Бярэзіншчына: рэгіён, развіццё, чалавек. Таццяна Канавалава — прызнаны майстар канцылярскіх спраў

Сёлетняе свята Незалежнасці Таццяна Канавалава ўпершыню адзначала ў якасці наваяўленай пенсіянеркі. Яна пайшла на заслужаны адпачынак з пасады загадчыцы канцылярыі раённага суда.

— Паверыць пакуль цяжка, бо я трыццаць чатыры гады нязменна займала гэту пасаду, — расказвае Таццяна Аляксандраўна, — і ніводнага разу не пашкадавала аб гэтым.
Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і суд пачынаецца з канцылярыі. Яе нездарма называюць своеасаблівым сэрцам, якое прапускае кожны дзень праз сябе важныя дакументы. Ад зладжанай і дакладнай работы канцылярыі залежыць многае: правільнасць і своечасовае афармленне карэспандэнцыі, улік
крымінальных, грамадзян-скіх і адміністрацыйных матэрыялаў…
— Любы дакумент, які паступае ў суд, — тлумачыць жанчына, — праходзіць першасную апрацоўку, рэ-гістрацыю, разглядаецца старшынёй і перадаецца выканаўцу. Для таго, каб гэты ланцужок-механізм працаваў зладжана і не ведаў збояў, патрэбна канцылярыя.
Гэтую навуку Таццяна Канавалава асвоіла яшчэ ў 1986 годзе, калі ўпершыню пераступіла ганак будынка суда. Тады ён быў драўляным і аднапавярховым, а ў памяшканні архіва і канцылярыі сярод стоса папер цесната была такая, што работніка не адразу заўважыш. Аднак тыя першыя працоўныя гады для яе былі самымі яркімі.
— Мне, лічы, як чалавеку і работніку пашанцавала, я спазнала ўнікальную судовую атмасферу, папрацавала з мноствам цікавых лю-дзей, суддзямі, пракурорамі, адвакатамі, — успамінае Таццяна Аляксандраўна. — На працу мяне прымаў Рыгор Кацуба. Гэта быў, на дзіва, далікатны і інтэлігентны, вопытны і адукаваны чалавек энцыклапедычных ведаў і вялікай сумленнасці, які ніводным словам і ўчынкам не запляміў гонар судовага работніка. Добрым словам успамінаю Зою Макеенкову, Тамару Самец, Валянціну Якімчык і Святлану Кісялёву. Закладзеныя імі традыцыі і сёння знаходзяць дастойны працяг, дзякуючы старшыні суда Мікалаю Каралю, суддзям Аксане Пян-крат і Дзмітрыю Каплію.
У дружным калектыве слёзы работніка ад першых уражанняў і няўдач хутка забыліся і саступілі месца іншым эмоцыям. Стос папер, справы і заявы, тэлефанаванні з пытаннямі і неабходнымі ўдакладненнямі. Заўсёды ў яе рабочым кабінеце зашмат наведвальнікаў, і кожнага з іх яна вітае з усмешкай. Гэта трохі супакойвае людзей, якіх сюды прыводзяць непрыемныя, а часам незвычайныя сітуацыі і здарэнні. Многія губляюцца і зусім не арыентуюцца ў разнастайнай юрыдычнай дакументацыі і тэрміналогіі.
— Даводзіцца нашым наведвальнікам часта адно і тое ж тлумачыць па некалькі разоў, — дзеліцца жанчына, — і старацца не дапусціць памылак, бо за кожным словам альбо знакам прыпынку стаіць лёс людзей.
Навучыцца такой выключнай уважлівасці і акуратнасці да папер аказалася куды прасцей, чым прызвычаіцца да таго, што бачыш штодня ў судзе.
— Я дагэтуль памятаю сваё першае судовае пасяджэнне, — успамінае Таццяна Аляксандраўна. – Тады судовы прыгавор выносіўся падлетку, які абвінавачваўся ў крадзяжы. Як жа моцна каля лавы падсудных галасіла яго маці! Сэрца сціскалася ад роспачы і болю. Тады і я дала поўную волю сваім эмоцыям.
За шмат гадоў загадчыца канцылярыі суда “зазнала” нямала чалавечага гора, перастала здзіўляцца многім пачуццям і навучылася не асуджаць людзей.
— Раней больш разглядалася судовых спраў па фактах згвалтаванняў і забойстваў, грабяжоў і фактаў нанясення цялесных пашкоджанняў, — разважае жанчына. — А сёння патокам ідуць судовыя пасяджэнні ў адносінах да злодзеяў. Куды цяжэй бывае прызвычаіцца да новых рэалій часу ў ходзе разгляду грамадзянскіх спраў, калі дзеці судзяцца з бацькамі, а сваякі паміж сабой. Уявіць такія жорсткія разборы вакол маёмасці яшчэ дзесяць гадоў таму было б немагчыма.

Т. Канавалава: “Камусьці падасца дзіўным маё жыццё — усяго два запісы ў працоўнай кніжцы і адзіны штамп аб шлюбе, аднак яно мне падабаецца”

Нават дзіўна, што ў такой суровай атмасферы жанчыне ўдалося захаваць жаноцкасць і спагаду да людзей. Ды і ў яе рабочым кабінеце ўсё, ад карцін да пакаёвых кветак, сведчыць аб адкрытым і шчырым характары гаспадыні.
— Ці веру я ў каханне? — перапытвае яна і смяецца. — А як жа! Вось яно, каханне, на паліцы пад назвай “Разводы”. Нашаму пакаленню гэта падаецца трагедыяй, затое маладыя да скасавання адносін ставяцца, на дзіва, спакойна.
Дарэчы, на маладых вопытная загадчыца канцылярыі суда не наракае, бо ніколі не паглядала на іх з вышыні ўзросту, а вучылася ў іх абыходжанню з новай тэхнікай і праграмамі справаводства.
— Суд, які стаў для мяне па сутнасці другім домам, я пакідаю з лёгкім сэрцам, — прызнаецца жанчына, — бо на змену прыйшлі добрасумленныя і старанныя работнікі.
Сама ж Таццяна Канавалава пачынае новае жыццё. Працягнецца яно ў доме па вуліцы Кастрычніцкай, які яе сям’і дастаўся ў спадчыну. Тут яны з мужам будуюць дачу. Да новага перыяду жанчына ўжо цалкам гатова, бо раскрыла ў сабе талент кветкавода і мяркуе далей удасканальваць майстэрства вязання пруткамі.
— Яшчэ буду гатаваць прысмакі для мужа, я ж па першай спецыяльнасці — тэхнолаг, — зазначае Таццяна Аляксандраўна. — З мужам разам амаль сорак гадоў. Разам з ім з нецярпеннем чакалі майго заслужанага адпачынку двое дзяцей і чацвёра ўнукаў. Яны — маё сапраўднае багацце і гонар. Ды і спадзяюся, што былыя калегі не забудуцца на мой новы адрас і будуць знаходзіць час, каб сабрацца ў садзе за кубачкам гарбаты і ўласна прыгатаванымі смачнасцямі.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *