Бярэзінцы — на прыёме дэпутата

Занепакоенасць будучыняй роднага краю выказваў жыхар вёскі Сяліба падчас прыёму грамадзян дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь П.А. Атрошчанкам і намеснікам старшыні райвыканкама У.М. Навіцкім.

Прыём вядуць У.М. Навіцкі і П.А. Атрошчанка

Так, нераўнадушнага грамадзяніна хвалюе лёс незаселеных вясковых дамоў, што знаходзяцца ва ўласнасці мясцовага сельгаспрадпрыемства “Месціна”. Па словах вяскоўца, яны не толькі “ўпрыгожваюць” вуліцу Цэнтральную, але і ўяўляюць небяспеку для суседніх домаўладанняў. У тым ліку для яго жылля і гаспадарчых пабудоў. Таму мужчына звярнуўся з пытаннем, ці валодае гаспадарка правам на продаж незаселеных дамоў. Тым больш, што прыезджыя зацікаўлены ў набыцці падобнай маёмасці.

Каб знайсці адказ на пытанне, мы звярнуліся за каментарыем да спецыяліста ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Д.С. Цімашэўскай:

— Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 253 ад 17 чэрвеня 2011 года “Аб асобных пытаннях куплі-продажу жылых дамоў (кватэр) сельскагаспадарчых арганізацый”, сельскагаспадарчыя арганізацыі маюць права ажыццяўляць продаж заселеных і незаселеных жылых дамоў (кватэр), а таксама незавершаных закансерваваных капітальных будынкаў, узвядзенне якіх у якасці жылых памяшканняў дазволена ў адпаведнасці з заканадаўствам, але не завершана, размешчаных (якія размяшчаліся на дату пачатку будаўніцтва (рэканструкцыі), дату набыцця) у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці і гаспадарчым падпарадкаванні, аператыўным кіраванні або бязвыплатным карыстанні сельскагаспадарчых арганізацый, у тым ліку пабудаваных (рэканструяваных), набытых з дзяржаўнай падтрымкай.

Рашэнне аб продажы жылых памяшканняў прымаецца вышэйшым органам кіравання гаспадарчага таварыства. Прадаўцом жылых памяшканняў і адной з бакоў дагавора куплі-продажу з’яўляецца сельскагаспадарчая арганізацыя.

Набыць незаселеныя жылыя памяшканні ў першую чаргу могуць грамадзяне, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў у сельскагаспадарчай арганізацыі. Пры адсутнасці пакупнікоў названай катэгорыі сельгаспрадпрыемства мае права прадаць незаселеныя жылыя памяшканні на аўкцыёне з пачатковай цаной, роўнай іх ацэначнаму кошту, разлічанаму індэксным метадам.

У выпадку, калі аўкцыён не адбыўся з-за таго, што на ўдзел у ім пададзена толькі адна заява альбо для ўдзелу з’явіўся толькі адзін заяўнік, прадмет аўкцыёну прадаецца гэтаму ўдзельніку пры яго згодзе па пачатковай цане, павялічанай на 5 працэнтаў. У выпадку адмовы грамадзяніна ад набыцця жылога памяшкання па вышэйназваных умовах аўкцыён праводзіцца паўторна.

Як бачна, магчымасць набыць дом ва ўласнасць ёсць, было б толькі жаданне ў людзей уносіць асабісты ўклад у добраўпарадкаванне малых населеных пунктаў і краіны ў цэлым.

Алена МУРАЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *