі ўпершыню. Таму хачу ад імя ўсіх прафсаюзаў Мінскай вобласці падзякаваць удзельнікам уборачнай і пажадаць ім добрага здароўя, міру ў кожную сям’ю і ў кожны дом.

Ганаровую грамату ад абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК за шматгадовую, добрасумленную працу, прафесійнае майстэрства, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур атрымаў вадзіцель ААТ “Пагосцкі” Міхаіл Салавей.

Конкурс караваяў

У скверы на плошчы Свабоды адбылася выстава караваяў і снапоў рэгіёнаў Мінскай вобласці. Побач была арганізавана тэматычная фотазона: “Дажыначная калекцыя” тэатра-дэфіле “Відана” Лешніцкага СДК.

— Калекцыя створана спецыяльна да свята дажынак. Таму на ўсіх сукенках адлюстраваны дажыначныя снапы, — падзялілася кіраўнік тэатра і аўтар калекцыі Аляксандра Грынкевіч.

Дарэчы, роспіс па тканіне акрылавымі фарбамі рабіла сама аўтар. У сярэднім на выраб аднаго касцюма спатрэбіўся тыдзень. Толькі роспіс займаў ад 4-5 дзён. Імкнулася адлюстраваць усё, што звязана з тэмай дажынак: хлеб, каласы, валошкі. Не абышлося і без элементаў беларускага арнаменту.

Менавіта на апошнім канцэнтравалі ўвагу наведвальнікаў бярэзінскія культработнікі на выставе ўбораў традыцыйнага святочнага строю Бярэзінскага раёна. Гасцям прпанавалі мадэлі мужчынскага і жаночага касцюмаў усходняй часткі Ігуменскага павета Мінскай губерні (зараз Бярэзінскі раён).

Бярэзінскі строй сярод астатніх вылучалі лаканічнасць кампазіцый, прастата геаметрычных матываў, стрыманасць каларыту, у якім асноўнае месца займаў шэраваты колер ільняной тканіны.

— Такое адзенне апраналі нашы продкі. Прадстаўленыя ўборы створаны на аснове мадэляў старадаўняга адзення. Аздоблены касцюмы вышыўкай ручной работы, над якой працавала майстар Маргарыта Хаметшына, — расказала дэрэктар раённага цэнтра рамёстваў Іна Хвашчэўская.

Над аднаўленнем бярэзінскіх традыцый працуюць і работнікі Каменнаборскай установы культуры Таццяна Талочына і Жанна Уэльская. Майстрыхі ўжо пяць гадоў у творчым тандэме ствараюць лялек. Усяго ў калекцыі каля 50 работ з улікам таго, што вырабы разыходзяцца на падарункі і на выставах карыстаюцца попытам у пакупнікоў. На мінулагодніх дажынках, да прыкладу, былі прадстаўлены лялькі ў вясельных уборах, створаных па фатаграфіях аднавяскоўцаў 40-50 гадоў. Нават тканіна лялечных убораў адпавядала тым часам. Сёлета творцы прапанавалі ўвазе гасцей свята лялек у бярэзінскім строі.

Не абышлося на свяце і без залівістага гармоніка самабытнага бярэзінскага музыкі Міхаіла Папругі, знакамітага далёка за межамі нашага раёна.

 Забавы для жыхароў і гасцей горада

На працягу дня працавала мноства самых разнастайных забаўляльных і гандлёвых пляцовак. Не пакінула раўнадушных караоке “З песняй па жыцці” ад Бярэзінскага раённага цэнтра культуры, а таксама смачныя стравы ад повараў і кулінараў Бярэзінскага філіяла Мінаблпо і Бярэзінскага лясгаса. Работнікі лясной гаспадаркі запрасілі жадаючых таксама на дэгустацыю прадукцыі ўласнай вытворчасці і наладзілі продаж саджанцаў і мёду.

Вячэрні горад, канцэрт і віншаванне касманаўта

Вечарам плошча ззяла агнямі: на вялікай сцэне выступалі вядомыя беларускія артысты: Аляксей Хлястоў, група “Беларусы”, Алёна Ланская, група “Правакацыя”, Руслан Аляхно, Аляксандр Саладуха і іншыя. Павіншаваў землякоў з выдатнай падзеяй, што дала гораду магчымасць змяніцца, стаць больш прыгожым і камфортным, у відэазвароце ўраджэнец Чэрвенскай зямлі касманаўт Алег Навіцкі. Таксама ён выказаў словы павагі тым, хто працуе ў сельскай гаспадарцы, вырошчвае хлеб. Завяршылася мерапрыемства святочным феерверкам, што расфарбаваў неба над Чэрвенем і выклікаў масу станоўчых эмоцый у дарослых і дзяцей.

 Алена МУРАЧ. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *