Бярэзіншчына: рэгіён, развіццё, чалавек. Тысячнік Аляксандр Жукоўскі і яго сям’я

ААТ “Пагосцкі” завяршае жніво (няўбранымі на 17 жніўня заставаліся 17 гектараў). І зараз лепшыя яго камбайнеры рупяцца ў Крупскім раёне, аказваючы сяброўскую дапамогу суседзям. Гаспадарка, атрымаўшы на круг больш як па 30 цэнтнераў з гектара, паспяхова вярнулася ў лік лідараў уборачнай кампаніі. Тут атрыманы самы большы валавы намалот збожжа. Тут жа быў адкрыты лік першым тысячнікам – камбайнавым экіпажам і вадзіцелям на дастаўцы збажыны. Сёлетні ўраджайны год дазволіў “Пагосцкаму” ўславіць сябе і двухтысячнікамі. Адным з іх з’яўляецца вадзіцель велікагрузнага МАЗа Аляксандр Жукоўскі.

Менш за дзесяць год працуе ён у гаспадарцы. Але за гэты час добра ўліўся ў калектыў і стаў пастаянным лідарам уборкі. Не раз выходзіў у лік пераможцаў раённага спаборніцтва, ушаноўваўся на дажынках як малады працаўнік сельскай нівы. Сёлета Аляксандру споўнілася 32 гады і ён, набыўшы новы статус, а з ім больш багаты вопыт работы, упершыню выйшаў на запаветны двухтысячны рубеж па адвозцы збожжа ад камбайнаў.
Зразумела, што напружаная, ад світання да змяркання, праца ў час жніва патрабуе поўнай аддачы сіл і энергіі, руплівасці ў імкненні сабраць ураджай без страт і ў сціслыя тэрміны. А гэта рэальна толькі ў тым выпадку, калі ў рабочы час цябе акружаюць надзейныя сябры-паплечнікі, а дома чакае надзейны тыл. І адно, і другое ў Аляксандра ёсць. Галоўнае яго багацце, ціхая гавань – гэта сям’я, якая заўсёды падтрымлівае тату і мужа, жыве з ім агульнымі клопатамі і ганарыцца поспехамі.
З будучай жонкай Аленай Саша быў знаёмы яшчэ са школы. І толькі новая сустрэча з дзяўчынай ужо пасля службы ў арміі прымусіла па-новаму паглядзець на Алёну: бач, якой яна стала! Пажаніліся, калі абранніца Аляксандра заканчвала вучобу ў політэхнічным універсітэце, дзе яна вучылася на інжынера лясной гаспадаркі, і калі атрымлівала дыплом, была ўжо на пятым месяцы цяжарнасці. Маладога спецыяліста з радасцю прынялі ў калектыве Высакагорскага лясніцтва, дзе Алена (ужо Алена Мікалаеўна) шчыруе і сёння ў якасці памочніка ляснічага.
— Дабірацца з Лешніцы да работы звычайна дапамагае муж, — расказвае А. Жукоў-ская. – Але гэтымі днямі, у час жніва, шкадую загружаць яго сваімі праблемамі. Яму і так нагрузкі хапае. Цэлымі днямі на полі, і толькі позна вечарам вяртаецца дамоў, каб крыху адпачыць і назаўтра ізноў вазіць збажыну. Ма-лодшы сынок Андрэй так і не паспявае ўбачыць бацьку ўвечары: яшчэ да яго вяртання засынае ў яго ложку. А вось з Палінай мы абавязкова сустракаем тату. Праўда, калі ёй 28 ліпеня было восем гадкоў і мы па традыцыі рабілі сямейнае свята, Аляксандр так і не змог пабыць разам з намі, бо вярнуўся з дзяжурства на збожжатоку толькі а палове чацвёртай раніцы.
У сям’і Аляксандра прывыклі да такога яго рэжыму работы. Тым больш, што з году ў год ён паўтараецца.

Дачакацца тату з работы ўсёй сям’ёй удаецца далёка не кожны раз

Ды і ў іншы час галава сям’і рэдка калі прыходзіць дамоў своечасова: вялікі МАЗ, якім кіруе мужчына, заўсёды запатрабаваны для дастаўкі грузаў і толькі зрэдку стаіць на прафілактыцы, як гэта было і напярэдадні жніва, калі вадзіцель даводзіў аўтамабіль да ладу, каб той без паломак працаваў у гарачую пару.
— Карціна, калі муж ляжыць на канапе перад тэлевізарам, у нас такая рэдкая, што я нават не магу сказаць, калі апошнім разам бачыла яе, – расказвае Алена. — З пачаткам вясны ў нас пачынаюцца агародніцкія клопаты (Саша дапамагае ўправіцца і сваім сваякам). А тут яшчэ сёлета пачалі будоўлю. Робім хляўчук для жывёлы на дзедавым участку. Муж сам складае зруб, засталося толькі два вянцы пакласці. Нават прыдумаў спецыяльнае прыстасаванне для трактарчыка, каб частку работ механізаваць. У інтэрнэце цікавіўся, што і як рабіць, адзін заліваў падмурак. Набывае веды перад тым, як пачаць затым будаваць дом. Ды і я, хоць зараз і не вялікая памочніца, таксама заўсёды побач.
Побач знаходзіцца і Жанна Пятроўна, Аленіна маці. На яе як клапатлівую бабулю ўскладзена адказнасць за выхаванне падрастаючага пакалення. Жанчына, праўда, яшчэ працуе даглядчыцай жывёлы на Навасёлкаўскай ферме, якой аддала больш за 30 гадоў, але хапае ў яе часу і на ўнукаў. А за імі, асабліва Андрэем, які налета пойдзе ў першы клас, заўсёды патрэбна клапатлівае вока. Паліна ўжо гатова да школы. Самы любімы яе прадмет – матэматыка. Дзяўчынка не па ўзросце кемлівая і гаспадарлівая. Заўсёды перажывае за тату, які для яе з’яўляецца галоўным аўтарытэтам.
— Які Саша па характары? – усміхаецца А. Жукоўская. – Сціплы, адкрыты. Для мяне – любімы і надзейны чалавек, для дзяцей – прыклад і ўзор, як гаспадар – майстар “залатыя рукі”. Ён – наша апора. Таму і мы імкнёмся ва ўсім падтрымліваць яго.
Сёлетняе жніво А. Жукоўскі правёў на выдатна, атрымаўшы тытул двухтысячніка. Ці будзе такім жа паспяховым і жніво 2021-га, пакажа час. Зразумела, што і на ім Аляксандр будзе ў ліку лідараў. А наконт звання… Яно ў яго абавязкова з’явіцца, незалежна ад вынікаў жніва, яшчэ задоўга да яго пачатку. А званне, якое ён атрымае ў лютым, не менш важнае і ганаровае – мнагадзетнага бацькі, калі ў сям’і з’явіцца трэцяе дзіцятка.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

У тэму

Па інфармацыі райсельгасхарчу, па стане на 17 жніўня 2020 года ў гаспадарках раёна было ўбрана 15940 гектараў каласавых, што складае 96% пасеянага. На гэтую дату чатыры сельгаспрадпрыемствы завяршылі ўборку: філіял “Ома”, а таксама ААТ “Багушэвічы”, “Брадзец” і “Першамайскі”.
На круг у раёне атрымана па 29 цэнтнераў з гектара. Найвышэйшай ураджайнасці ў 38,3 цэнтнера на гэтую дату дасягнулі сельгасфіліялы “Ома” і “Арэшкавічы”. Усяго больш як па 30 цэнтнераў збожжа атрымалі з гектара 6 гаспадарак – роўна палова з існуючых у раёне. Завяршаюць зводку ААТ “Уша”, “Бярэзінскі” і “Першамайскі”, дзе ўраджайнасць склала адпаведна 17,9, 20,9 і 24,8 цэнтнера з гектара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *